«Традыцыйныя каштоўнасці» не дапамагаюць? Чаму беларусы і беларускі радзей бяруцца шлюбам і нараджаюць

Прапаганда ва ўсю вяшчае пра «традыцыйна нашы, славянскія каштоўнасці», але яны не матывуюць беларусаў выпраўляць дэмаграфічную сітуацыю і хібы дзяржаўнай палітыкі. Дык што не так?

_belarus_ljudzi_dzeci_emihracyja_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Пра тое, што беларусы ўсё радзей заходзяць у ЗАГС, каб афіцыйна называць сябе мужам і жонкай, чыноўнікі апошнім часам дакладваюць амаль штогод. Паводле афіцыйнай версіі, прычына — «у скарачэнні колькасці насельніцтва ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў». Але, як высветліла «Deutsche Welle», справа не толькі ў «дэмаграфічнай яме», і нават не ў масавай эміграцыі маладых беларусаў, пра якую ўлады лічаць за лепшае маўчаць.

Падзенне нараджальнасці цягне за сабой зніжэнне матывацыі да шлюбу

«Калі адсунуць у бок любоў і іншыя абставіны, то з пункту гледжання эканомікі шлюб — гэта пагадненне паміж людзьмі аб тым, што яны абавязваюцца дзяліць даходы і спажыванне, а таксама страхаванне адно аднаго за кошт даходаў адно аднаго», — расказвае акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра «BEROС» Леў Львоўскі.

На думку эканаміста, шлюб дае легальнае права на даходы іншага чалавека. Умоўна: муж страціць працу — можна пажыць за заробак жонкі, і наадварот. Развод — па палове нажытых сумесна ў шлюбе даходаў і маёмасці адыдзе кожнаму з бакоў гэтага пагаднення. Яшчэ адзін плюс сумеснага пражывання — эканомія спажывання рэсурсаў. Жывяце разам — патрэбныя не дзве кватэры, а адна і г. д.

«У некаторай ступені шлюб скарэляваны з дзетанараджэннем. Людзі хочуць, каб іх дзеці жылі ў сям'і, менш верагоднасць, што не хопіць грошай на нешта для дзіцяці, — працягвае разважаць эканаміст. — А цяпер давайце разбярэмся, што ў гэтым усім змянілася за апошнія гады. Пачнём з дзяцей: да 2017 года нараджальнасць яшчэ неяк павялічвалася, а далей пачалося падзенне. Адпаведна, менш матываў ажаніцца, каб выхоўваць дзіця разам».


Глядзіце таксама

Ствараць сем'і беларусам стала боязна і эканамічна нявыгадна

Паводле слоў эксперта, з пункту гледжання эканомікі, дзіця — гэта карысць, якой людзі абзаводзяцца і плацяць за яе двума спосабамі: грашовымі і часавымі плацяжамі. Людзі могуць не заводзіць дзіця з розных прычын: хтосьці не можа пацягнуць манетарны, а хтосьці — часавы кошт дзіцяці.

Беларускія ўлады субсідуюць толькі грашовы кошт дзіцяці.

«У 2017-м годзе, відавочна, нейкая крытычная колькасць беларусак пачала пакутаваць менавіта ад часавага кошту дзіцяці. Трохгадовы перапынак у кар'еры (а менавіта столькі па шэрагу прычын беларускі часцей знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку) для сучаснай жанчыны — занадта шмат. Да прыкладу, для дзяўчыны, якая працуе ў сферы IT. За тры гады яна страціць сваю кваліфікацыю. Ды і па многіх іншых паказчыках у Беларусі цяжка сумяшчаць кар'еру і мацярынства. У выніку ўсё больш беларусак выбіраюць кар'еру замест дзіцяці. Адпаведна, і патрэбы выходзіць замуж асабліва няма», — каментуе Леў Львоўскі.

