Беларусь — краіна страчанай спадчыны. У тым ліку яўрэйскай

За сваю гісторыю наша краіна страціла сотні выбітных талентаў, якія загінулі ад рук прыхадняў. А яшчэ — нямала прыгожых і адметных будынкаў, культурных аб'ектаў, якія і сёння маглі б упрыгожваць нашу зямлю. Адны з іх — яўрэйскія сінагогі — віртуальна рэканструюць адмыслоўцы.

Разбураная сінагога ў Воўпе. Фота: drevox.com

Разбураная сінагога ў Воўпе. Фота: drevox.com

Драўляная сінагога ў мястэчку Воўпа ў Гродзенскай вобласці Беларусі лічылася адной з самых прыгожых у Еўропе. Яе пабудавалі ў першай палове 18 стагоддзя. Будынак быў упрыгожаны мноствам разьбяных дэталяў, а шматкупальная канструкцыя даху стварала ўражанне, што столь «лунае» ў паветры. Падчас Другой сусветнай вайны сінагога была цалкам знішчана нацыстамі.

Сёння яе зноў можна ўбачыць у першапачатковым абліччы — Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны стварыў VR-версію вялікай Воўпаўскай сінагогі, якая цяпер даступная і ў Meta Store. Гэта адна з чатырох сінагог Беларусі, якія плануюць адрадзіць у віртуальнай рэальнасці, піша «Deutsche Welle»

«Беларусь можна назваць зямлёй штэтлаў»

Адна з мэт Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны — стварэнне ў Беларусі яўрэйскага музея. Асноўнай часткай экспазіцыі павінен стаць мультымедыйны праект «Belarus Shtetl».

«Беларусь у мінулым можна назваць зямлёй штэтлаў — невялікіх гарадоў з пераважна яўрэйскім насельніцтвам. Гэтыя гарады, або мястэчкі, былі яркімі цэнтрамі эканамічнага, духоўнага і грамадскага жыцця», — адзначаюць аўтары праекта. Штэтлы з'яўляліся «прыкладам суседства розных этнасаў, рэлігій і моў».


Глядзіце таксама

Цэнтрамі штэтлаў былі сінагогі. У Беларусі большасць з іх былі альбо цалкам знішчаныя нацыстамі ці савецкай уладай, альбо знаходзяцца ў паўразбураным і закінутым стане. Сёння ёсць магчымасць іх адрадзіць, хай пакуль і ў віртуальнай рэальнасці. «Belarus Shtetl» прадугледжвае дэталёвую рэканструкцыю чатырох значных сінагог, якія адлюстроўваюць розныя гістарычныя перыяды і «дэманструюць архітэктурнае багацце і разнастайнасць беларускіх штэтлаў».

Пілотны праект — рэканструкцыя сінагогі ў Слоніме

У сакавіку 2021 года цэнтр прадставіў пілотны праект — VR-рэканструкцыю вялікай харальнай сінагогі ў Слоніме. Праект быў рэалізаваны пры падтрымцы МЗС Германіі і Гётэ-Інстытута ў Беларусі.

Слонімская сінагога, збудаваная ў 1642 годзе, перажыла Другую сусветную вайну, у пасляваенныя гады ў ёй размяшчаўся склад мэблевай крамы.

Цяпер барочны будынак пустуе і прыходзіць у заняпад. У лютым 2024 года мясцовыя ўлады прадалі сінагогу на таргах за 42 рублі (блізу 11,5 еўра) маскоўскаму бізнэсоўцу Дзянісу Дудараву. Ці пачатыя там нейкія аднаўленчыя работы, пакуль невядома.


Глядзіце таксама

«Сінагога ў Слоніме вельмі значная для Усходняй Еўропы. Гэта адзін з прыкладаў барочных сінагог з шыкоўным інтэр'ерам і роспісамі», — звяртаюць увагу аўтары праекта віртуальнай рэканструкцыі. Будынак унесены ў спіс значных аб'ектаў сусветнай яўрэйскай спадчыны, якія маюць патрэбу ў рэстаўрацыі. VR-рэканструкцыя будынка, паводле слоў суразмоўцаў DW, па сутнасці, з'яўляецца сёння адзіна магчымай формай працы са знікаючай спадчынай і можа дапамагчы ў фізічнай рэстаўрацыі сінагогі, калі яна здарыцца ў будучыні.

