У выніку аварыі ў Курапатах пашкодзілі агароджу і металічны крыж

У выніку дарожна-транспартнага здарэння каля народнага мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах пашкоджаны металічны крыж, пастаўлены актывістамі, а таксама сеткавая агароджа, зробленая камунальнымі службамі, паведамляе «Свабода».

Пашкоджаны крыж у Курапатах

Пашкоджаны крыж у Курапатах


Паводле ініцыятара курапацкай вахты Паўла Севярынца, ДТЗ адбылося з боку пасёлку Сонечнага, аўтамабіль з праезнай часткі вынесла проста на ахоўную зону. У выніку быў збіты крыж, паламаная агароджа і засталася баразна на ўзгорку.

Абставінаў аварыі Дзяржаўтаінспекцыя не паведамляе, легкавік пазней быў вывезены эвакуатарам. Актывісты вырашаюць, якім чынам будуць аднаўляцца пашкоджаныя элементы мемарыялу.

 

Пашкоджаны крыж у Курапатах

Пашкоджаны крыж у Курапатах

Як сказаў Свабодзе адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі, згодна з заканадаўствам, кампенсаваць выдаткі мусіць вінаваты ў здарэнні.

Агароджа — гэта прэрагатыва Бараўлянскага лясгасу. А вось крыж фактычна патрабуе замены, бо ў аснове ён вывернуты і ў такім выглядзе вяртанне на месца не ўяўляецца магчымым.

Па словах палітыка, гэта нагода запатрабаваць ад уладаў вярнуць 24 крыжы, экспрапрыяваныя камунальнікамі пад выглядам «добраўпарадкавання» тэрыторыі.