«Віталя, твая мама «нацыстка» і «бандэраўка». Маці легендарнага гімнаста Шчэрбы — пра вайну ва Украіне

Шасьціразовы алімпійскі чэмпіён па спартыўнай гімнастыцы Віталь Шчэрба ў нядаўнім інтэрв'ю сказаў, што ягоная мама была на адным палітычным баку, а цяпер перайшла на іншы.

031330e6e2a0fc3cb5242.jpg

«Я сам быў у шоку, што яна стала супраць Лукашэнкі і Расеі. Гэта так з пачатку вайны. Мабыць, размовы са сваякамі з Украіны паўплывалі», — сказаў Шчэрба.

Раней Валянціна Шчэрба казала, што гатовая маліцца на партрэт Лукашэнкі, і была сярод дзеячаў спорту, якія падпісаліся ў ягоную падтрымку.

Блог «Галасы» датэлефанаваўся да Валянціны Мікалаеўны, каб распытаць пра яе пазыцыю. Да Лукашэнкі жанчына ставіцца па-ранейшаму з павагай, а вось уварваньне Расеі ва Ўкраіну рашуча асуджае.

«Я далёкая ад палітыкі, але ва Ўкраіне ёсьць мае сваякі. Я проста за мір. Ну, не магу паверыць, што ўкраінцы будуць лупіць па сваіх. Дайце мне факты, дакажыце мне гэта», — пачынае спадарыня Валянціна.

Мама Шчэрбы нарадзілася ва Ўкраіне, але ў 23-гадовым узросьце пераехала ў Менск. Па сёньня добра размаўляе на ўкраінскай, пад Кіевам жыве брат Уладзімір.

«Сваякі скідаюць мне відэа адтуль, яны ня ўмеюць жа нічога мантаваць. Потым пагляджу і ня сплю ўсю ноч, сэрца баліць. Я гляджу толькі трох украінскіх экспэртаў пра вайну — Алега Жданава, Івана Якавіну і Юрыя Шведа. Больш ніхто мне ня трэба. T*t.by і N*xta — для мяне гэта не каналы. У мяне не зьмянілася стаўленьне да Лукашэнкі, але я не магу ўключаць цяпер наша тэлебачаньне. Толькі ютуб гляджу».

Ня так даўно Валянціна Мікалаеўна прыляцела ў Менск ад сына з ЗША.

«Там цалкам расейскія каналы адключылі, таму ўсе навіны я дазнавалася толькі ад сваякоў. Дзякуй Богу, ніхто зь іх не загінуў. Брат родны такія рэчы расказваў... Не хачу іх паўтараць, бо ціск падымаецца. Ён на свае вочы сустракаўся з тымі, хто нападаў. Запісваў паціху нейкія кадры, размовы. Калі гэтыя прыйшлі, то замінавалі землі, а ім трэба гарод засадзіць, каб хоць нешта на харчы было. То запрашаюць чалавека зь мінашукальнікам. Цяпер яны ўжо вольна жывуць, оркаў больш не засталося там».

Брат Уладзімір жыве недалёка ад Чарнобыля, у сяле Іванкаў, пераехаў туды з Кіева. Калі пачалася расейская агрэсія, то Валянціна Мікалаеўна два месяцы ня мела зь ім сувязі. Кажа, што моцна перажывала гэты час.

«Я ня веру таму, што кажуць на расейскім ТБ. На лецішчы часам вымушана ўключаю тэлебачаньне, калі бачу гэтую бл... Скабееву, то проста адразу кепска. А Салаўёў той увогуле! Не хачу, не прымушайце мяне абражаць нікога. Дайце мне факты на стол, як казаў Лукашэнка, тады я зьмяню сваё стаўленьне. А гэтая гаварыльня — ні пра што. Усе мы можам гаварыць. Я веру сваім блізкім і родным».

