Дайце Пінігіну дагаварыць

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася доўгачаканая прэм’ера спектаклю «Пан Тадэвуш» у пастаноўцы Мікалая Пінігіна паводле паэмы Адама Міцкевіча ў перакладзе Язэпа Семяжона і сцэнічнай адаптацыі Сяргея Кавалёва.



pan_tadeush.jpg

Прэм’ера выклікала прадказальны ажыятаж як у гледачоў, так і ў крытыкаў, стаўшы ці не самай яскравай культурнай падзеяй сезону. Вашай увазе — яшчэ адно бачанне спектаклю, які (не) атрымаўся.

Золата Нёмана


Нямецкі кампазітар Рыхард Вагнер больш за 20 гадоў ствараў оперную тэтралогію “Пярсцёнак Нібелунгаў”. У чатырох эпічных операх — “Золата Рэйна”, “Валькірыі”, “Зігфрыд” і “Пагібель багоў” — кампазітар здолеў сфармуляваць актуальныя маральныя праблемы свайго часу, уклаўшы іх у вусны пракаветных міфічных герояў. Вагнер скептычна меркаваў, што сучаснікі не ацэняць яго твораў належным чынам, але ўсё склалася з дакладнасцю наадварот. У другой палове ХІХ стагоддзя немцы адчувалі вострую патрэбу ў агульнай нацыянальнай ідэі, якую нечакана далі ім вагнераўскія рамантычныя оперы. Можна смела сцвярджаць, што немцаў тады аб’ядналі дзьве рэчы: палітыка Бісмарка і музыка Вагнера.

Пасля прэм’еры “Пана Тадэвуша” стала канчаткова зразумела: у справе фармулявання беларускай нацыянальнай ідэі рэжысёр Мікалай Пінігін мае амбіцыі, супастаўныя з вагнераўскімі.


Прынамсі, чыста статыстычна яго спектаклі, якія кажуць беларусам пра беларусаў, самі сабой складаюцца ў своеасаблівую тэтралогію. Пастаноўкі “Тутэйшых” (1990), “Сымона-музыкі” (2005) і “Пінскай шляхты” (2008) даўно сталі культавымі і ўспрымаюцца гледачом як самадастаткоая культурная з’ява, ужо толькі апасродкавана звязаная з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам. Менавіта таму асвечаная грамадскасць з захапленнем успрыняла навіну, што чацьвёртым у гэтай плеядзе нятхняльнікаў Пінігіна стане сам Адам Міцкевіч. Ужо той факт, што кастынг на беларускага Зігфрыда прайшоў ніхто іншы, як пан Тадэвуш, выклікаў прыліў энтузіязму.

Відаць, прычына ўсеагульнага ўздыму была яшчэ і ў тым, што гісторыя абноўленай беларускай культуры (з другой паловы ХІХ стагоддзя да нашых дзён) — гэта няспынная гісторыя асэнсавання беларусамі слыннай паэмы як сваёй.


Упершыню выдадзеную ў 1834 годзе ў Парыжы, яе ўжо ў 1859 годзе пераклаў на беларускую мову той жа Дунін-Марцінкевіч. У ХХ стагоддзі з’явілася тры “Паны Тадэвушы” па-беларуску: пяра Браніслава Тарашкевіча (1932), Пятра Бітэля (1955) і Язэпа Семяжона (1985). Ёсць сур’езныя падазрэнні, што ў гісторыі айчыннага перакладу гэта — рэкорд.

Дзеянне паэмы разгортваецца на Гродзеншчыне, недзе пад Наваградкам, а ў арыгінальным тэксце столькі беларусізмаў, што польскія школьнікі вымушаныя зазіраць у слоўнік... Як жа тут не пець, як жа не дудзець пра ісцінную нацпрыналежнасць Адама Мікалаевіча?


