«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 12: Праклёны старой цыганкі і змова «Чырвоная памада»

У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала пра ідэйнага натхняльніка аператыўнікаў гомельскай калоніі, а таксама пра подлыя і брудныя метады працы гэтых службоўцаў. Сёння рапавяду, як палітвязні ўцерлі нос карпусному Валадаркі, чаму памада для вуснаў так палохае людзей у пагонах і якія кампліменты мне казаў намеснік начальніка калоніі.

turemnyja_dzjonniki_klaskouskaj_vokladka_novy_czas_1_1_1_1_1_1_1_1.webp

Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай

Акела прамахнуўся

Ты ведаеш, я ж раней не курыла. Пачала вось толькі тут, на Валадарцы, — апавядала, страсаючы попел у ракавіну, Віка Кульша. — Мабыць, стрэс. Але хутчэй за ўсё, гэта з-за цябе. Ты ўвесь час спакушаеш мяне на цыгарэты.

Сяброўка засмяялася, за дзвярыма камеры пачуўся шум. 

— Вы почему курите в неустановленном месте? На вас будет составлен рапорт, — адкаментавала праз вочка наглядчыца.

Мы з Вікай настолькі захапіліся размовай, што трошкі адсунуліся ад умоўнай прыбіральні. Менавіта там звычана кураць вязні. 

А дзе тут пазначана «установленное место»? – пайшла на прынцып Віка. — Па правілах, курэнне дазваляецца ў адмыслова вызначаных для гэтага месцах. Але ў гэтай камеры ніякіх адпаведных пазнак няма. 

Віка Кульша — прафесійны юрыст. Добра ведае заканадаўства і калі чуе бязглуздыя абвінавачванні, нічым з юрыдычнага пункту гледжання не падмацаваныя, ідзе на прынцып — адстойвае сваю правату да канца. 

— Паклічце карпуснога. З вамі я размаўляць не бачу сэнсу, — кінула наглядчыцы сяброўка. 

Праз некалькі хвілін у камеру ўваліўся карпусны па мянушцы Уважаемый. Празвалі яго так не таму, што ён карыстаўся нейкім там зааблочным аўтарытэтам сярод зняволеных, а таму, што ён сам усіх вязняў называў «уважаемые». 

З-за мажнага целаскладу службовец атрымаў і другую мянушку — Віні-Пух. 

— В чем проблема? Почему нарушаем? — запытаўся ён. 

— А Класковская и Кульша постоянно ругаются с нами, все время проблемы создают, — пачулася дзяўканне за яго спінай. Гэта наша знаёмая наглядчыца вырашыла падліць алею ў агонь. Чамусьці адразу ўзгадаліся кадры са старога савецкага мульціка «Маўглі», а менавіта лямант шакала «Акела прамахнуўся».

— Дык а дзе ў гэтай камеры пазначана месца для курэння? — запытваемся ў карпуснога. 

— В туалете, — адрэзаў той.

— Тут ніякіх пазнак няма. У адпаведнасці з правіламі ўтрымання асоб пад вартай, месца мусіць быць пазначанае, — даводзіць да службоўца Віка. 

Дзіўна і нечакана, але Акела насамрэч прамахнуўся. Уважаемый доўга чухаў рэпу і ўрэшце выціснуў з сябе:

— И действительно. Во всех остальных камерах в туалете есть соответсвующая надпись. У вас почему-то нет. Я не знал. Рапорт я аннулирую, потому что вы правы. Но сегодня специально приведу сюда зеков с трафаретом, чтоб написали то, что вы требуете, — карпусны разгублена абвёў нас і камеру вачыма і выйшаў прэч. 

Наглядчыца за яго спінай ажно змянілася ў твары. Яна ж чакала перфомансу і публічнай поркі. Але штосьці пайшло не так. І дзень для яе пражыты марна. 

Такія маленькія перамогі за кратамі заўважна ўзнімалі дух. 

Супрацьстаянне з людзьмі сістэмы ў такіх умовах — няроўнае, цяжкае, увесь адміністрацыйны рэсурс на іх баку. Плюс гэтыя людзі ніколі не прызнаюць свае памылкі — каб не здавацца слабымі ў вачах вязняў. 

Таму, калі атрымлівалася адстаяць хаця б часткова сваю правату ў такіх варунках, няхай сабе і ў драбніцах — гэта заўсёды ўспрымалася намі, як дасягненне, натхняла нас. 

