Аб чым пісала беларускамоўная камуністычная прэса ў Польшчы 70 гадоў таму
У сакавіку 1956 года ў Беластоку пачала выходзіць газэта «Ніва». Яна разьлічвала ахапіць насельнікаў пераважна тых раёнаў, што Сталін «прыяднаў» да Польшчы пасьля вайны. Пагартаем першыя нумары!

Газэта «Ніва» 1956 год
Знаёмства з выданьнем
У першым нумары аўтары камуністычнай газэты тлумачаць пачатак выхаду газэты па-беларуску ў Польшчы.
Вялікія падзеі, якія адбыліся пасьля вызваленьня нашай краіны стварылі магчымасьць шырокага разьвіцьця нацыянальных меншасьцяў, якія насяляюць тэрыторыю Польшчы, у тым ліку і беларусаў.
Многія з вас, чытачы, паставяць сабе пытаньне, чаму толькі па ўплыве адзінаццаці год існаваньня рабоча-сялянскай улады ў Польшчы, выходзіць такі часопіс. Пасьля вызваленьня ад фашыстоўскіх акупантаў усё было разьбітае, здэзарганізаванае. У такіх умовах вельмі цяжка пачынаць грамадзка-культуральную працу сярод беларускага насельніцтва.
Партыя і Народная Ўлада стварылі ўсе ўмовы да культуральнага жыцьця сярод беларусаў. «Ніва» ставіць перад сабой заданьне: глыбей пазнаёміць грамадзтва з прыгожай культурай, мастацтвам і мінулым беларускага народу, паказаць супольны шлях барацьбы польскага і беларускага народаў за нацыянальнае і сацыяльнае іх вызваленьне з-пад царскага і панскага прыгнёту, дапамагчы нашым сялянам у змаганьні за вышэйшы ўраджай, вучыць як лепей уводзіць у жыцьцё пастановы Партыі і Ўрада.
Глядзіце таксама

Школьнікі і бульба
Вучні пачатковай беларускай школы ў Зубаве ў Бельскім павеце, ад 1952 года вядуць на сваім паказовым 0,5 гектаровым участку, досьледы з бульбай, званай «тапінамбургам».
Гэтая бульба дае надзвычай вялікі ўраджай, як самых клубняў, так і зялёнай масы. Практыка выказвае, што гэтая бульба зьяўляецца вельмі добрым кармом кароў, таму што павялічвае іх малочнасьць.
Насеньня «тапінамбурга» вучні маюць пад дастаткам і прадаюць яго па 1 злоты 50 грошы за кілаграм, з далічкай расходаў перасылкі. Апрача бульбы, вучні на сваім досьледчым участку вырасьцілі ўрадлівую раньнюю кукурузу, розныя гатункі конскага зуба, сланечніка, рэпы, памідораў, дыняў і насеньні некаторых траваў.
З зубаўскай школы павінны ўзяць прыклад другія школы і закладаць у сябе досьледчыя ўчасткі. Добрай працаю на сваіх досьледчых участках, школьная дзетвара і настаўнікі павінны прычыніцца да выкананьня задач 5-гадовага пляна.

Газэта «Ніва» 1956 год
БТ пачынае працу
У сьнежні 1955 года з Менскага тэлевізійнага цэнтра была зробленая першая пробная перадача кінафільма. Міншчане з радасьцю настрайвалі тэлевізары на «свой» тэлецэнтар. Зараз шмат хто з міншчан і тыя, што жывуць недалёка ад горада і маюць тэлевізары, у сябе дома глядзяць новыя кінафільмы, слухаюць канцэрты.
Радыюс дзеяньня Менскага тэлецэнтра – 65-70 кілометраў, але дальнасьць прыёму гэтым не абмяжоўваецца. Пры ўстанаўленьні ўзмацняльнікаў і іншых прыстасаваньняў радыюс дзеяньня тэлецэнтра значна павялічыцца. Ёсьць зьвесткі, што тэлевізійныя перадачы Менскага цэнтра часам прымаюцца ў Воршы. Дальнасьць прыёму вельмі павялічваецца пры спрыяльных метэаралягічных умовах.
Уся апаратура для Менскага тэлевізійнага цэнтра была зробленая на ленінградзкіх заводах. Калі яна поўнасьцю асвоіцца работнікамі тэлецэнтра – праграма перадач будзе вельмі разнастайнай.
Глядзіце таксама