Але горкая праўда ў тым, што шырокаму беларускаму чытачу паэма малавядомая: беларускасць “Пана Тадэвуша” — інтэлігенцкая канцэпцыя. Экспансію якой у масы і абвесціў Мікалай Пінігін.
Нядзіва, што тэатралы з трымценнем чакалі увесь гэты “апошні наезд” на падмостках Купалаўскага. Магчыма, спрацаваў эфект зацягнутага чакання, але пабачанае хутчэй расчаравала.

Мухаляпка ХІХ стагоддзя


Можна бясконца наракаць на несцэнічнасць “Пана Тадэвуша” — не ў ёй праблема, бо ў сучасным тэатры можна арганічна паставіць усё, што заўгодна. Пытанне толькі ў тым, як далёка гатовы зайсці рэжысёр.
Дзіўна, але ў справе “Пана Тадэвуша” зайсці надта далёка Пінігін гатовы не быў. Магчыма, яго спыніў піетэт да тэксту — галоўны герой новага спектаклю, безумоўна, ён — сакавіты тэкст паэмы, які, сцяўшы сэрца, скарацілі з 400 старонак да 60-ці. З аднаго боку — заслухаешся, з іншага закрадаецца крамольная думка, што больш радыкальная трактоўка літаратурнай асновы пайшла б толькі на карысць драматычнаму складніку праекта.
Бо ў выніку механічнага скарачэння ад першакрыніцы ў спектаклі застаўся голы сюжэт, пададзены ў форме бясконцых, статычных дыялогаў. Гэта выглядае сумнеўным творчым рашэннем, паколькі магутнасць паэмы — далёка не ў сюжэце.

pan_tadeush_2.jpg


“Пан Тадэвуш” — этнаграфія, кепска замаскаваная пад гістарычны экшн. “Энцыклапедыя шляхецкага побыту” — азначэнне зацёртае, але дакладнае. Шматслоўнае ўсхваленне сармацкай культуры, падрабязныя апісанні беларускай прыроды, а таксама моды, звычаяў, кухні і забаваў літвінскай шляхты — вось што захапляла ў “Пане Тадэвушы” сучаснікаў Міцкевіча. Пазбаўце “Пана Тадэвуша” яго багатага дэкору — і ад твору нічога не застанеццца.


Сцэнаграфія купалаўскай пастаноўкі (мастак — Зіновій Марголін) выразна кантрастуе з антуражам паэмы. Невядома, чаго болей у гэткім візуальным рашэнні — еўрапейскай стрыманасці ці беларускай стэрыльнасці. Спектакль атрымаўся вытанчаным, густоўным і падкрэслена пазбаўленым кічу, якім, на жаль, часта грашаць беларускія падмосткі. Гравюра Напалеона Орды, што ажыла — вось эстэтычны лейтматыў дзейства.

pan_tadeush_1.jpg


Але ж “Пан Тадэвуш” і ёсць мілы сармацкі кіч, які лагодна, з пяшчотай высмейвае аўтар. У паэме няма пафасу — у спектаклі ён з’явіўся.


Мінімалістычныя мізансцэны з шыкам і веданнем справы падтрыманыя адным, але яскравым элементам рэквізіту. То Адам Міцкевіч (Павел Харланчук) здзірае з сябе бронзавую маску класіка і пераносіцца ў шчаслівае юнацтва, ператвараючыся ў маладога Тадэвуша. То Зося (Крысціна Казак), дэманструючы сваю прасцецкасць і нявыхаванасць, лупіць па сцэне гумовай (???) мухаляпкай. То Тэлімена (Юлія Шпілеўская) праяўляе вытанчанасць пецярбургскіх салонаў, робячы балетны экзэрсіс каля станка. То Граф (Раман Падаляка) перад двубоем вастрыць шаблю на тачыльным коле. Польскі акцэнт беларускай мовы, які старанна стылізуе Падаляка, таксама ўваходзіць у шэраг нешматлікіх, але яскравых дэталяў, якія адцяняюць дзеянне.
Але ў астатнім за выняткам некалькіх эпізодаў, пастаноўка трымаецца рэалістычнай канвенцыі — таму гэтая падкрэсленая схематычнасць выклікае пэўныя пытанні. Відэашэраг, складзены з эпізодаў экранізацыі Анджэя Вайды, прагнаных праз чорна-белыя фільтры, толькі падкрэслівае: на сцэне чагосці бракуе.

