Ва Універсітэце культуры ліквідавалі катэдру этналогіі і фальклору
Адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага універсітэту культуры і мастацтваў спыніла дзейнасць кафедры этналогіі і фальклору. Супрацоўнікаў паставілі перад фактам. Прычына кроку тлумачыцца «аптымізацыяй» працэсу, піша «Свабода».
Пра «надзвычайнае здарэнне» ў навучальнай установе расказала старшая выкладчыцы кафедры, артыстка-вакалістка вышэйшай катэгорыі Таццяна Пладунова. Асабліва яе абурае, што рашэнне прынялі ў самым пачатку сезону, калі ў педагогаў і студэнтаў ужо былі распісаныя творчыя планы на наступны год.
«Ну што ж, прыйшла і да нас чарга. Катэдра этналогіі і фальклору закрытая з нявысветленых прычынаў, вядомых толькі кіраўніцтву. Прынамсі, да выкладчыкаў, якія аддалі універсітэту 20 гадоў жыцця-душы-розуму-натхнення, нават не давялі прычыну такой рэзкай перамены. Пры тым, што ўся культурная грамадскасць ведае нашых супрацоўнікаў як няспынных рухавікоў беларускасці, неардынарных творцаў і шчырых, разумных педагогаў, „сябры“-начальнікі робяць выгляд, што працэдура мае на мэце забяспечыць больш інтэнсіўны характар навучання студэнтаў-фалькларыстаў на іншай кафедры», — наракае адмыслоўца.
Яна ўдакладніла, што з гэтага моманту дадатковы цяжар узвальваецца на кафедру народна-песеннай творчасці факультэту музычнага і харэаграфічнага мастацтва, куды пяройдуць навучэнцы і некаторыя супрацоўнікі.
Таццяна Пладунова спадзяецца хаця б на тое, што спецыялізацыя «Этнафоназнаўства» застанецца нязменнай паводле зместу і формы — са спецыяльнымі дысцыплінамі, выкладчыкамі і аўдыторыямі.
«Таму што вытраўліваць са свядомасці гісторыю, культуру, мову нашых продкаў небяспечна для жыцця саміх нашчадкаў. Спадзяюся, калі-небудзь гэта ўсвядомяць і тыя, хто сёння гвалтоўна і збянтэжана яе вынішчае. Як кажуць простыя людзі, мы жывыя, пакуль жывём і дапамагаем адзін аднаму. Мова жыве, пакуль мы на ёй гаворым, а песня — пакуль мы яе спяваем. Веру, што мае калегі і далей будуць ажыццяўляць галоўную мэту свайго існавання — вывучаць, засвойваць і прапагандаваць традыцыйную беларускую культуру», — падсумоўвае Таццяна Пладунова.
Кафедру этналогіі і фальклору стварылі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсітэце культуры і мастацтваў у самым пачатку нулявых. За наступныя два дзясяткі гадоў адсюль выйшлі сотні высокакваліфікаваных адмыслоўцаў-этнолагаў.
Тут працавалі шматлікія студэнцкія гурты: «Этнасуполка» пад кіраўніцтвам дацэнта Таццяны Пладуновай, «Страла» пад кіраўніцтвам старшай выкладчыцы Эвеліны Шчадрынай, «Човэн» пад кіраўніцтвам выкладчыцы Юліі Люкевіч ды іншыя.
Тым часам стала вядома пра звальненне колішняга загадчыка расфармаванай кафедры, кандыдата культуралогіі, дацэнта Вячаслава Калацэя. Ён выкладаў дысцыпліны «Этнаграфія, міфалогія і фальклор беларусаў», «Гісторыя фалькларыстыкі», «Клас фальклорнага выканальніцкага майстэрства».
Раней праз пераслед за грамадзянскую пазіцыю звольніўся і выехаў за мяжу іншы дасведчаны выкладчык, кандыдат навук Вячаслаў Красулін.
Астатнія супрацоўнікі не выключаюць, што скарачэнні неўзабаве могуць закрануць і іх — у такой колькасці выкладчыкаў пры новым фармаце патрэбы няма.