Сяргей Навумчык: Глабальнай вайны пазбегнуць не ўдасца

«Мы, з большага, сваё пажылі. Шкада маладых», — палітык і журналіст Сяргей Навумчык на сваёй старонцы ў фэйсбуку разважае пра няпросты выбар Захаду датычна вайны ва Украіне.

_smutak_bol_reczaisnasc_vajna_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Ёсць меркаванне, што Захад робіць фатальную памылку, усяляк пазбягаючы ўступаць у непасрэднае баявое супрацьстаянне з РФ (і нават не даючы ўкраінскім вайскоўцам дадзеных выведкі пра расійскія ваенныя аб’екты на тэрыторыі Расіі).

Перад Захадам стаіць страшны выбар (ці ўступіць з ядзернай РФ у непасрэдны вайсковы канфлікт), але калі ён не зробіць яго правільна, і вайна ва Украіне прыме зацяжны характар — Масква не спынецца на Украіне. Незалежна ад таго, Пуцін там будзе ці які Распуцін.

Падобнае ўжо было. Калі ў 1939 годзе гітлераўская Германія і сталінскі СССР напалі на Польшчу, а потым Гітлер пачаў бамбіць Вялікабрытанію — ЗША з іх магутным эканамічным патэнцыялам маглі б спыніць і Гітлера, і Сталіна. Груба кажучы, знесці спачатку нацысцкі рэжым у Германіі, а потым бальшавіцкі з у СССР.

Гэта тое, што можна было зрабіць рэальна.

Але ЗША не ўмешваліся. Аж пакуль саюзнік Гітлера Японія не атакавала Перл-Харбар. Пасля гэтага лёс Гітлера быў вызначаны. На жаль, толькі яго аднаго. А заставаўся яшчэ адзін тыран.

Канешне, у ідэале, пасля падзення Берліну ў 45-м, ЗША і Вялікабрытанія мусілі б не дзяліць са Сталіным Еўропу, а пайсці на Маскву – і ўздзёрнуць на крамлёўскіх вежах тав. Сталіна, Молатава і ўсё ленінскае-сталінскае Палітбюро ЦК ВКП(б).

І, натуральна, даць свабоду «савецкім» рэспублікам.

Вось гэта быў бы правільны фінал вайны. На жаль, правільны – не заўсёды рэальны.

Таму ёсць меркаванне, што глабальнай вайны пазбегнуць не ўдасца.

Што ж, мы, з большага, сваё пажылі. Шкада маладых.