Стаматолаг з Брэста, у якую трапіла амапаўская куля, выйшла на працу

Стаматолаг Вольга Рыбакова з Брэста, якая заступілася за людзей і атрымала раненне ад амапаўцаў, сёння выйшла на працу, піша Свабода.

1200_girl_1.jpg


Увечары 10 жніўня Вольга Рыбакова з Брэста ўбачыла з балкона сваёй кватэры на чацвёртым паверсе, як людзі ў чорным жорстка затрымлівалі маладога чалавека і ўдарылі дзяўчыну. Вольга запатрабавала спыніць гвалт. У адказ сілавікі стрэлілі ў Вольгу гумовай куляй. Тая трапіла Вользе ў ніжнюю частку жывата, разарваўшы мяккія тканкі. Жанчыну паклалі ў бальніцу.


«Сёння выйшла на працу»

У першы працоўны дзень пасля лікавання Вольга Рыбакова прыняла двух пацыентаў.
«Сёння я выйшла на працу і паціхеньку пачынаю працаваць і вяртаюся да жыцця. Сёння два пацыенты, заўтра — тры, і паціхеньку буду нарошчваць. Амаль паўтара месяца не працавала і пакуль не магу адразу вялікую нагрузку. Паціхеньку ўсё прыйдзе ў норму».
Першую аперацыю Вользе зрабілі 10 жніўня, другую 2 верасня, а 14-га знялі швы.
«Спачатку мяне не зашывалі, абрэзалі ўсе разбітыя тканкі, і толькі 2 верасня зашылі».
Вольга зняпраўдзіла інфармацыю, якая з'явілася ў інтэрнэце, што яна нібыта ў цяжкім стане ў рэанімацыі.
«Дзякуй Богу, са мной усё добра. Крышку баліць, але гэта ўсё пройдзе», — сказала яна.

«COVID ніхто не адмяняў»

Апошнюю аперацыю Вользе рабілі ў апёкавым аддзяленні, бо там «падобная спецыфіка ран».
«У нас цудоўныя лекары, кваліфікаваная дапамога, душэўныя людзі. Дзякуй Богу, усё добра. Лекары ў чыгуначнай лякарні лічылі, што апераваць павінны спецыялісты, якая маюць справу з такімі ранамі. Таму яны не браліся мяне зашываць, бо спачатку павінна была быць сур’ёзная пластыка. Але я даволі нядрэнна зажывала, і мне зрабілі пластыку тканкамі, а гэта рана на жываце, скура на жываце добра цягнецца, проста адслаілі скуру ад мышцы і падцягнулі яе. Спачатку паслойна сшылі тканкі, а потым нацягнулі скуру», — кажа Вольга.
Вольгу выпісалі і параілі звярнуцца да траўматолага.
«Я сама медык, і калі мне знялі швы, я паабяцала свайму лекару, што я сама буду добра даглядаць сваю рану. Бо хадзіць на перавязкі трэба ў паліклініку, а там многа людзей, і COVID ніхто не адмяняў. Я прымала многа антыбіётыкаў. Уласна, рана ўжо ў такім выглядзе, што не патрабуе асаблівага догляду. Трэба толькі, каб аднавілася адчувальнасць, мышца не падцягвала. На ўсё проста патрэбны час».

«Я згубіла месяц лета»

Раней жанчына падала заяву ў Следчы камітэт з патрабаваннем правесці праверку і прыцягнуць вінаватых у раненні да адказнасці. Яна не ведае, ці разбіраюцца з яе заявай.
«Я думаю, што ў мяне гэтак жа, як і ва ўсіх. Пакуль справа, відаць, на разглядзе, таму... Калі шчыра, не хацелася б пра гэта думаць, проста вярнуцца да нармальнага жыцця, проста гуляць, атрымліваць асалоду ад восені, працаваць, сустракацца з сваякамі, сябрамі. Бо я была выбіта з жыцця, і хочацца нагнаць упушчанае. Я згубіла месяц лета, хочацца больш гуляць, дыхаць і спадзявацца на самае лепшае для сябе».
Вольга не шкадуе, што заступілася ў жніўні за людзей. Яна кажа, што «інакш не магла б».