Па прыезьдзе ў Беларусь Валянціна Шчэрба сутыкнулася з праблемай, што цяпер сын ня можа перавесьці ёй грошы з ЗША.

«З Амэрыкі можна ва Ўкраіну даслаць грашовы перавод, а ў Беларусь нельга! Я цяпер зубы раблю, дык ня ведаю, дзе ўзяць грошай. Я ў Віталя адразу папрасіла, але ён ня можа, кажа, ну ня ехаць жа мне за 3 тысячы даляраў, каб табе прывезьці 500. У канцы лета зноў зьбіраюся ў ЗША. Калі шчыра, то раней заўсёды рвалася дадому, а апошні раз нават не хацелася вяртацца. Я прымушала сябе ехаць. Я не „пераабувалася“, як цяпер кажуць, у мяне няма нянавісьці, няма адрынаньня радзімы, але вось ня ведаю, што з сабой рабіць».

6 чэрвеня Валянціне Шчэрбе споўнілася 75 гадоў. Калі яе віншавала пляменьніца з Кіева, то гучала сырэна, і пляменьніца бегла хавацца ў бамбасховішча.

«Стаўленьне да Пуціна ў мяне 25 гадоў такое ж, як і цяпер. Мне ён ніколі не падабаўся, ніколі. Я выхаваная на тым, што людзей нельга абражаць, што нават да ворага трэба ставіцца з павагай, з гонарам, а тут такога няма і блізка. У мяне ёсьць сяброўка-расейка, зь якой часта разыходзімся на гэтай тэме. Я ёй кажу: дабро ўсё адно пераможа зло, і мы ўбачым потым, адкуль гэтае зло паходзіць».

Валянціна Шчэрба кажа, што нават не магла паверыць у тое, што Расея напала на Ўкраіну. Не паверыў адразу і яе сын.

«Як так? Без абвяшчэньня вайны, як Нямеччына напала на СССР у 1941-м. А цяпер Расея гэтаксама нападае на Ўкраіну. Потым Віталь быў і за вашых, і за нашых. Кажа, што там, маўляў, нацысты і бандэраўцы. „Віталя, выбачай, але твая мама „бандэраўка“ і „нацыстка“, адмоўся тады ад мяне, рабі са мной што хочаш, расстраляй, не пашанцавала табе“, — адказваю. Я дакладна памятаю, што Бандэра быў героем Украіны, з падручнікаў гісторыі яшчэ».

Па словах жанчыны, яна вельмі радуецца, што сьвет, у тым ліку і ЗША, дапамагае Ўкраіне.

«Як я магу здрадзіць сваім караням? Калі б да мяне ў хату ўвайшлі бандыты, то хіба б я не абаранялася? Тое самае і там. Я ня веру, што Луганск і Данбас прасіў яго [Пуціна] аб дапамозе».

Што тычыцца Лукашэнкі, то Валянціна Мікалаеўна застаецца на сваіх ранейшых пазыцыях, хоць і гаворыць без ранейшага захапленьня.

«Лукашэнкам я задаволеная. Правільна, што ён утрымліваецца, я малюся, каб яго не прымусілі ўлезьці туды. Ён вельмі мудра паступае. Але ж як цяжка яму трымацца, ён жа на кручку ў Расеі. Трэба, каб нешта ці нехта зьмянілася ў Расеі. Я веру, што Лукашэнка сваю краіну не аддасьць».

Спадарыня Валянціна апошнія трыццаць гадоў займаецца сьпевамі. Кажа, што з пачатку вайны яе калектыў прыбраў з рэпэртуару ўсе ўкраінскія сьпевы, і яна адмовілася туды хадзіць.

«Гэта не спэцапэрацыя, а вайна. А ў Расеі за слова „вайна“ могуць узяць за белыя ручанькі і тэрмін даць. Фэйкавыя навіны паўсюль у Расеі. Але я ўпэўненая, што зло будзе пакаранае», — канчае яна размову.