«Па іх прыехалі адначасова»: Што вядома пра затрыманне святароў на Віцебшчыне?

У Віцебскай вобласці ўчора затрымалі трох святароў. У Полацку затрыманы ўніяцкі святар Аляксандр Шаўцоў, у Мёрах — ксёндз Андрэй Кулік, у Мёрскім раёне — ксёндз Вячаслаў Адамовіч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі.

troe_1_696x392.jpg

Двух святароў, настаяцеляў рымска-каталіцкіх парафій Віцебскай дыяцэзіі, а таксама пробашча грэка-каталіцкай парафіі, затрымалі сілавікі 25 траўня, піша «Народная Воля».

Гэта пробашч парафіі ў Мёрах дэкан Мёрскага дэканату ксёндз Андрэй Кулік, пробашч суседняй парафіі ў Ідалце ксёндз Вячаслаў Адамовіч і пробашч Полацкай грэка-каталіцкай парафіі айцец Аляксандр Шаўцоў.

Каталіцкія супольнасці паведамляюць, што рымска-каталіцкіх святароў затрымалі амаль адначасова — па абодвух прыехалі прыкладна ў 15.00 у плябаніі (месца жыхарства святара) у Мёрах і Ідалце.

Вядома, што ў ксяндза Вячаслава Адамовіча забралі камп'ютар і гаджэты. Абодвух святароў даставілі ў Мёры. Іншыя падрабязнасці пакуль высвятляюцца.

Зыходзячы з той інфармацыі, якая ёсць, святароў могуць вінаваціць у дзеяннях у інтэрнэце (каментары, падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, якія прызнаныя беларускай уладай непажаданымі), за што апошнія два гады часта затрымліваюць жыхароў Беларусі.

У бліжэйшую нядзелю каталікі будуць адзначаць адну з самых значных урачыстасцяў — спасланне Святога Духа. Калі святароў не адпусцяць, прыйдзецца шукаць ім замену.


Паказальна, што ў панядзелак, 22 траўня, міністр замежных спраў Сяргей Алейнік сустракаўся з прадстаўніком Ватыкана ў Беларусі — Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам. Абмяркоўвалі шляхі ўрэгулявання ўкраінскага крызісу і пытанні супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам. Асобная ўвага ўдзелена тэматыцы міжканфесійнага дыялогу, піша catholic.by. «Адбыўся абмен думкамі адносна сітуацыі ў рэгіёне. Адзначаецца, што ў размове было пацверджана імкненне да працягу актыўнага супрацоўніцтва ў розных сферах і адкрытага ўзаемапаважлівага дыялога па пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс».