Беларусь, якая чакае. Вялікая сядзібная вандроўка. Частка ІІІ (ФОТА)
Мінулым разам нам падалося, што сядзібаў, мо, ужо хопіць, але ж нашыя пастаянныя і дасведчаныя чытачы падказалі яшчэ некалькі цікавых месцаў. Сядзібы так проста не адпускаюць, дакладна вам кажам! Міншчына і Берасцейшчына досыць багатыя на цікавосткі — вядомыя і не вельмі. Паехалі!
Беларусь, якая чакае. Вялікая сядзібная вандроўка. Частка І
Беларусь, якая чакае. Вялікая сядзібная вандроўка. Частка ІІ
Травень пакуль не заўсёды цешыць надвор’ем, і мы па дарозе некалькі разоў шчыра сумняваліся, што сёння нешта атрымаецца. Першая наша кропка — вядомы палац Рдултоўскіх у Снове. Ён быў пабудаваны ў 1825-1827 пад кіраўніцтвам архітэктара Б.Тычэцкага, які вядомы таксама як аўтар сядзібы Коцелаў у Беніцы і сядзібы Швыдкоўскіх у Пружанах. Рдултоўскія валодалі мясцовымі землямі з XVII стагоддзя, але чаму ж толькі ў 1825 годзе пачалося будаўніцтва? Малавядомы факт: у 1760 годзе Ян Хрызастом Рдултоўскі ўжо валодаў Сноўскім палацам, які ў 1764 годзе наведваў Станіслаў Панятоўскі. Той палац быў разбураны падчас баявых дзеянняў Барскай канфедэрацыі, і толькі ў 1825 годзе Казімір Рдултоўскі пачаў будаўніцтва новага.
У 1854 годзе Еўстафі Рдултоўскі прайграў маёнтак у карты, і новым гаспадаром у Снове стаў барон Густаў Гартынг, нашчадкі якога валодалі маёнткам да 1939 году. Падчас Першай Сусветнай вайны палац быў спустошаны ды разрабаваны, і тагачасны валадар Генрых Гартынг прадаў яго польскаму корпусу аховы мяжы, бо грошай на ўтрыманне раскошнага палаца ў яго не было. Тады ж польскімі ваеннымі побач былі пабудаваны казармы, якія захаваліся дагэтуль. У савецкі час палац выкарыстоўваўся таксама ваеннымі — тут месціўся шпіталь, а з пачатку 2000-х комплекс перадалі на баланс КДБ.
Сноў
У 2021 годзе палац быў прададзены невядомаму інвестару, і з таго часу тэрыторыя палаца і парка агароджаны плотам, а трапіць туды можна толькі праз дазвол вартаўніка на КПП. Ніякіх складанасцей, дарэчы, з гэтым няма. Бачна, што вядуцца нейкія работы па аднаўленню палаца, парк існуе, старыя дрэвы шамацяць маладым лісцем. Надзея на лепшыя часы палаца Рдултоўскіх ёсць. А вось тэрыторыя казармаў, як паведаміў вартаўнік, дагэтуль знаходзіцца «пад іншай установай і туды лепш не лазіць». Мы людзі законапаслухмяныя — не палезлі! ш
Сноў, парк і палац
Агледзеўшы палац і смахнуўшы кроплі дажджу з капялюшаў, мы не спяшаемся пакідаць Сноў, бо ёсць тут яшчэ адно месца, вартае ўвагі. Невялікая сядзіба «Горны Сноў» апошніх уладальнікаў маёнтка Гартынгаў. Канешне, у параўнанні з раскошай палаца гэты сядзібны дом, пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, выглядае досыць сціпла, але ж трэба памятаць, што пры новым гаспадары ў Снове з’явіліся вадзяны млын, буйны конезавод, бровар. Густаў Гартынг хоць і быў рэдкім госцем у Снове, але гаспадарку развіваў добра і меў з яе неблагі стабільны прыбытак. Да таго ж, палац ужо ёсць і навошта будаваць іншы дарагі-багаты дом? Прадбачлівасць Густава і ягонага сына Міхаіла, які напачатку ХХ стагоддзя рэканструяваў «Горны Сноў», зрабілі добрую службу ўнуку Густава Генрыху, які пасля продажу палаца ў 1925 годзе жыў менавіта ў гэтай сціплай сядзібе.
Сноў, сядзіба Гартынгаў
Вакол будынка меўся сад з алеяй, рэшткі якіх можна бачыць і сёння. Пасля Другой Сусветнай вайны ў будынку месціліся спачатку кантора саўгаса, а потым мясцовая лякарня. Пасля развалу СССР дом патроху разбураўся, а ў 2020 годзе здарыўся пажар, які знішчыў дах. Сёння ваконныя і дзверныя праёмы шчыльна закрыты выявамі тых жа вокнаў і дзвярэй, навокал дому абкошана трава, побач можна заўважыць рэшткі пікнікоў. Захаваліся і некалькі гаспадарчых будынкаў, якія цяпер выкарыстоўваюць жыхары суседніх дамоў.
