Тры гады за кратамі. Алексіевіч, Ціханоўская і іншыя вядомыя людзі звярнуліся да Ігара і Дар'і Лосікаў

25 чэрвеня 2023 году спаўняецца тры гады, як блогер і журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік за кратамі. Ягоная жонка Дар’я таксама ў зняволенні. Свабода сабрала меркаванні вядомых асобаў пра Ігара і Дар’ю Лосікаў.

losiki.jpg

Сьвятлана Алексіевіч: Каханьне перамагае і робіць іх мацнейшымі

«Я часам чую, што нашая рэвалюцыя пацярпела паразу, не перамагла. Але я думаю — мо гэта і так, рэвалюцыя не перамагла — але героі рэвалюцыі ёсьць.

Я магу назваць дзясяткі імёнаў. І адно з самых прыгожых імёнаў, імёнаў прыгожага супраціву — як бы гэта ні было страшна, — гэта каханьне гэтых двух маладых людзей, якія шмат перажылі. Усё ж такі каханьне перамагае і робіць іх мацнейшымі.

Гэта тое, што дапамагае ім там выжыць, што прымушае нас усіх думаць пра тое, якім усё ж прыгожым бывае чалавек і як шмат ён можа. І гэта дае нейкую веру ў будучыню».

Робін Вагэнэр, дэпутат Бундэстагу Германіі: Я хачу, каб вы ведалі, што вы маеце голас у Бэрліне, у Вільні, у Варшаве

«Дарагі Ігар!

Мне няпроста знайсьці правільныя словы ў такой сытуацыі — калі ўвогуле ёсьць „правільныя“ словы ў такіх сытуацыях.

Перш за ўсё, я хачу, каб вы ведалі, што мы бачым вас, нават калі вы за сьценамі.

Я хачу, каб вы ведалі, што мы чуем вас, нават калі вы ня можаце цяпер прамаўляць да нас. Я хачу, каб вы ведалі, што вы маеце голас у Бэрліне, у Вільні, у Варшаве і ў многіх іншых месцах сьвету. Мы на вашым баку і працягнем змагацца за вашае вызваленьне, пакуль вы зноў ня будзеце на волі. Я б хацеў скончыць словамі беларуса, які, як і вы, быў зьняволены безь віны. Ён напісаў гэта пасьля свайго вызваленьня ў 2015 годзе: “Мы ўсё роўна будзем ісьці наперад, трымаючы за рукі ўсіх тых, хто ішоў па гэтым шляху да нас. Бо толькі ў гэтым жыцьцё, і сэнс, і праўда”».

Натальля Каляда, сузаснавальніца і арт-дырэктар Беларускага свабоднага тэатру: Нам усім трэба не спыняцца ні на сэкунду

«Усе асабістыя звароты заўсёды шалёна складаныя. І штораз перабіраеш у галаве кожнага чалавека, які знаходзіцца ў турме. І штораз у любой паездцы, у якой мы знаходзімся, мы гаворым пра гэтыя імёны.

Ведаючы, што Ігар і Даша ў поўным інкамунікада ўжо доўгі час, хацелася б паспрабаваць зрабіць, каб яны адчулі тую любоў, якая існуе па-за мурамі турмаў, якія дагэтуль утрымліваюцца гэтым рэжымам і ўсім гэтым рэпрэсіўным мэханізмам.

Трэба разумець, што людзі, якія ёсьць у Лёндане, у Сыднэі, у Вашынгтоне — у любым пункце сьвету, дзе мы выходзім на тэатральныя сцэны — гэтыя людзі ведаюць пра іх. Усе людзі там шлюць гэтую любоў.

Пытаньне, як гэта адчуць. Нам усім трэба не спыняцца ні на сэкунду, каб завяршыць гэты дыктатарскі рэжым раз і назаўсёды, каб можна было рэальна перадаць гэтую любоў. Бо тых фізычных абдымкаў, якія кожны можа перадаць, нішто ня зможа замяніць. Хачу, каб гэта адбылося. Я ведаю, што гэта будзе».

Аляксандар Лукашук, былы кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода: Хацеў бы вас запытаць пра мастацтва заставацца сабой

«Дарагі Ігар, нядаўна прачытаў, што вас называюць геніем беларускіх сацыяльных сетак. Калі паглядзець, сапраўды, вашыя рэкорды засталіся непераўзыдзенымі, і вы працягваеце ставіць новыя. У вас самы вялікі турэмны тэрмін у гісторыі журналістаў Радыё Свабода — найвялікшы ў гісторыі беларускай журналістыкі.

Так глядзяць на вас і ацэньваюць ворагі Свабоды. Але пры сустрэчы я хацеў бы вас запытаць не пра мастацтва весьці аўдыторыю за сабою, а пра мастацтва сабой заставацца. Гледзячы на абставіны ці нягледзячы на іх.

Мы ведаем пра ваша адчайнае змаганьне. Вы галадавалі, паранілі сябе, вам наклалі 10 швоў нядаўна, вам адмаўлялі ў спатканьнях, няма перапіскі. Даша ў турме. У вас няма адваката. Вы гледзіце на бірку з датай вызваленьня — дзьве тысячы трыццаць нейкі год. Ці жывяце вы, нягледзячы на яе?