Бьюці-лікбез для падпалкоўніка

Оля, так ярко красятся только проститутки. Давай, прекращай уже свой боевой раскрас. Это все тут неуместно. Или ты на дискотеку собралась? И вообще, давай уже кончай с этой красной помадой. В знак солидарности с Колесниковой накрасилась?— адчытваў мяне аднойчы намеснік начальніка калоніі Кавалёў

Намеснік начальніка ПК-4 па рэжымнай і аператыўнай працы Станіслаў Кавалёў

Намеснік начальніка ПК-4 па рэжымнай і аператыўнай працы Станіслаў Кавалёў

Я толькі вярнулася з брэсцкага СІЗА. Прывезла з сабой новы тэрмін. Але настрой у мяне, нягледзячы ні на што, быў выдатны. Выехаўшы з гомельскай калоніі ў лістападзе 2021 года, я ўзварухнулася. Адчула нават нейкі смак жыцця. Пакуль ішло расследаванне новай крымінальнай справы, мяне кідалі з СІЗА ў СІЗА, звазілі нават на экспертызу ў Навінкі. Давялося прайсці праз вельмі шмат этапаў, змяніць багата ізалятараў і камер, але гэта трымала ў тонусе і ўсюды, дзе б я ні была, я сустракала шмат палітвязняў, даведвалася апошнія навіны з волі. 

З калоніі на этап мяне забіралі з ШІЗА. Адседжвала там чарговыя 5 сутак за нібыта «невежливое обращение с администрацией». Насамрэч я ўсяго толькі сказала аператыўніку Чорнаму, што яго правакацыйныя дзеянні нагадваюць мне клаўнаду. 

Той адразу пабег скардзіцца начальніку аператыўкі Алёхіну. І ўжо ўдваіх службоўцы пачалі адчытваць мяне, маўляў, як я асмелілася так дзёрзка размаўляць з людзьмі ў пагонах. 

— Дык а як з вамі размаўляць? Вы катуеце людзей, парушаеце заканадаўства, нормы маралі. Але не забывайцеся: калі гэтыя змрочныя часы пройдуць, вам абавязкова давядзецца несці адказнасць за свае супрацьпраўныя ўчынкі, — адказала я аператыўнікам. 

Алёхіна перасмыкнула:

— Вы еще тут угрожать смеете администрации? На вас за это будут составлены документы. Это ШИЗО однозначно. 

— Мне ўсё роўна. Ад сваіх слоў я не адмаўляюся, — адказала я маёру. 

Да гэтага я тры месяцы адседзела ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), таксама разнавіднасць карцэра. Таму, вырваўшыся з засценкаў на этап, я адчувала нібыта за спінай выраслі крылы. 

Глядзіце таксама


Назад у калонію мяне этапавалі вельмі хутка, нечакана. Нават яшчэ не прыйшло рашэнне апеляцыйнага суда, як службоўцы сказалі мне збірацца. У гомельскую катоўню я вярталася з цяжкім сэрцам. Была ўпэўненая, што адразу са старту зноў пайду ў штрафны ізалятар і што ў снежні мяне не выпусцяць, абавязкова ўзбудзяць новую крымінальную справу за «непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». 

Яно б так і было, калі б у апошнія напярэдадні вызваленні месяцы я не прыкінулася шлангам і асабліва не адсвечвала. 

І вось я зноў у ненавіснай калоніі. Сяджу ў кабінеце Кавалёва. Ён мяне перавыхоўвае, адчытвае за яркі, на яго думку, макіяж. У мяне на вуснах чырвоная памада.

— Мне больше нравится, когда женщина выглядит естественно, когда не пользуется косметикой, — пачынае філасофстваваць на тэму жаночай прыгажосці той.

— Грамадзянін начальнік, але ж вы ўвесь час робіце мне кампліменты. Таму ў вашых развагах супярэчнасці. А наконт касметыкі — у вас папросту няма густу. І ўвогуле, кантралёры забралі ў мяне хайлайтар, скажыце ім, каб вярнулі, — агарошваю я Кавалёва.

Той аж расчырванеўся:

— Что? Не понял. А что такое хайлайтер?

— Мужчыну гэта вельмі цяжка патлумачыць. Вы проста мне яго аддайце. Лепей я буду фарбавацца, чым бунты тут ладзіць, ну хіба не так? — не адступаюся я. 

— Хайлайтер-говн*йтер! Вечно тут какие-то замуты устраиваешь. Как ты мне надоела! – з раздражненнем адказаў падпалкоўнік. 

Але хайлайтар вярнуў. Дакладней, спусціў адпаведны загад у рэжымны аддзел, а тыя ўжо выклікалі мяне і аддалі ўсё тое, што кантралёры забралі ў часе «шмона».

Зноў маленькая перамога. На душы пачуццё маральнай асалоды. 

— Ты и так хорошо выглядишь. Прям цветешь, похорошела, — казаў пазней Кавалёў, угаворваючы мяне пры гэтым не карыстацца болей чырвонай памадай. 

