Валанцёр: Рух па абароне жывёл у Беларусі адстае на 150 – 200 гадоў

Сёння, 4 кастрычніка, адзначаецца Сусветны дзень абароны жывёл. На жаль, у Беларусі, нягледзячы на спробы заканадаўчага рэгулявання пытанняў зоааховы, усё яшчэ нямала выпадкаў, калі людзі вельмі жорстка абыходзяцца з братамі нашымі меншымі. Пра тое, у чым галоўная праблема зоаахоўнага руху ў нашай краіне, мы пагутарылі з Ксеніяй Давыдзенка — старшынёй Асацыяцыі зоаахоўных арганізацый.

_mg_3695_logo.jpg


— Чым займаецца ваша Асацыяцыя і якія ў яе мэты?
— У Асацыяцыю цяпер уваходзяць каля 20 зоаахоўных грамадскіх аб’яднанняў і ўстаноў. У нас тры галоўныя мэты: удзел у распрацоўцы прававых актаў, іх праваўжыванне і праца з насельніцтвам, у тым ліку з асобнымі валанцёрамі.
— Вы як дасведчаны валанцёр ведаеце, як працуе зоаахова ў розных краінах і ў нас. Урэшце, як гэта павінна быць і працаваць?
— Калі я пісала дыпломную працу па пытаннях зоааховы, то, канешне, даследавала гісторыю гэтага руху. Натуральна, у гэтых пытаннях мы паўтараем шлях замежных краін, і паўтараем яго з затрымкай гадоў на 150, калі не на 200. У нас ёсць шанец не паўтараць памылкі папярэднікаў, але па некаторых напрамках нашай дзейнасці ў нас гэта не вельмі атрымліваецца.

Ксенія Давыдзенка

Ксенія Давыдзенка


Самая вялікая праблема цяпер — праваўжыванне. Калі кажуць, што ў нас дрэнныя законы ў галіне стаўлення да жывёл, то гэта не зусім так. Канешне, ёсць нарматыўныя акты, якія супярэчаць адзін аднаму, але прымаюцца новыя артыкулы ў Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксах. Яны вельмі нам дапамагаюць, але шмат людзей іх не ведаюць і, як вынік, не фарміруюць праваўжывальную практыку. Дзе не хочуць, а дзе і наўпрост не вераць.
Мы даволі шчыльна кантактуем з французскім «Фондам Брыжыт Бардо», шмат чаго даведваемся ад іх, і дзіўная рэч — у Францыі няма закону аб абароне жывёл! І, ведаеце, зоаахоўнікі там існуюць, і вельмі паспяхова дзейнічаюць! Ім хапае лакальных прававых актаў, якія проста працуюць і не супярэчаць адзін аднаму. Законы — не самая вялікая праблема. Значна большая праблема ў тым, што большасць нашага насельніцтва ставіцца да жывёл абсалютна безадказна.
— Ці можаце вы распавесці пра некаторыя фактычныя прыклады ў галіне зоааховы за мяжой? Напрыклад, была навіна, што ў суседняй Польшчы нельга трымаць сабаку на ланцугу.
— Ведаеце, шмат падобных навінаў у гэтай галіне мы атрымліваем з інтэрнэту, і аўтарамі немалой іх колькасці аказваюцца людзі, мякка кажучы, далёкія ад зоааховы. Абапірацца ў сваёй дзейнасці на падобныя публікацыі мы не можам сабе дазволіць.

_besprytulnyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


— А якая гісторыя зоаахоўных суполак? Напрыклад, наколькі я ведаю, у Швецыі ў 1882 годзе была створана першая арганізацыя па абароне правоў жывёл, а закон аб абароне жывёл быў прыняты яшчэ раней — у 1857 годзе.
— У Вялікабрытаніі такі закон быў прыняты ў 1822 годзе. Менавіта ён лічыцца першым законам аб абароне жывёл ад жорсткасці. Але, насамрэч, гэта не так. Яшчэ ў старажытнай Індыі часоў імператара Ашокі быў звод законаў, які закранаў жывёл. Таксама, мала хто пра гэта ведае, у Ірландыі часоў Кромвеля былі законы, якія забарнялі жорсткасць у адносінах ды жывёл кшталту забароны баёў пеўняў, і гэтак далей.
Што тычыцца брытанскага закону, то ён буксаваў каля 40 гадоў. Калі ён быў вынесены на разгляд, то панаваў літаральны рогат. Ну якія жывёлы, што вы, насамрэч? І тут вызначыўся адзіны чалавек, я зараз не памятаю, як яго звалі, штосьці кшталту Добры Дзік. Ён на асабістым, будзем так казаць, энтузіязме прасунуў гэты закон! Ён прысвяціў гэтаму шмат гадоў свайго жыцця, але зрабіў гэта! Самае цікавае, што за першы год існавання гэтага закону ён атрымаў перамогу ў амаль 140 справах у судах. У самай першай справе ён абараняў простага асла — мужчына ўбачыў, як пагоншчык збівае жывёлу, і падаў на яго ў суд. Па ходзе суда ён убачыў, што прайграе, і наўпрост прывёў у памяшканне суда таго самага асла. Калі вушастага небараку ўбачылі суддзі, то адразу пагадзіліся з Дзікам. Гэта было настолькі неардынарна, што карціна гэтай сцэны зараз вісіць у офісе суполкі па абароне жывёл Вялікабрытаніі. Фактычна адзін чалавек прасунуў закон, стварыў суполку абароны жывёл. Працаваў так, што праз 20 гадоў на гэта звярнула ўвагу каралева і суполка стала каралеўскай. 
 —То-бок, мы можам казаць аб тым, што не законы рэгулююць адносіны да жывёл, але стаўленне людзей да гэтай праблемы?
— Так. Павінен быць грамадскі запыт. Так, у выніку актыўнай працы зоаабаронцаў 1 сакавіка былі ўнесены змены ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы, з’явіліся новыя паняцці. Напрыклад, цяпер дэталізавана вызначэнне «жорсткае абыходжанне». Гэтага нам вельмі не хапала раней! Таксама вынесена ў асобнае паняцце «пазбаўленне ад жывёлы». Выкінутыя коткі ды сабакі — наш сапраўдны біч. Да нас звяртаецца шмат людзей, якія знаходзць такіх небарак, бывае нават, што яны ведаюць, хто выкінуў жывёлу, але не вераць, што дрэннага гаспадара можна прыцягнуць да адказнасці, і амаль заўсёды лянуюцца пісаць заяву.
— Пакуль не было напісана падобных заяваў?
— Былі. Іх было некалькі, нешта каля 10, і гэта толькі дзякуючы нам. Тут атрымліваецца такая цікавая рэч: супрацоўнікі МУС маюць права складаць пратакол толькі па частках 1 і 3 артыкула 16.29 КаАП, а па ўсіх частках гэтага артыкула — толькі супрацоўнік мясцовай адміністрацыі. Але вельмі часта яны самі пра гэта не ведаюць. Грамадзянін хоча прыцягнуць да адказнасці, скажам, суседа, які выкінуў з дому кацяня, і ідзе з гэтай заявай у міліцыю, а там пра гэты артыкул нават не ведаюць, і што рабіць — таксама. Пакуль разбіраюцца, тэрміны прыцягнення да адказнасці сыходзяць, і ўсё застаецца, як было. Таму цяпер мы вельмі стараемся інфармаваць людзей, што рабіць у такіх выпадках, куды і да каго ісці, як пісаць заявы і г.д. Кожны ўладальнік жывёлы павінен усвядоміць, што калі ён выкіне свайго гадаванца  — немалы штраф яму забяспечаны.

_besprytulnyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg


— З якімі праблемамі цяпер сутыкаецца вашая Асацыацыя?
— Тыповая праблема — чалавек тэлефануе ці піша ў чат аб якім-небудзь здарэнні з жывёлай і не хоча больш нічога рабіць. Нават заяву напісаць лянуецца. Я магу дапамагчы напісаць заяву, распавесці, куды і як яе накіраваць, але я сама не магу прыехаць у кожную кропку краіны, дзе штосьці здараецца, і разбірацца на месцы. Вельмі малы адсотак тых, хто згаджаецца і пачынае штосьці рабіць на месцы. Чаму? Можа, лянота, можа яшчэ што, бо гэта таксама праца. Трэба ўсвядоміць, што нішто само не зробіцца.
Ёсць яшчэ і глабальнае непаразуменне. Усе валанцёры пачынаюць з таго, што ратуюць жывёл сваімі рукамі. Год, два, тры — і прыходзіць разуменне, што цябе на ўсіх не хопіць. Мора чайнай лыжкай не вычарпаеш, і Асацыяцыя была створана, каб шукаць вытокі праблем і штосьці рабіць з імі разам.
 — Атрымліваецца?
— Так. Нам некалькі разоў дапамагло МУС. У Грамадзянскім кодэксе ёсць артыкул 231, які патрабуе пры знаходжанні бездагляднай жывёлы не пазней трох дзён паведаміць аб гэтым мясцовы орган унутраных спраў. Але як гэта зрабіць на практыцы? Натуральна, не будзеш кожны раз міліцыю выклікаць. Мы напісалі зварот з запытам тлумачэнняў. МУС пагадзілася з намі і параіла адпраўляць такую інфармацыю электронным зваротам. Бываюць выпадкі, што валанцёр знаходзіць жывёлу, глядзіць за ёй, пачынае шукаць новы дом, і знаходзіцца стары гаспадар, які пачынае вінаваціць валанцёра ў крадзяжы. Таму мы вельмі раім валанцёрам паведамляць мясцовыя органы МУС аб знаходках жывёл — дзе і калі знайшлі, апісанне з фота. Прадугледжана ГК — паведамляйце.

_ksenija_davydzenka__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


Таксама я была на прыёме у намесніка міністра МУС з пытаннямі аб працы па новым артыкуле 16.29 КаАП. Мы прапанавалі неяк цэнтралізавана з нашым удзелам патлумачыць важнасць і нюансы працы па гэтым артыкуле. Мы дамовіліся аб гэтым.
Далей было не менш важнае пытанне аб часовай канфіскацыі жывёл падчас адміністрацыйнага працэсу аб жорсткім абыходжанні, каб гадаванцам не была нанесена яшчэ большая шкода. Намеснік з гэтым таксама пагадзіўся, і цяпер жывёлы не застаюцца ў былога гаспадара.
І яшчэ адзін вельмі важны момант — правядзенне экспертызы для доказу, што жывёла памерла менавіта ад жорсткага абыходжання, што дае падставу для ўзбуджэння крымінальнай справы. Такая экспертыза праводзіцца ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, але мы ж разумеем, што адна ўстанова наўпрост не справіцца са шматлікімі запытамі. На прыёме я падзялілася тым, што органы МУС могуць прыцягваць у якасці эксперта любога спецыяліста, які валодае спецыяльнымі ветэрынарнымі ведамі. З гэтым намеснік таксама пагадзіўся, і цяпер ужо ёць такі прыклад, калі ў ветклініцы аднаго з гарадоў зроблена такая экспертыза. Там адзін з чальцоў нашай Асацыяцыі дачакаўся апергрупу каля ката, якога выкінулі са шматпавярховіка, і настаяў на экспертызе ў ветклініцы, якая даказала гвалтоўную смерць жывёлы, і вінаваты быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
— Чаму асабіста вы гэтым займаецеся?
— Тут можна прыгадаць пра тэорыю разумнага эгаізму. Я не магу пайсці піць гарбату, калі ў мяне ля пад’езду нехта памірае. Мне будзе вельмі няёмка піць гэтую гарбату. Я гэтым займаюся таму, што хачу, каб мне было добра! (смяецца). Кожны валанцёр, зоаахоўнік, які ўсім гэтым займецца, — не хоча гэтым займацца ўсё жыццё. Для мяне сапраўдны валанцёр — гэта той, хто кажа: «Я хачу вось гэта ўсё паправіць і спакойна далей жыць». Гэта не павінна быць сэнсам жыцця. І вельмі хочацца, каб валацёры перасталі сварыцца паміж сабой. У нас адны мэты, і трэба вучыцца дамаўляцца і шукаць кампраміс.

_ksenija_davydzenka__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


Фота Дзмітрыя Дзмітрыева