Беларусь, якая чакае. Красавіцкія прыгоды зімы (ФОТА)

Гэтую вандроўку мы не планавалі, але непрадказальны вір жыцця не пакінуў аніводнага шанца на канапны адпачынак. Пачатак красавіка сёлета атрымаўся багатым на нечаканасці, і мы, гледзячы ў вокны на моцныя завірухі, не маглі прапусціць гэткія выбрыкі надвор’я. Калі яшчэ давядзецца паглядзець на красавіцкія гурбы снегу? Паехалі!

_belarus_vjasna_sneh_neba_2025_fota_novy_czas__5_.jpg

Ад амаль дваццаціградуснай спёкі да моцнай працяглай завірухі прайшло менш за суткі — такіх сюрпрызаў мы не чакалі. Рыхтуючыся ў экспедыцыю, прыйшлося з праклёнамі зноў шукаць швэдар і зімовы абутак, балазе не далёка схаванымі ў шафе. І вось мы ўжо едзем за зімовымі краявідамі і снегам, якіх нам у адпаведны час так ніхто і не паказаў. Спідометр адлічваў дзясяткі кіламетраў, але за вокнамі машыны колькасць снегу раставала літаральна на вачах. Больш за тое, аблокі патроху разышліся і радасна заззяла сонца!

Дакладна стала зразумела, што тут снегу не бачылі ўжо вельмі даўно. Загадка толькі — ці то снег гэтай зімой-вясной такі дарагі, што яго на ўсю Беларусь не хапае, ці то Беларусь такая вялікая краіна і на ўсю яе снегу не назапасіш. Але жарты жартамі, а дзесьці снег дакладна павінен быць — навіны ды ціктокі хлусіць не могуць. Кіроўца ліха разварочвае машыну і мы хуценька едзем у зусім іншым кірунку. Я не ведаю, як такое можа быць, але праз хвілін дваццаць мы заехалі зусім у іншую Беларусь. Хмары, вецер, снег — усё так, як мы і чакалі!

Надвор’е паводзіць сябе як нявыхаванае капрызнае хлапчаня, якому ў краме не набылі цацку. Той істэрыць ды заходзіцца ў крыку, а гэтае моцным ветрам шпурляе снегам у твар, холадам забіраецца пад адзежу — карацей, стараецца паказаць сябе з найгоршага боку. Больш за пару хвілін заставацца на вуліцы вельмі складана, але ж ніхто і не казаў, што будзе лёгка. Фатограф толькі нешта бурчыць, што Беларусь — краіна слупоў, якія толькі перашкаджаюць нармальным людзям ягонай прафесіі. Але ж нават і са слупамі можна зрабіць добрыя фота.

Няспешна едзем па прасёлку, па баках лясы змяняюць палі і наадварот. Міма з грукатам праносяцца шматтонныя самазвалы ды з шолахам — легкавікі. Усе кудысьці спяшаюцца. Яшчэ пару дзён таму некаторыя ўжо сварыліся ў чэргах на шынамантажах, мяняючы зімовую гуму на летнюю. Хтосьці надзейна хаваў зімовае адзенне і выцягваў цішоткі з лёгкімі нагавіцамі, а самакатчыкі з раварыстамі навыперадкі ганялі па вуліцах і дварах. Але ж усяму свой час, усё належнае абавязкова адбудзецца. 

Вось узяць гэтую вандроўку. Знайшлі, што хацелі, паздымалі і можна хуценька вяртацца ў цяпло. Але ж спяшацца не варта! Невялічкі перапынак на гарбату з бутэрбродамі пачаўся падчас моцнай завірухі звонку, а скончыўся праз дзясятак хвілін кардынальнымі зменамі ў надвор’і. Сонца ўпарта пачало прабіваць шлях праз шчыльныя сталёвыя аблокі, і адразу краявіды пачалі змяняцца на вясеннія. Можна працягваць падарожжа!

Канешне, не абышлося і без фотапалявання на братоў нашых меншых. Толькі вельмі зоркі чалавек можа на такой адлегласці заўважыць нешта жывое, гарланіць кіроўцу: «Да стой жа ты! Там жа ...» Адчуваеш сябе безнадзейна сляпым і маральна рыхтуешся да візіту да акуліста. Фатографы ёсць фатографы — і аленяў бачаць, і каршуна на слупе не прапусцяць.

Яшчэ колькі хвіліна-кіламетраў і ўжо нічога не нагадвае аб зімовых выбрыках красавіка. Ён вельмі хутка пачынае выпраўляцца і літаральна на вачах суцішыў вецер, прыбраў цяжкі шэры небасхіл, пакінуўшы толькі прыгожыя аблокі дзеля мастацкасці выгляду і нават неяк цяплей стала. Памятаеце параўнанне з капрызным дзіцём? Дык вось зараз гэта ўжо цудоўны хлопчык з прыстойнымі ўзорнымі паводзінамі!

А тым часам на небе нешта адбываецца, бо выявы змяняюцца амаль штохвілінна. Падобна на тое, што нечакана абудзіўшаяся зіма не вельмі хоча здавацца маладому красавіку — ягоным веснавым аблокам спрабуюць супрацьстаяць ужо знаёмыя нам шэрыя цяжкія хмары. Можам толькі сказаць, што гэта вельмі маляўніча.

Пабывалі мы сёння ў зіме, паспрабавалі сустрэць вясну — трэба і дадому збірацца. Мы ўжо падышлі да нашага аўтамабіля на ўскрайку вёскі, але нехта там наверсе вельмі падступна накіраваў развітальны позірк фатографа кудысьці ў бок. Кінуўшы «Я зараз!», ён хуценька паскакаў да нейкіх светлых плямаў на асфальце, да якіх было метраў 300. Рабіць няма чаго — хадзем таксама. Светлымі плямамі аказаліся мажныя гусі, якія спакойна адпачывалі ля дарогі пакуль не прыбег нейкі дзядзька і не пачаў вакол іх скакаць ды шчоўкаць сваёй таямнічай прыладай дзіўнага выгляду. А сапраўднай вішанькай на торціку сталі промні вечаровага сонца, якія вельмі ўпрыгожылі і без таго цудоўнае наваколле і яго гаспадароў. Няма чаго тут больш казаць — глядзіце самі!

Дзень выдаўся багатым на ўражанні, і мы ім вельмі задаволеныя! Зараз можна і дадому, а ўжо заўтра пачынаць правяраць пошту ў чаканні вашых замоваў і планаваць наступную вандроўку. Будзем спадзявацца, што вясна ўжо дакладна дабярэцца да Беларусі і запануе ва ўсю моц!

Бывайце здаровы! Пішыце замовы!

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.