Сноў, сядзіба Гартынгаў
На чарзе яшчэ адзіны малавядомы, але не менш цікавы аб’ект — сядзіба Лопацяў у Каранёўшчыне. Спачатку тут былі ўладанні Марціноўскіх, але ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя іх у спадчыну атрымаў Рамуальд Лопаць і заснаваў тут сядзібу. Сын Рамуальда Вітольд да 1939 году не аднойчы перабудоўваў дом, які вонкава нібыта добра захаваўся. Адна з ягоных незвычайнасцяў — вуглавы галоўны ўваход з калонамі.
Сядзіба Лопацяў у Каранёўшчыне
Пасля 1939 году будынак выкарыстоўваўся як школа, кантора сельгастэхнікі і сельгасхіміі, праўленне калгаса і нават сельскі клуб. Калі меркаваць па шыльдзе, яшчэ і цяпер тут месціцца нейкі дзіцячы мастацкі кружок. Абыходзячы дом мы нечакана наткнуліся на своеасаблівыя аўтамогілкі ў традыцыях ЗША. Ахоўная шыльда, відавочна, з’яўляецца толькі шыльдай. Калі развітваліся, вельмі ўразіліся старой лістоўніцай, якая дакладна памятае і гаспадароў, і гасцей гэтай незвычайнай сядзібы.
Сядзіба Лопацяў у Каранёўшчыне
Наперадзе ў нас знакамітае Флер’янава, якое знаходзіцца зусім побач з Каранёўшчынай. Калісьці тут былі звычайныя палі, а непадалёк знаходзіўся фальварак Вошкаўцы, які ў 1838 годзе набыў адвакат Фларыян Бохвіц. Ён быў жанаты на сястры маці Адама Міцкевіча Паўліне Маеўскай і вельмі цікавіўся філасофіяй, напісаў і выдаў некалькі кніг, а таксама педагагічную праграму выхавання вучняў, па якой яны з жонкай навучалі і сваіх дзяцей. Сын Фларыяна — Ян Отан Бохвіц, афіцэр, удзельнік паўстання Каліноўскага, у 1870 годзе заснаваў новы маёнтак побач з Вошкаўцамі і назваў яго ў гонар бацькі. Так з’явілася Фларыянава (Флар’янава, Флер’янава).
Флер'янава, сядзіба Бохвіцаў
Напачатку ХХ стагоддзя да сядзібнага дома былі зроблены мураваныя неагатычныя прыбудовы, па якіх дагэтуль можна пазнаць маёнткі Бохвіцаў і якія адразу прымушаюць успрымаць дом за палац. Але ж не толькі імі вядомыя Ян Отан і ягоны сын Тадэвуш. Ян Отан быў заўзяты земляроб, выдаў некалькі даследаванняў па гэтай тэматыцы і заклаў прыгажэйшы парк з рэдкімі дрэвамі, некаторыя з якіх дажылі дагэтуль. Таксама ён заснаваў сад з эксперыментальнымі гатункамі пладовых раслін, якія ішлі і на продаж. Мясцовыя сяляне называлі яго «ўзорным гаспадаром».
Флер'янава, сядзіба Бохвіцы
А вось Тадэвуш, хоць і скончыў земляробчую школу ў Горках, больш цікавіўся літаратурай і паэзіяй. У Флер’янаве ён меў вялікую бібліятэку з кнігамі і часопісамі з усяго свету. Жонка Тадэвуша — Браніслава Цывінская зрабіла ў сядзібе летні пансіянат. Месца хапала — будынак меў 19 пакояў. Дзякуючы вядомай пісьменніцы Элізе Ажэшка, якая вельмі любіла тут адпачываць, Флер’янава хутка стала своеасаблівым цэнтрам культурнага і духоўнага жыцця. Тут разам і паасобку любілі бываць Рэйтаны з Грушаўкі, Радзівілы з Нясвіжу, Нобелеўскі лаурэат пісьменнік Уладзіслаў Рэймант з жонкай, артыст Януш Страхоцкі, тэатральны крытык Юзэф Катарбінскі і шмат іншых. Менавіта ў Флер’янава з Грушаўкі на аўтамабілі Рэтанаў здзейсніла свой першы аўтапрабег Эліза Ажэшка. Дарэчы, яна ў той час і пасадзіла дуб, які дагэтуль можна бачыць ля дома.
Дуб, што пасадзіла Эліза Ажэшка
Калі будзе магчымасць, зазірніце ўнутр сядзібы — там ёсць на што паглядзець. Адна з мясцовых жыхарак, можа і не вельмі ўпэўнена, але ж досыць шчыра і старанна, распавядзе гісторыйкі Флер’янава, пакажа нешматлікія экспанаты і правядзе да дубу Ажэшка. Гэтае месца нікога не пакіне абыякавым! Сціплы (ці шчодры) грашовы ўнесак можна пакінуць у скрыначцы пры ўваходзе.
