Вернікам падрыхтавацца? Чаго чакаць цэрквам ад будучай перарэгістрацыі

Дзяржава ўжо не хавае, што праводзіць зачыстку прасторы ад нелаяльных суб'ектаў, але чамусьці часам усё яшчэ робіць гэта пад выглядам фармальных працэдур.

Спачатку дзяржава зачысціла палітычныя партыі, а цяпер узялася за рэлігійныя арганізацыі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Спачатку дзяржава зачысціла палітычныя партыі, а цяпер узялася за рэлігійныя арганізацыі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Пасля татальнай зачысткі грамадска-палітычнай прасторы беларускі рэжым нахрапам улез у рэлігійную сферу: ліквідавана царква «Новае жыццё». А задуманая рэжымам перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый (не хочаце згадаць вынікі перарэгістрацыі палітычных партый?) пагражае выліцца ў вынішчэнне нелаяльных.

Што адбываецца з царквой на Беларусі пасля 2020 года? Чым пагражае новы закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»? Як ва ўмовах татальных рэпрэсій павядуць сябе вернікі?

Журналіст «BGmedia» пагутарыў з незалежным экспертам Пятром Рудкоўскім.

— Якую ролю і месца заняла БПЦ на чале з мітрапалітам Веніямінам у новай сістэме дзяржаўнай улады пасля 2020 года? Ці можна характарызваць ролю БПЦ словамі класіка: прывадныя рамні беларускага рэжыму і праваднік інтарэсаў РПЦ у Беларусі?

— Нейкай кардынальнай змены пасля 2020 года не адбылося. Так, як і раней БПЦ была падкрэслена лаяльнай да беларускай улады, так і цяпер. Як і раней яна была падкрэслена прарасійскай, так і цяпер. Гэты стан склаўся не ўчора і не пазаўчора, а трывае, можна сказаць, з 1839 года, калі была скасавана ўніяцкая царква ў Беларусі. Розніца паміж станам да 2020 года і пасля палягае, бадай, у тым, што раней было больш свабоды ў плане нізавых ініцыятыў і меншая палітычная дысцыпліна ў дачыненні да святароў, што сугучна з агульнай атмасферай у грамадстве.

— 5 кастрычніка кіраўнік БПЦ мітрапаліт Веніямін паставіў пытанне пра мэтазгоднасць богаслужэнняў на беларускай мове. Чаму беларуская царква адмаўляецца ад беларускай мовы?  

— Дзеля парадку заўважым, што «паставіць пад мэтазгоднасць» не азначае «адмовіцца». З таго, што ведаю: сярод тых, хто выказаліся, большасць — за мэтазгоднасць беларускай мовы. (Вялікая частка проста ўстрымалася.) Я памятаю, гадоў 10-15 назад сайт БПЦ быў выключна на рускай мове. Пазней з’явілася беларускамоўная версія, і яна надалей ёсць. На дадзены момант не даводзіцца казаць пра нейкі разварот у гэтым плане.


Глядзіце таксама

— Як дзяржава ў асобе Лукашэнкі выбудоўвае адносіны з Касцёлам, які актыўна выступіў супраць гвалту?

— У жніўні-верасні 2020 года супраць гвалту выступалі прадстаўнікі практычна ўсіх канфесій — і каталікоў, і праваслаўных, і шэрагу пратэстанцкіх цэркваў. Унутры Каталіцкага касцёла гэтую пазіцыю агучылі як мінімум чатыры іерархі з сямі, што магло стварыць у рэжыму адчуванне, што Касцёл ператвараецца ў апазіцыйную інстытуцыю. У выніку склалася палітыка ў дачыненні да Касцёла, якая ўяўляе з сябе адколванне і ізаляванне некаторых асоб або асяроддзяў (Чырвоны касцёл, рэпрэсіі супраць асобных святароў) пры захаванні выгляду, што ў адносінах да ўсяго Касцёла ў Беларусі дзейнічае статус-кво.

— Ліквідацыя царквы «Новае жыццё», відаць, стане прыкладам лёсу ўсіх пратэстанцкіх цэркваў: найбольш актыўныя цэрквы — ліквідаваць, цішэйшыя — загнаць у падполле?

— Евангельскія і ў цэлым пратэстанцкія цэрквы былі аб’ектам дыскрымінацыі як мінімум з канца 90-х. Пратэстанты становяцца аб’ектам пераследу не абавязкова таму, што ўяўляюць сабой непасрэдную пагрозу рэжыму, а таму, што бачацца ў вачах улад як «іншыя», «непадобныя», «якія-не-пасуюць-да-цэлага» элементы. Сваю ролю адыгрывае тут унутраная асаблівасць пратэстанцкіх і неапратэстанцкіх рухаў. Яны пазбаўлены моцнай іерархіі, не маюць адзінага цэнтра; вельмі дынамічна развіваюцца; паслядоўныя і больш радыкальныя ў вызнаванні веры, не схільныя да дыпламатыі і кампрамісаў у пытаннях, якія лічаць фундаментальнымі для хрысціяніна.

У сувязі з вышэй названым пратэстанты ў вачах улады ўяўляюцца як энергічная непадкантрольная стыхія, ад якой невядома чаго чакаць. У перыяд разгулу рэпрэсіўнай сістэмы такая царква, як «Новае жыццё», якая цягам дваццаці гадоў шмат нацярпелася ад улад, не магла быць пакінута ў спакоі з той простай прычыны, што ў яе ёсць «матыў» не любіць рэжым плюс уласцівая ўсім евангельскім цэрквам прынцыповасць.


Глядзіце таксама

— БПЦ цалкам падмяць пад сябе, з Касцёлам дамовіцца, пратэстантаў ліквідаваць — гэта і ёсць новая палітыка беларускага рэжыму ў рэлігійнай сферы? Якія рызыкі нясе законапраект «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»?

— Наколькі разумею, гаворка ідзе пра новую рэдакцыю законапраекта «Аб свабодзе сумлення» (бо сам закон існуе з 90-х). На дадзены момант заўчасна казаць пра рызыкі, бо ў самім тэксце законапраекта прадугледжаны даволі касметычныя змены. Многае залежыць ад правапрымянення, таго самага працэсу перарэгістрацыі. Можа быць так, што ў выніку перарэгістрацыі будуць скасаваны некаторыя пратэстанцкія цэрквы. Паўстаюць некаторыя апасенні за ўніяцкую царкву, але думаю, што аж да такога не дойдзе.

 — Бюджэтнікаў можна прымусіць пайсці на суботнік ці на лукашэнкаўскі мітынг, але вернікаў не зацягнеш у дзяржаўную царкву на ланцугу. Якую лінію паводзін абіраюць беларускія вернікі ў гэтай сітуацыі?

— Дзяржаўнай царквы ў Беларусі няма, ёсць толькі цэрквы, кааптаваныя дзяржавай (схіленыя на свой бок у меншай ці ў большай ступені). Вернікі ў большасці не ўспрымаюць цэрквы праз прызму «прарэжымная» ці «антырэжымная». Цэрквы ўспрымаюцца перадусім як прастора літургіі, абрадаў, чытання і тлумачэння Бібліі або вучэння Айцоў Царквы. Сярод той меншасці, для якіх пытанне стаўлення да рэжыму істотнае, выбіраюць адно з двух: або талераванне непрымальнай для іх угодніцкай пазіцыі іерархаў у імя захавання еднасці з царквой з рэлігійных прычын, або сыход з царквы ці пераход да іншай.