Адэнаўэр у цяжкім становішчы
Як ужо нам вядома, урад Заходняй Нямеччыны пад кіраўніцтвам Адэнаўэра прыступіў да адкрытага стварэньня нямецкай арміі. У сваіх выступленьнях бонскі канцлер ужо не таіўся з тым, што справа тут у хуткім узбраеньні па зубы немцаў і распачацьці новай адпомсьлівай вайны.
Не таіўся, бо быў упэўнены, што яго ваяўнічыя лёзунгі падабаюцца немцам. Аднак сталася інакш. Палітыка Адэнаўэра, прад усім, давяла да расколу ўрадавай кааліцыі. З гэтай кааліцыі выступіла пераходзячы на бок апазыцыі, ФДП (Свабодная Нямецкая Партыя).
У бонскім парлямэнце цяпер новы ўклад сіл, які Адэнаўэру не гарантуе перавагі. Што раз менш людзей у Нямеччыне садзейнічае палітыцы стварэньня арміі, а штораз больш схіляюцца да думкі ўтварэньня абяднанай, нэйтральнай і мірнай Нямеччыны. Уся заходняя прэса жыва каментуе новую сітуацыю ў НФР. Усе журналісты згаджаюцца з думкай, што ўжо прыйшоў крах эры Адэнаўэра, у выніку чаго значна замарудзіцца арганізацыя новага Вермахта.
(Ад сябе нагадаем, што першы канцлер паваеннай Нямеччыны, кіраўнік Хрысьціянска-Дэмакратычнай Партыі Конрад Адэнаўэр заставаўся на сваёй пасадзе ад 1949 па 1963 год).

Газэта «Ніва» 1956 год
Дамы мансарднага тыпу
У Нясьвіжы дванаццаць тыпавых праэктаў жылых дамоў распрацаваны Белсельпраэктам для калгасьнікаў сельскагаспадарчай арцелі імя Калініна, якія перасяляюцца з хутароў у новы калгасны пасёлак. Сярод іх найбольшую ўвагу забудоўшчыкаў прыцягвае дом мансарднага тыпу.
У яго першым паверсе – 3 пакоі, кухня, у мансардзе – 2 пакоі. Пры параўнальна невялікіх дадатковых затратах жылая плошча такога дома павялічыцца на 50-60 працэнтаў у параўнаньні з аднапавярховым.
Побач з гэтым дом мансарднага тыпу стварае многа іншых зручнасьцей для сялянскай сям'і. Сёлета ў калгасе імя Калініна будзе пабудавана некалькі дзясяткаў такіх дамоў.
Новы пасёлак калгасьнікі прапануюць назваць імём ХХ зьезда партыі.
Жарты камуністычнай дыктатуры
Настаўнік: Купец купіў 5 бочак нафты па 330 злотых, а прадаў па 620 злотых за кожную. Колькі купец зарабіў?
Вучань: Тры гады турмы за спэкуляцыю.

Газэта «Ніва» 1956 год
Магутны флёт
Як паведамляе агенцтва Рэйтэра з Лёндана, тут «пры падтрымцы амэрыканскіх бізнэсмэнаў» кучка польскіх рэакцыйных эмігрантаў стварыла свой уласны флёт у складзе аднаго карабля.
Гэты карабель будзе курсіраваць на лініі Лёндан – Ню Ёрк пад сьцягам Панамы. Трэба меркаваць, што ў першым жа рэйсе ў Злучаныя Штаты будзе дастаўлены і адданы ў архіў дзяржаўнага дэпартамэнта ўвесь груз эміграцыйных надзей на адбудову капіталізма ў Польшчы.