У Слуцку ўлады заклікалі дбаць пра беларускую мову
Праваабаронца Алег Мацкевіч звярнуўся ў Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт і Упраўленне па адукацыі Барысаўскага райвыканкама са зваротамі напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы. З такім жа зваротам на імя старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага звярнулася і старшыня Слуцкага таварыства беларускай мовы Зінаіда Цімошак.
У сваім лісце Зінаіда Цімошак звяртае ўвагу на праблему недастатковага ўжывання ў Слуцку беларускай мовы як дзяржаўнай.
«Зараз у Слуцку склалася такая сітуацыя, што ўсебаковае развіццё і рэальны статус дзяржаўнай мовы мае толькі руская. На рускай мове размаўляюць чыноўнікі і вядзецца асноўнае справаводства, на рускай мове адбываецца навучанне ў школах горада і напісаны ўказальнікі вуліц горада», — піша ў сваім звароце грамадская актывістка.
Цімошак лічыць, што згодна заканадаўству райвыканкам адказвае не толькі за эканамічнае жыццё, але і за культурнае жыццё беларускага горада. Ён павінен клапаціцца пра адраджэнне беларускай мовы ў дзяржаўным, грамадскім і духоўным жыцці гараджан і садзейнічаць, каб беларуская мова мела рэальны статус дзяржаўнай мовы.
— Не рэгіянальныя малаколькасныя таварыствы беларускай мовы, а менавіта мясцовыя органы ўлады маюць вялікія магчымасці і паўнамоцтвы ў справе развіцця нацыянальнай культуры і фармавання нацыянальнай самасвядомасці. Ужо даўно прыйшоў час не прасіць, а патрабаваць ад уладаў не парушаць заканадаўства ў адносінах да беларускай мовы як дзяржаўнай, — гаворыць Зінаіда Цімошак.
У сувязі з надыходзячым Міжнародным днём роднай мовы яна, як і барысаўскі праваабаронца, просіць «унесці прапановы службам і структурным падраздзяленням райвыканкама па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, распрацаваць і прыняць планы па пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў дзейнасці гэтых арганізацый, распрацаваць і правесці мерапрыемствы па пашырэнні беларускай мовы ў грамадскай прасторы Слуцкага раёна».
Упраўленню па адукацыі райвыканкама, Слуцкаму райвыканкаму прапануецца разгледзець магчымасць распрацоўкі паўнавартаснай арыгінальнай беларускамоўнай версіі абодвух сайтаў (зараз яны — толькі на рускай мове!), правесці ва ўстановах адукацыі Слуцкага раёна мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, актывізаваць працу па стварэнні груп з беларускай мовай навучання ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, унесці ў план працы Упраўлення па адукацыі на 2019-2020 навучальны год шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю і ўжыванне беларускай мовы.