Дальбог, рэалізм як метад вымагае значна больш рэсурсаў — больш фінансаў, больш дэталяў, больш рэпетыцый, большай адданасці актораў. Магчыма, ён нават вымагае наўпрост экранізацыі, а не тэатральнага дзеяння. У той жа час залішніх гульні, іроніі, гратэску ды іншага постмадэрнізму рэжысёр забаяўся.


Відаць, таму, што бачыў асноўнай мэтай новага спектаклю асветніцкую. У Беларусі ж паўсюль, дзе мяркуецца кантакт з так званым простым гледачом (слухачом, чытачом і г.д.), на любы пафас, апроч гераічнага, — негалосная забарона. Такое ўжо здаралася ва ўсходнеславянскай культуры — у дапятроўскай Русі, дзе люта пераследавалі скамарохаў, адзінай формай тэатру былі маралізатарскія містэрыі на білейскія сюжэты, якія ставіліся пры царскім двары. У некаторых сваіх самых зацягнутых момантах новы “Пан Тадэвуш” нагадваў менавіта такую хрысціянскую містэрыю.

Чужая пастараль


Рыхтуючыся да пастаноўкі, купалаўцы шматкроць дэкларавалі, што маюць на мэце падкрэсліць: Адам Міцкевіч — таксама і наш класік. На жаль, гэтую місію трупа хутчэй праваліла.

Пасля купалаўскага “Пана Тадэвуша” задаешся пытаннем: а ці такі ўжо ён наш — гэты Адам Міцкевіч?


Асноўная загваздка, магчыма, у тым, што “Пан Тадэвуш” — твор занадта адназначны, каб быць беларускім. Гэта месцамі смешная, месцамі сумная — але пераважна дабрадушная казка, якую Міцкевіч напісаў пра сваё дзяцінства і юнацтва na Litwie. У пэўным веку (у выпадку Міцкевіча — пасля трыццаці) кожны чалавек схільны ідэалізаваць уласную мінуўшчыну. І пагатоў — у эміграцыі, пагатоў, калі мясціны і абставіны тваёй маладосці знікаюць з твару зямлі, прычым амаль беспаваротна.
“Пан Тадэвуш” – праніклівы гімн страчанай Літве, канцэнтраваная настальгія. Адам Міцкевіч і Мікалай Пінігін як творцы супадаюць у тым, што абодва горача любяць сваю радзіму. Але на гэтым, бадай, усе супадзенні заканчваюцца.

Бо быць творцам, значным для сённяшніх беларусаў, — гэта апераваць як мінімум падвойным кодам. Беларуская штодзённасць, мары, памкненні — урэшце, дух народа ніколі не ўкладваліся ў адназначныя схемы. Беларус — гэта па азначэнні супярэчліва. І найяскравей гэта прадэманстравала тэма вайны 1812 года ў інтэрпрэтацыі Мікалая Пінігіна.


Для шляхты часоў Адама Міцкевіча, як і для сучасных палякаў, паход Напалеона на Маскву — безумоўна вызвольны чын, які меў на мэце вярнуць незалежнасць былой Рэчы Паспалітай. Магчыма, таму ў пастаральнай паэме Міцкевіча няма ані згадкі пра самі вайсковыя дзеі: мы чытаем пра трыюмфальнае шэсце польскіх уланаў на ўсход, пра банкет у старасвецкім стылі ў гонар генерала Дамброўскага, які даюць у Сапліцове, пра заручыны бравых напалеонаўскіх афіцэраў Тадэвуша і Графа з прыўкраснымі паненкамі.
Мікалай Пінігін разбурае гэтую ідылію, ствараючы ці не самыя моцныя інтэрлюдыі ў гісторыі беларускага тэатру. Ён навязліва нагадвае недасведчаным пра тое, што падчас напалеонаўскіх войнаў беларусы дэ факта біліся з беларусамі.