Вам зараз пагражае перавод у крытую турму. На чым трымаецца вера ў свабоду, гледзячы на турму ці нягледзячы на яе? Ваш адказ вельмі важны для мяне, для вашых сяброў у Беларусі і тут у Вашынгтоне.

Наша сустрэча абавязкова адбудзецца, нягледзячы ні на што, бо мы глядзім на вас».

Рэжысэр Аляксей Палуян: І мне хочацца сказаць вам: «Дзякуй, што не пабаяліся»

«Дарагі Ігар!

Ня ведаю, ці атрымаў ты маю паштоўку, якую я пісаў табе паўтара года таму. Відаць, не. Бо, хутчэй за ўсё, табе не даходзяць лісты.

Мы ніколі ня бачыліся з табой раней, але нас шмат што зьвязвае. Мы з табой землякі — мы абодва нарадзіліся ў Баранавічах, нават жылі ў адным мікрараёне Паўночным, толькі на суседніх вуліцах — я на Жукава, а ты на Наканечнікава.

Ведаеш, магчыма, мы неяк бачыліся падчас нашага дзяцінства — магчыма, мы гулялі разам у футбол або сьвяткавалі Купальле ў нашым раёне.

Тры гады таму цябе арыштавалі. Шмат зьмянілася за гэтыя тры гады ў Баранавічах. Нашыя сябры зьехалі, пазьбягаючы перасьледу. Некаторыя нашыя сябры сядзяць за кратамі. А некаторыя зь іх зьехалі на вайну — дапамагаць украінскаму народу змагацца супраць расейскага імпэрыялізму.

„Ці існуе горад, калі там амаль не засталося жывых людзей?“ — запытаеш ты. Так, я з табой згодны — бадай, не. Замест гораду цяпер ёсьць толькі дэкарацыі. Але я веру, што пакуль існуюць людзі, якія могуць натхняць і даваць надзею, у наш горад магчыма вярнуць жыцьцё.

Дарагая Даша!

Мы таксама з табой незнаёмыя. Але твая сьмеласьць і бясстрашнасьць перад сыстэмай, якая хоча, каб жонкі палітвязьняў змоўклі, натхняла шмат людзей.

Вы не павінны быць за кратамі. Бо для мяне і для мільёнаў беларусаў вы — прыклад новага пакаленьня беларусаў, якога не спыніць, не заткнуць і тым больш не перамагчы.

Сёньня зьвяртаюся да вас праз гэтае відэа і вельмі спадзяюся, што вы ўжо бачыце гэтае відэа здаровыя, седзячы разам з вашай сямʼёй у Баранавічах і, вядома ж, трымаючы вашую цудоўную Паўлінку на руках.

І мне хочацца сказаць вам: “Дзякуй, што не пабаяліся”. Абдымаю вас,

Ваш зямляк Аляксей».

Сьвятлана Ціханоўская, лідэрка дэмакратычных сілаў: Гэта рве сэрца і мне, і тысячам беларусаў

«Дарагі Ігар!

Я разумею, што ў цяперашніх умовах пытацца, як маесься, ня мае сэнсу. Ды і дзяжурнае „трымайся“ выкліча ў цябе толькі раздражненьне. Варта прызнаць: гэтыя злачынцы скралі ў цябе тры гады жыцьця — несправядліва, незаконна, абсалютна бессаромна.

Тры гады такія важныя для бацькі. Ты не пачуў першых словаў Паўлінкі, ня бачыў, як яна заводзіць першых у сваім жыцьці сяброў, як яна становіцца самастойнай.

Гэта рве сэрца і мне, і тысячам беларусаў. Аднак мы не здаёмся. І не здадзімся, пакуль ты не абдымеш Дашу і Паўлінку. Павер, мы прыкладаем максымум намаганьняў для таго, каб гэты дзень надышоў. Мы знойдзем тое, што спрацуе.

Ігар, я разумею, што часам апускаюцца рукі і няма сілаў трымацца. Але ты важны. Твая нястомная праца была і застаецца вельмі важнай для тваіх калегаў з Радыё Свабода. Твой погляд на жыцьцё і стойкасьць натхняюць многіх. І тое, зь якой цеплынёй і клопатам ты глядзіш на Дашу, нікога ня можа пакінуць абыякавым. Ну, а ад твайго гумару, ведаю, усьміхаліся нават тыя, хто вырашыў разлучыць цябе з роднымі.

Павер, калі здаецца, што ўсё страчана, адкрываюцца новыя магчымасьці. І гэтыя магчымасьці мы выкарыстоўваем і будзем выкарыстоўваць па поўнай — да перамогі, да таго самага моманту, калі сем’і, у тым ліку і мая ўласная, узьяднаюцца і мы ўсе зможам шчасьліва і свабодна гадаваць нашых дзяцей і кахаць нашых каханых — дома, у нашай краіне.

Маці дваіх дзетак Сьвятлана».