У сераду, 21 красавіка, адбудзецца пасяджэнне выканкама МАК. Ці будуць рашэнні па Беларусі?

На заўтра анансавана чарговае пасяджэнне выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта. Гэта планавае мерапрыемства, яно даўно стаяла ў раскладзе працы МАК, аднак за яго вынікамі будуць уважліва сачыць у Беларусі. Прычына — імаверныя санкцыі з боку Лазаны ў адрас беларускага НАК.

olympic_flag.jpg

Пра пасяджэнне выканкама МАК паведамляе прэс-служба арганізацыі. Праз пандэмію каронавіруса яно пройдзе ў анлайн-фармаце. Пасля заканчэння працы адбудзецца прэс-канферэнцыя.

З рэліза вынікае, што «выканаўчы камітэт павінен атрымаць абноўленую інфармацыю пра дзейнасць камісій і адміністрацыі МАК, а таксама справаздачы арганізацыйных камітэтаў па Алімпійскіх гульнях, якія маюць адбыцца».

Нагадаем, што на пачатку красавіка датычна кіраўнікоў Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксанды Герасіменя і Аляксандра Апейкіна Следчым камітэтам была заведзеная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 361 («Заклікі да здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Санкцыя артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 5 гадоў.

Тады ж у адмысловым стрыме Герасіменя і Апейкін (яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі) распавялі, што праз крымінальную справу МАК можа выключыць беларускі НАК з ліку сваіх членаў.

«На самой справе яны зрабілі чарговы стрэл сабе ў нагу. Недасведчанасць беларускіх спартыўных чыноўнікаў уражвае. Яны самі сабе шкодзяць. Крымінальныя справы заведзеныя не супраць нас — фізічных асоб, а фактычна супраць прадстаўнікоў Фонду спартыўнай салідарнасці. А Фонд — суб'ект міжнароднага спартыўнага права, удзельнік Алімпійскага руху, прызнаны МАК і міжнароднымі спартыўнымі федэрацыямі», — падкрэсліў тады Аляксандр Апейкін.

«Думаю, тое, што цяпер адбываецца, абвінавачванне нас ва ўсіх грахах, адыграе вялікую ролю. І ў выніку магчыма нават выключэнне беларускага НАК з ліку членаў Міжнароднага алімпійскага камітэта. У тым ліку верагодна і выступленне беларускіх спартсменаў на Гульнях пад нейтральным флагам. Калі гэта здарыцца, то не стане нашай з Сашам заслугай. Думаю, яны самі набылі і набудуць яшчэ дадатковых санкцый. Мне здаецца, усё так і будзе, хоць паглядзім, што адкажа МАК», — дадала Аляксандра Герасіменя.