Улады ўводзяць надбаўку да заробкаў медыкаў, але адмяняюць «кавідныя»
Беларускія медыкі атрымаюць новую надбаўку да заробку. Як паведамляе прэс-служба Мінздароўя, яна з'явіцца з 1 ліпеня.
Надбаўка будзе дыферэнцыраваная ў залежнасці ад складанасці і інтэнсіўнасці выкананай працы, піша Еўрарадыё.
Пры гэтым, як дадаў намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Чараднічэнка, будуць адмененыя «кавідныя» надбаўкі медыкам. Медыцынскі чыноўнік заявіў, што эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі стабілізавалася, захворванне COVID-19 нязначнае, насельніцтва правакцынаванае.
«У сувязі з гэтым указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 чэрвеня 2022 г. №206 з 1 ліпеня 2022 г. адменены ўказ №131 і дадзена даручэнне ўраду забяспечыць павышэнне заработнай платы медыцынскім работнікам за кошт устанаўлення стымулюючых выплат. Саветам міністраў выканана даручэнне», — паведаміў ён.
Нагадаем, раней міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, анансаваўшы гэтыя надбаўкі, заявіў, што яны — «чарговы падарунак ад кіраўніка дзяржавы, які мы павінны ў тым ліку адпрацаваць на сваіх працоўных месцах».