Сядзібны дом
Надвор’е пачула нашыя незадаволеныя ўздыхі і пачало неяк папраўляцца. Час наведаць чарговую сядзібу гэтага багатага краю. Рушым у Ястрамбель да сядзібы Катлубаяў! Ад пачатку XVI ст тут гаспадарылі Дарагастайскія, потым Падарэўскія, а з XVII стагоддзя ўладарылі ўжо знаёмыя нам Рдултоўскія. У 1851 годзе Казімір Рдултоўскі (той самы ўладар наведанага намі на пачатку палаца ў Снове) прадаў Ястрамбель прадстаўніку старога татарскага роду Катлубаяў — губернскаму сакратару з Вільні Міхаілу. На той час тут меліся сядзібны дом, бровар і немалы парк. Толькі напрыканцы ХІХ стагоддзя ўнук Міхаіла Генрых пабудаваў тут новы палац, рэшткі якога мы сёння бачым.
Ястрамбель, сядзіба Катлубаяў
Самым вядомым з Катлубаяў на Беларусі стаў сын Міхаіла — Эдвард Катлубай, які вельмі цікавіўся гісторыяй. Скончыўшы навучанне ў ваеннай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, ён вярнуўся ў Ястрамбель і атрымаў дазвол Радзівілаў працаваць у іх архівах. Вынікам стала грунтоўнае даследаванне «Нясвіжская галерэя Радзвілаўскіх партрэтаў», выдадзеная ў 1857 годзе ў Вільні. Ягонаму аўтарству належаць «Ваенная гісторыя Польшчы да часоў Яна Сабескага», «Генеалагічна-гістарычны атлас» і шэраг гістарычных апавяданняў. Падчас рэвалюцыі 1917 году палац быў разрабаваны і потым тут месціўся дзіцячы дом і школа-інтэрнат. Цяпер будынак агароджаны плотам з навюткімі пагражальнымі шыльдамі, але слядоў нейкай працы па аднаўленню мы так і не заўважылі.
Ястрамбель, сядзіба Катлубаяў
Памятаеце, што Ян Отан Бохвіц сваю сядзібу ля Вошкаўцаў назваў у гонар бацькі? А вось гэта, не такая вядомая, атрымала сваю назву ў гонар маці Яна — Паўліны. Так, зараз мы ў Паўлінава. Галоўны будынак сядзібы месціцца ў некалькіх метрах ад плоту нейкай ваеннай часткі, таму раім з фотатэхнікай быць уважлівымі. Пабачыўшы абрысы палаца адразу разумееш — Бохвіцаў. Глядзіце самі!
Паўлінава, сядзіба Бохвіцаў
Палац быў пабудаваны за рэкордныя паўгады ў 1906 годзе і таксама памятае сяброўку сям’і гаспадароў Элізу Ажэшка, якая любіла сюды прыязджаць на тым жа аўтамабіле Юзэфа Рэйтана. У савецкія часы да 1995 году тут месціўся шпіталь для вайскоўцаў, бо частак тут побач процьма. Цяпер, падаецца, хтосьці штосьці спрабуе зрабіць па ягоным аднаўленні, але адноўленыя толькі стайні побач і гаспадарчыя пабудовы, у якіх зараз конны клуб. Былі намеры адкрыць у памяшканні стайняў гатэль, але зноўку нешта пайшло не так.
Паўлінава, сядзіба Бохвіцаў
Акрамя палаца і будынкаў побач вялікую цікавасць выклікае стары парк з сажалкай, якую падсілкоўвае адмысловы канал ад рачулкі Качарышкі. Тут няма чаго казаць — лепей глядзець.
Паўлінава, сядзіба Бохвіцаў, парк
Надышоў час паварочваць у бок дому, але ж па дарозе мы не здолелі не заехаць у Верхняе Чэрніхава да капліцы-пахавальні роду Рдултоўскіх, з якіх мы пачалі сённяшнюю вандроўку. Тут была паўнавартасная сядзіба роду з немалой колькасцю гаспадарчых пабудоў. Сядзібны дом не захаваўся, а вось рэшткі вяндлярні і іншых яшчэ можна знайсці.Праўда, пасля таго, як мы знялі з сябе амаль дзясятак кляшчоў, было вырашана адкласці гэтую справу на потым. А вось капліца-пахавальня перад вамі ва ўсёй сваёй дагледжанай прыгажосці!
Капліца Рдултоўскіх
Вяртаючыся дадому, традыцыйна ўжо плануем наступную вандроўку. Далучайцеся і распавядайце аб вядомых і невядомых цікавостках нашага роднага краю! Мы абавязкова туды паедзем і адсправаздачымся на ўвесь свет! А пакуль традыцыйна — яшчэ некалькі фота. Бывайце здаровы, шукайце прыгоды!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па Беларусі. Распавядзіце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.