Падчас працы над праектам гісторыкі знайшлі невядомыя раней фота 1930-х гадоў, па якіх змаглі ўзнавіць страчаныя дэталі інтэр'еру і аднавіць роспісы. Віртуальная рэстаўрацыя Слонімскай сінагогі стала пілотным праектам у рамках «Belarus Shtetl» — яна яшчэ будзе дапрацоўвацца для выпуску ў фармаце VR-дадатку і 3D-тура.

Рэканструкцыя сінагогі доўжылася год

Узнавіць у віртуальнай рэальнасці можна і цалкам страчаныя помнікі архітэктуры, як, да прыкладу, вялікая Воўпаўская сінагога. Як расказвала французскаму выданню «K-Laverue» заснавальніца Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны Мая Кацнельсон, летам 2022 года, падчас культурнай рэзідэнцыі ў Парыжы, яна ўбачыла драўляную мадэль сінагогі ў Воўпе ў Музеі мастацтва і гісторыі іўдаізму ў Парыжы (MAHJ). Яна была прадстаўлена як адна з самых значных і прыгожых драўляных сінагог свету. Паводле слоў Кацнельсон, музей адгукнуўся на ідэю партнёрскага праекта, з гэтага і пачалася праца над VR-рэканструкцыяй Воўпаўскай сінагогі. Ідэю падтрымалі МЗС Францыі і Цэнтр яўрэйскага мастацтва пры Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме.

Праца над праектам доўжылася больш за год: спачатку каманда пры экспертным суправаджэнні спецыялістаў з Яўрэйскага універсітэта ў Ерусаліме сабрала і даследавала архіўныя дакументы і фота сінагогі, затым мастакі-рэстаўратары ўручную адмалявалі і аднавілі будынак, архітэктурныя элементы і роспісы, якія пасля былі змешчаныя ў віртуальнае асяроддзе.


Глядзіце таксама

Для праекта падрыхтаваны спецыяльны аўдыёгід на рускай, французскай і англійскай мовах. Віртуальныя туры па сінагозе даступныя як у фармаце VR-дадатку на платформе «Meta», так і ў 3D-версіі на сайце Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны. 

На месцы сінагогі ў Воўпе — мемарыяльны сквер

Падчас працы над праектам эксперты высветлілі, што ў 1920-1930-я гады ў сінагозе праходзіў капітальны рамонт, інтэр'еры, у першую чаргу, роспіс сцен былі значна зменены. «Мы вырашылі ўзнавіць дзве версіі інтэр'еру. У карыстальнікаў ёсць магчымасць пераключаць рэжымы і ўбачыць, як будынак трансфармаваўся з гадамі», — адзначаюць у Цэнтры беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны. 

Таксама можна перанесціся ў сучасную Беларусь і ўбачыць, што знаходзіцца на месцы сінагогі цяпер. «У Воўпе гэта невялікі мемарыяльны сквер. Гэта вельмі эмацыйны момант, таму што мы ўзнавілі сінагогу ў перыяд яе росквіту. І калі ты пераключаешся ў наш час, разумееш, што былая спадчына стала прывідам», — гавораць аўтары праекта.

Іншы імідж краіны

Акрамя Слонімскай і Воўпаўскай сінагог, у віртуальнай прасторы плануецца рэканструяваць Быхаўскую абарончую сінагогу 16 стагоддзя і сінагогу 19 стагоддзя ў Ашмянах. Гэтыя будынкі хоць і захаваліся, але закінутыя і не выкарыстоўваюцца.


Глядзіце таксама

Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны працуе «не толькі для яўрэйскай супольнасці». Там адзначаюць, што ў сучаснай Беларусі яўрэйская ідэнтычнасць шмат у чым размытая ў сувязі з гістарычнымі абставінамі: «Яўрэі або тыя, хто мае ў нейкай ступені яўрэйскія карані, лічаць сябе беларусамі. Нашчадкі беларускіх яўрэяў мінулых хваль эміграцыі часта ідэнтыфікуюць сябе як яўрэяў з Расійскай імперыі ці Літвы». 

Суразмоўцы DW кажуць, што беларуска-яўрэйскую спадчыну не прынята заўважаць, хоць гэта найважнейшая частка беларускай і сусветнай гісторыі і культуры. Адна з задач цэнтра — папулярызаваць яе ў грамадстве, што «вырашыла б вельмі шмат важных сацыяльных праблем як унутры краіны, так і па-за яе межамі»: «Гэта такі адсутны кавалачак пазла, які здольны сфармаваць зусім іншы імідж краіны, іншае бачанне ідэнтычнасці сучасных беларусаў, аднавіць разарваныя міжкультурныя сувязі».