Турэмнікі ўспрымалі яе як выклік, бачылі ў гэтым змову. 

І аператыўнікі, і шэраговыя супрацоўнікі былі перакананыя, што фарбуюся я з мэтай іх справакаваць, публічна дэманструю такім чынам салідарнасць з Марыяй Калеснікавай. 

Марыя Калеснікава.

Марыя Калеснікава.

Усё было нашмат прасцей. Калі я знаходзілася ў брэсцкім СІЗА і на Валадарцы, матуля здолела перадаць мне туды шмат касметыкі (у гомельскую калонію яе перадаваць было нельга). Між іншага, мама паклала шмат памад яркіх адценняў. Я ўбачыла іх і падумала: а чаму б не? Новы тэрмін — новы імідж.

Але калі турэмнікі ўсур’ёз маім новым іміджам пачалі пераймацца, я пайшла на прынцып. Вырашыла, што трэба пайсці ім насустрач і спраўдзіць іх чаканні. Да канца тэрміна я працягвала фарбавацца ярка, больш за тое, падарыла чырвоныя памады шмат каму з палітзняволеных сябровак.

Змова дык змова. Турэмнікі самі падкінулі нам гэтую ідэю.

Пра берцы і сэрцы

Паводле маіх назіранняў, большасць супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы ўсё ж такі баяцца адплаты. Баяцца будучыні, бо яна для іх няпэўная — а раптам дэмакратычныя сілы перамогуць і давядзецца несці адказнасць за свае нізкія ўчынкі?

— Все ты жалуешься здесь на условия, все тебе не угодить, все тебе плохо. Ну а что я могу сделать? Отель пятизвездочный тут создать? Нет возможности. Вот когда уже вы придете к власти, и мы будем сидеть, тогда сделаете тут лучше, — на поўным сур’ёзе сказаў мне напярэдадні вызвалення Кавалёў. 

Я ўважліва паглядзела ў яго вочы. Не, не жартуе. 

— Пожалуйста, простите нас, извините. Если что, то это не мы, — казаў мне адзін з наглядчыкаў брэсцкага СІЗА, надзяваючы на мяне кайданкі. 

— Я знаю, что это маразм, но я должен спросить у тебя твою категорию профучета. Можешь рапорт полностью не сдавать. Мне это не интересно и я с этим не согласен. Но спросить под видеокамеру должен, — выбачаўся іншы супрацоўнік таго ж самага следчага ізалятара. 

— Когда вы уже победите? Хотелось бы побыстрее. Лично я всегда буду голосовать за Статкевича. Классный мужик, справедливый, — дзяліўся думкамі канваір у аўтазаку.

— Да никто у нас усатого урода не поддерживает. Девяносто процентов против него, — пераконваў мяне канваір «сталыпіна». 

— Вы, оппозиционеры, совершили ошибку. Вам сначала нужно было договариваться с силовиками, а уже потом выводить людей на протесты. «Его» мало кто поддерживает среди наших. Многие очень недовольны и тем, что «он» поднял пенсионный возраст для военных, и много еще чем. А ОМОН и ГУБОП – это вообще отморозки. Упыри, замаравшие погоны, — гэтыя словы сказаў мне падпалкоўнік з сістэмы. Час, месца і акалічнасці нашай сустрэчы і размовы не расшыфроўваю, каб не нашкодзіць гэтаму чалавеку, але ў будучыні абавязкова пра яго распавяду больш дэталёва. 

Я тады адказала падпалкоўніку, што гэта яны, сілавікі, мусілі дамаўляцца паміж сабой і, згуртаваўшыся, стаць на абарону свайго народу. А не перавешваць гэтую адказнасць зараз на нас. 

Ці багата я такіх службоўцаў сустракала ў часе знаходжання за кратамі? Дастаткова. Ці магу сказаць, што паважаю іх? Не. 

Маладушнасць, трусасць, душэўная глухата, крывадушша, жаданне заграбаць жар чужымі рукамі — за такое не паважаюць. 

— Да будьте вы все прокляты, политические проститутки! — разносіўся над лакальным участкам лямант старой цыганкі бабы Пасі (мянушка ўтвораная ад яе прозвішча — Пасевіч). 

Гэта яна так перавыхоўвала палітвязняў. Хаця на самой справе баба Пася была апалітычнай і ёй папросту падабаліся скандалы, перфомансы, яна такім чынам падсілкоўвалася, атрымлівала кайф. 

— Хотя ты знаешь, Оля, вы все правильно делаете. Поэтому пусть будут прокляты те, кто нас сюда посадил. Да, и не забудь купить мне батон в отоварке и дай мне сахара, — хітра падміргнула мне старая цыганка. 

Працяг будзе.