У Беларусі анансавалі платныя прышчэпкі ад каронавіруса вакцынамі Pfizer і AstraZeneca

Пытанне пра магчымасць атрымання заходніх вакцынаў уздымалася ў тым ліку з-за таго, што «Спутнік V» і Sinopharm не ўхваленыя ў Еўрасаюзе і шэрагу іншых краін, а гэта істотна перашкаджае свабодзе турызму, перадае «Радыё Свабода».

Shutterstock

Shutterstock

Прышчапіцца Pfizer і AstraZeneca будзе магчыма, але, адрозна ад даступных цяпер вакцынаў «Спутник V» і Sinopharm, толькі за грошы. Пра гэта заявіў міністар здароўя Дзмітрый Піневіч у эфіры тэлеканалу АНТ.
«Мы ставім сваёй мэтай бязвыплатную вакцынацыю, а Pfizer значна даражэй, чым існуючыя аналагі. З гэтага пункту гледжання, ацэнкі якасці і даступнасці, Pfizer не з'яўляецца прыярытэтам, — заявіў міністар. — Але калі патрэба паўстане, то ў краіне з'явяцца і Pfizer, і AstraZeneca, праўда, такая прышчэпка ўжо будзе за грошы».
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на гэты момант у Беларусі поўны курс вакцынацыі прайшлі больш за 1,5 мільёна чалавек. Першую дозу атрымалі — каля 2,2 мільёна (крыху больш за 23%).
Медыкі адзначаюць, што чацьвёртая хваля, якая прыйшла ў Беларусь, характарызуецца вялікай колькасцю пацыентаў у цяжкім стане. Калі падчас папярэдніх трох хваляў прышчапляцца раілі людзям старэйшага ўзросту, то зараз рэкамендуюць асобам ва ўзросце 30+.
Пра тое, што маладыя ўсё часцей хварэюць COVID-19, а сам працяг захворвання стаў больш цяжкім, у эфіры СТБ паведаміла намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.
«Сапраўды, цяпер часцей хварэюць маладыя людзі. Захворванне працякае больш цяжка і агрэсіўна. Хутчэй надыходзіць пагаршэнне стану нашых пацыентаў», — сказала яна.
У ведамстве таксама падкрэслілі, што 99,9% пацыентаў у цяжкім стане ў кавідных аддзяленнях не былі прышчэпленымі. Яна зазначыла, што падчас чацвёртай хвалі павялічылася колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на кіслародатэрапіі.