pan_tadeush_4.jpg


І калі сцэна выпраўкі маладых сялян у царскае войска — пад бабскі хор, які з возу гарлае рэкруцкую песню – кранае за жывое і не адпускае нават праз некалькі дзён пасля спектаклю, то сцэна, дзе абпаленыя харугвы польскай шляхты стаюцца насілкамі для пацярпелых падчас сумнавядомага фарсіравання Беразіны, выклікае хутчэй скептычную ўмешку, заадно даючы паранаідальнаму беларускаму бамонду падставы пляткарыць пра “руку Масквы”, якая нібы кіравала паліткарэктным рэжысёрам.

Вось і выходзіць, што сэрца не падманеш. Бязмоўныя пінігінскія рэкруты ў выкананні студэнтаў Акадэміі мастацтваў прабіваюць на нічым невытлумачальныя слёзы, а шляхта, таленавіта ўвасобленая найлепшымі акторамі краіны, заганяе ў сон добра пастаўленымі дыялогамі пра веліч радзімы.


Баюся, праўда ў тым, што аўтэнтычны “Пан Тадэвуш” не адлюстроўвае той нацыянальнай драмы, якую паспрабаваў пабачыць між радкоў Мікалай Пінігін.

Альтэрнатыўная ідэалогія


Дарэчы, пра нацыянальную драму. Больш за ўсё паводле сваёй драматургіі купалаўская прэм’ера нагадвае урачысты парад на Дзень Волі, якім бы ён мусіў выглядаць, калі б апошнія 20 гадоў гісторыі Беларусі склаліся іначай.
Раскошныя касцюмы (мастак — Алена Ігруша), схематычнасць дзеяння, статычныя, але эфектныя позы — персанажы праходзяць перад намі каляровым шляхетным парадам, захапляльным гістарычным карнавалам. Тое ж, што ўсё гэта адбываецца ў, лічы камерных умовах тэатру — няхай і вядучага ў краіне, але ўсё-ткі адрэзанага ад масавых каналаў працы з гледачом — лішні раз нагадвае пра гета, у якое загнанае актуальнае беларускае мастацтва.

pan_tadeush_3.jpg


І трывожны сігнал тут не тое, што пасля прагляду спектакля міністрам культуры са сцэны прыбралі адзін з элементаў рэквізіту — харугву з гербам “Пагоня”. А тое, што наяўнасць гэтай харугвы на сцэне была стрыжнем усёй задумы, без якога спектакль канчаткова разваліўся. Вось і атрымалася, што ані эстэтаў, ані патрыётаў новая пастаноўка да канца не задаволіла.


Аднак, нягледзячы на шматлікія прэтэнзіі да дэталяў, у цэлым прэм’ерны “Пан Тадэвуш” лішні раз падкрэсліў: Мікалай Пінігін сёння — больш чым рэжысёр. Гэта стратэг і ідэолаг нацыянальнай культуры, якой яе бачыць асвечаная частка беларускага грамадства. Інтэлектуал, якому ёсць што сказаць і якога — што і як ён не гаварыў бы — цікава слухаць.

Як яшчэ можна папулярызаваць сярод беларусаў паэму “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча?


— агучыць па-беларуску фільм Анджэя Вайды1999 году;
— перавыдаць ранейшыя беларускія пераклады ў даступных выданнях;
— зрабіць новую версію паэмы па-беларуску — як паказвае практыка, перакладаў ніколі не бывае замнога.


Якія яшчэ творы можна параіць Купалаўскаму тэатру дзеля рэбрэндынгу беларускай культуры?


— “Лабірынты” Вацлава Ластоўскага — нацыянальны хорар;
— “Міколка-паравоз” Міхася Лынькова — нацыянальны экшан;
— “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя — нацыянальны сітком;
— “Народны альбом” Лявона Вольскага і Міхала Анемпадыстава — нацыянальны мьюзікл.