«Бяспечная вайна». Летапіс цяперашняга жыцця Украіны на выставе ў Кіеве (фота)
Ці ёсць месца мастацтву падчас вайны — паказваем на прыкладзе выставы ўкраінскай мастачкі Жаны Кадыравай.
Яшчэ зусім нядаўна Кіеў быў адным з папулярных напрамкаў для вандровак. Адпаведна многія беларусы ўносілі ў свой культурніцка-музейны спіс і наведванне галерэі PinchukArtCentre — аднаго з найбольшых цэнтраў сучаснага мастацтва Усходняй Еўропы. Галерэя працягвае дзейнічаць і сёння. Прапануем вам прайсціся па залах з экспазіцыяй украінскай мастачкі Жаны Кадыравай — летапісу цяперашняга жыцця Украіны.
Экспазіцыя пачынаецца з «двух гарызонтаў». Першы — праца 2009 года са звычайнай пабітай кафлі, — адлюстраванне постсавецкай, але незалежнай, жоўта-блакітнай Украіны. Другі гарызонт — экспазіцыя «За плотам» 2014 года — калекцыя ракушак, углядаючыся ў якія, можна пабачыць фотаздымкі з касы Біручы – вострава, што непадалёк ад узбярэжжа Крыма.
Праца "За плотам"
Праца «Бяспечная вайна» — крытыка стаўлення Захаду да Украіны. Знойдзеныя кавалкі металу з дзіркамі ад куль і шрапнелі мастачка ператварыла ў прыемныя і звычныя воку заходняга гледача формы, даючы магчымасць пабачыць кавалак вайны, ператвораны для змякчэння ўражання ў твор мастацтва.
Варта дадаць, што сёння такія дзіры можна пабачыць у платах, дарожных знаках, сценах будынкаў па ўсёй тэрыторыі, якую закранулі ваенныя дзеянні, у тым ліку і на Кіеўшчыне.
Наступная праца «Расейская ракета», што набыла вялікую папулярнасць у сацсетках, значна больш дынамічная, і ў той жа час максімальна простая: мастачка пакідала налепкі з выявай расейскай ракеты на шкле грамадскага транспарту розных краін Еўропы, нагадваючы аб небяспецы ў месцах, якія яна наведвае.
Праца Data Extraction (Вылучэнне даных) здалёк паходзіць на серыю карцін ці фотаздымкаў, але не: гэта сапраўдныя кавалкі асфальтавага палатна, ашчадна выразаныя з дарог па ўсёй краіне. Падобную тэхніку мастачка выкарыстоўвала яшчэ з 2011 года, але тады асфальтавыя квадраты з розных рэгіёнаў увасаблялі прыкметы карупцыі, цяпер жа — наступствы ваенных дзеянняў.
Найбольш маштабная і фінальная праца кампазіцыі прысвечана сітуацыі, якую Кадырава сама перажывала ў пачатку расейскага ўварвання, зразумеўшы, што цяпер не бачыць аніякае каштоўнасці ў мастацтве. Мастачка два тыдні хавалася ў падвале ўласнага дома ад ракетных удараў і дыверсійных груп, урэшце вырашыла эвакуявацца на захад краіны ў карпацкае сяло Бярэзава, дзе перарабіла маленькую хатку ў майстэрню, а пасля ў своеасаблівы мясцовы палац культуры. У ім праводзіла і кінапаказы, і выставы.
Пазней з гэтага досведу нарадзілася ідэя новага помніка, створанага са знойдзенай у Херсонскай вобласці канструкцыі, зрашэчанай кулямі падчас баявых дзеянняў. Усярэдзіне гэтага аб’екту аўтарка паставіла вышуканы кандэлябр з палацу культуры ў Бярыславі, паўночнаўкраінскім горадзе, што быў пад расейскай акупацыяй практычна да канца 2022 года.
Таксама ў Карпатах нарадзіўся і праект «Паляныця». Увогуле «Паляныця» — гэта пшанічны, вялікага памеру круглы хлеб, прыгатаваны ў пячы. На пачатку ж расейскага ўварвання гэтае слова стала своеасаблівым паролем для вызначэння свой-чужы: расейцы папросту не здатныя правільна вымавіць яго.
Створаныя з рачнога камення буханкі хлеба пабывалі на выставах у многіх краінах Еўропы, частку калекцыі Кадырава прадавала на аўкцыёнах, збіраючы грошы на УСУ, адпаведна дэманструючы, што і мастацкае выяўленне можа набліжаць перамогу.