Што тычыцца супольнага спажывання рэсурсаў, паводле слоў эксперта, беларусы сталі багацейшымі і пачалі жыць лепш. Калі яшчэ ў сярэдзіне 20 стагоддзя аднаму было пражыць складана, то сёння ў многіх з'явілася магчымасць аднаму здымаць або купляць кватэру, аплачваць іншыя выдаткі. Таму і з гэтага пункту гледжання шлюб стаў менш патрэбным. І такая сітуацыя — не толькі ў Беларусі: у Еўропе і ЗША трэнды такія ж.


Глядзіце таксама

І апошні фактар — валацільнасць заробкаў. «Уявім сабе грамадства, у якім няма валацільнасці заробкаў. Чалавек, да прыкладу, пайшоў працаваць на завод. Вы сустракаеце такога мужчыну і ўжо па большай частцы можаце мець уяўленне аб яго будучай кар'еры: спачатку будзе рабочым, потым трохі паднімецца па кар'ернай лесвіцы, пачне зарабляць на 200 рублёў больш. Робячы выбар на карысць якога-небудзь партнёра, вы, па сутнасці, маеце ўяўленне, што вас чакае, — прыводзіць прыклад Леў Львоўскі. — А цяпер уявіце іншы свет, дзе кар'еры вельмі валацільныя. Дзе вы сустракаеце мужчыну-прадпрымальніка і спадзяецеся, што ў будучыні ён стане вельмі паспяховым. Але тут раз — і ўсё мяняецца. Бізнесу няма, з'язджаеце ў іншую краіну, пачынаеце ўсё ледзь не з нуля. Гэта значыць, можа здарыцца, што чалавек можа аказацца не тым, за каго вы хацелі выйсці замуж першапачаткова. Таму і замуж выходзіць неяк боязна».

Але ва ўсім гэтым важная вельмі важкая агаворка: Эканамічная тэорыя, на думку Львоўскага, можа тлумачыць не больш за 40% матывацыі для уступлення чалавека ў шлюб. «Астатнія 60% — тая самая любоў і іншыя сацыяльныя моманты», — кажа эксперт.

Сучасная моладзь нікому нічога не павінна?

«Сёння мы назіраем крызіс беларускага грамадства», — разважае Алена Грыбанава, крызісны псіхолаг, спецыяліст у працы з псіхалагічнай траўмай.

Паводле яе, цяперашняя моладзь бачыць, што палітычны лад не кангруэнтны сучаснасці. Прапагандысты кажуць пра стабільнасць і дапамогу дзяржавы, а ў рэальнасці дзяўчына-выпускніца, якая пасля 9 класа адвучылася ў каледжы мастацтваў, а потым яшчэ пяць гадоў на платным у Акадэміі мастацтваў на выхадзе мае заробак у 500 рублёў. Ствараць сям'ю з такім даходам вырашыцца не кожны.

«Навязаць людзям фальшывыя каштоўнасці нельга, гэтак жа, як і прымусіць любіць радзіму. Так, некаторыя ходзяць на ўсе гэтыя дзяржканцэрты, сходы, але гэта адаптацыя, якая носіць прыстасавальны характар і з духоўнымі каштоўнасцямі агульнага нічога не мае, — кажа псіхолаг. — Гэтак жа і з інстытутам шлюбу. Само слова "інстытут" мае на ўвазе, што кагосьці нечаму навучаць. Як, зрэшты, у нас і спрабуюць рабіць, заклікаючы нараджаць дзяцей, каб было каму краіну з крызісу выводзіць».


Глядзіце таксама

Беларуская ж моладзь, адзначае Грыбанава, больш еўрапейская і прагрэсіўная, у адрозненне ад папярэдніх пакаленняў, бывае за мяжой і бачыць, як жывуць людзі, як ім рэальна можа дапамагаць дзяржава, і разумее, што нікому яны не павінны — ні ствараць сям'ю, ні нараджаць дзяцей. Для многіх з іх больш мэтазгодна атрымаць адукацыю, купіць жыллё і ўжо тады падумаць пра сям'ю.

«Яшчэ і вайна ва Украіне дадала нестабільнасці. Усходні сусед, мякка кажучы, непрадказальны. А паколькі Беларусь залежная ад Расіі, ніякай пэўнасці ў людзей быць не можа», — адзначае псіхолаг.