«Свята» моладзі і студэнтаў у Грозаве (фота)
Відавочна, што студэнцкія хваляванні не прайшлі бясследна, і ўлады пачалі ўдзяляць болей увагі студэнтам. Найперш дзеля таго, каб моладзь была больш уключана ў дзяржаўнае грамадска-палітычнае жыццё і перастала быць палітычным апанентам.

Не так даўно Дзень моладзі быў перайменаваны ў Дзень моладзі і студэнцтва. Паводле ўказа Аляксандра Лукашэнкі № 237, гэтыя змены скіраваны на падвышэнне статусу студэнцкай моладзі і яе ролі ў грамадска-палітычным жыцці беларускага грамадства і дзяржавы, а таксама запланаваны спрыяць «з'яднанню студэнцкай і працоўнай моладзі на грунце лепшых традыцый пераемнасці моладзевых рухаў». Дзень моладзі і студэнцтва прызначаны адзначацца ў апошнюю нядзелю чэрвеня.
У аграгарадку Грозава Капыльскага раёна Дзень моладзі і студэнцтва ў гэтым годзе адзначылі 10 ліпеня. Упісацца ў вызначаны святочны дзень, мабыць, не паспелі. Па-гэтаму адзначылі так, як запланавалі раней — як «День молодежи».
Нягледзячы на спёку, свята распачалося ў 12 гадзін спартыўнымі спаборніцтвамі сярод моладзі, было прадоўжана вечаровым канцэртам і танцавальнай праграмай да сярэдзіны ночы.

Паколькі свята павінна было яднаць «працоўную моладзь і студэнцтва», паспрабавала іх знайсці. Студэнты сапраўды былі, бо зараз у іх вакацыі. А вось з мясцовай працоўнай моладдзю паразмаўляць цяжэй, бо яе ў аграгарадку Грозаў амаль няма.
— А што тут рабіць у Грозаве і дзе тут працаваць, — здзівіўся на мае пытанні малады чалавек, які прыехаў да свайго сябра студэнта з Капыля. — Ёсць сучасны жывёлагадоўчы комплекс, дзе можна атрымліваць больш за 1000 рублёў, але туды моладзь не бяруць.
Яго сябра студэнт ухваліў свята, як яшчэ адну магчымасць «патусавацца на свежым паветры ў вёсцы і патаньчыць на бясплатнай дыскатэцы».
— Было цікава паназіраць за спартыўнымі спаборніцтвамі, нядрэнна паслухаць канцэрт, патаньчыць. Але калі дзяржава хоча паклапаціцца па-сапраўднаму аб студэнцтве і рабочай моладзі, то хай стварае рэальна спрыяльныя ўмовы для жыцця ў краіне, а не думае толькі пра незразумелую ідэалогію, — выказаўся малады чалавек.

Само ж свята ў старажытным мястэчку Грозава ў мяне выклікала неадназначныя эмоцыі. З аднаго боку, людзі весяляцца, нягледзячы на каронавірус, спякоту. З іншага, у краіне столькі людзей, якім цяпер зусім не да вяселосці. Шмат маладых людзей за кратамі па палітычных матывах, многія праз небяспеку для свайго жыцця і свабоды вымушана пакінулі краіну, а хтосьці ледзве выжывае, бо не мае магчымасці працаваць ці вучыцца.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў спаборніцтваў быў канцэрт. Галасы ва ўсіх выканаўцаў, канешне, цудоўныя, але расійскамоўныя песні на фоне астанкаў векавога дуба і побач з крыжом слуцкім паўстанцам гучалі так недарэчна і далёка ад «свайго, што наша ад вякоў»!

Хіба што сітуацыю крыху выратавалі беларускамоўныя спевы мясцовага ансамбля «Весялухі». Непаўторныя жаночыя галасы ўдзельніц, беларускія гістарычныя чырвона- белыя колеры ва ўбранні нагадалі, што свята ўсё-ткі адбываецца ў беларускай вёсцы, для беларусаў.
