Затрыманы Аляксандр Велясніцкі — афіцэр, які год таму адмовіўся ад медаля
29 верасня ў Століне быў затрыманы Аляксандр Велясніцкі — папярэдне, па справе каментараў у сацсетках пра гібель Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ.
Па месцы пражывання Аляксандра Велясніцкага правялі ператрус, а яго самога перавезлі ў Мінск, паведамляюць праваабаронцы.
У жніўні мінулага года Аляксандр — былы афіцэр-памежнік — адмовіўся ад медаля «За бездакорную службу» і сказаў тады:
— Я прыняў гэтую ўзнагароду з гонарам. Больш чым 15 гадоў сапраўды годнай службы ў памежных войсках і органах памежнай службы давалі падставу лічыць, што я маю права насіць гэтую ўзнагароду на сваім парадным кіцелі. Так было да ўчарашняга дня. Учора я даведаўся, што гэтым жа медалём у тэрміновым парадку ўзнагароджваюць тых, хто ўдзельнічае ў выкраданнях, збіцці і катаваннях мірных людзей, жанчын і мужчын, непаўналетніх і падлеткаў, старых... Аказваецца, бездакорна служыць той, хто залівае крывёю асфальт.