Самы цяжкі год для незалежнай беларускай журналістыкі

Гэты год быў няпросты для недзяржаўнай беларускай журналістыкі. Пераследы тых, хто супрацоўнічае з замежнымі СМІ, ужо не паддаюцца падліку, сумы штрафаў для журналістаў сягаюць дзясяткаў тысяч долараў. А яшчэ і крымінальныя справы.

Фота: Таццяна Ткачова

Фота: Таццяна Ткачова

Да таго ж прыплюсоўваюцца крымінальныя справы. Адна з такіх справаў у дачыненні да заснавальніка і кіраўніка недзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, а таксама яго калег у выніку каштавала хвораму на рак Алесю Ліпаю жыцця. 
Пра сітуацыю з незалежнымі медыямі мы гутарым са старшынём Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэем Бастунцом.
— Чым сыходзячы год вызначыўся для незалежнай беларускай журналістыкі?
— Магчыма, гэта быў самы цяжкі год пасля 2011 года. Адбыліся некалькі падзеяў, якія вельмі негатыўна паўплывалі на сітуацыю са свабодай выказванняў у нашай краіне. Я маю на ўвазе і блакаванне сайтаў, і крымінальныя справы ў галіне медыя, і яшчэ большы пераслед журналістаў-фрылансераў. І, у рэшце рэшт, прыняццё зменаў у заканадаўства аб СМІ, якія будуць мець доўгатэрміновы ўплыў на сітуацыю вакол медыя.
— Якія самыя балючыя кропкі ў галіне СМІ можна адзначыць у 2018 годзе?
— Я іх крыху ўжо азначыў. Гэта пазасудовае блакаванне сайтаў, яшчэ летась было блакаванне “Беларускага партызана”, потым наспеў час “Хартыі-97”, Міністэрства інфармацыі сёлета блакавала дастаткова шмат сайтаў. Абмежаванне доступу да пэўных сайтаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь сталася першым крокам, які азначыў накірунак дзейнасці ўлады ў далейшым. Бо і крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Ліпая, і крымінальная так званая “справа БЕЛТА” , і змены заканадаўства аб СМІ падвышаюць кантроль дзяржавы за інтэрнэт-сфераю, яны паказваюць, што гэтая сфера рэпрэсіяў у дачыненні да незалежнай беларускай журналістыкі ёсць працягам мэтанакіраванай палітыкі беларускай дзяржавы, якая імкнецца павялічыць кантроль за інтэрнэт-прасторай у краіне.
— Як можа адбіцца новае заканадаўства аб СМІ на дзейнасці незалежных СМІ, у прыватнасці, інтэрнэт-рэсурсаў у далейшым?
— Больш за ўсё зараз кажуць пра абавязак сродкаў масавай інфармацыі, у першую чаргу, інтэрнэт-рэсурсаў ажыццяўляць ідэнтыфікацыю каментатараў на гэтых рэсурсах. Гэта пацягнула за сабою тое, што адныя сайты проста выключылі функцыю каментара, іншыя вымушаныя выдаткоўваць больш высілкаў і часу для таго, каб яе падтрымліваць. Але тут ёсць яшчэ адзін момант. Гэтая інфармацыя, якая ідэнтыфікуе каментатара, мусіць захоўвацца на беларускіх серверах і перадавацца шматлікім дзяржаўным органам па іх патрабаванні. У такой краіне, як наша, гэта можа аказаць вельмі сур’ёзны ўплыў і на каментатара.
Прагназуецца, што хтосьці пяройдзе на іншыя пляцоўкі, магчыма, на расійскія, што наўрад ці ёсць добра для краіны.
Але мяне больш за ўсё непакоіць тое, што само кола сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў можа зменшыцца. Бо змены ў заканадаўства ўвялі, падаецца, дабраахвотны парадак рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў у якасці СМІ, сеткавых выданняў, але распаўсюдзілі на гэтыя рэсурсы тыя ж самыя патрабаванні, што існуюць для дзяржаўных медыяў. Дастаткова сказаць, што рэдакцыя інтэрнэт-СМІ мусіць быць юрыдычнай асобаю. Далёка не ўсе нашыя ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў пойдуць на гэты крок ці нават маюць магчымасць гэта зрабіць, тым больш што юрыдычная асоба павінна размяшчацца ў офісным памяшканні, а не жылым.
Пры гэтым, на тыя інтэрнэт-рэсурсы, якія не зробяць гэтага кроку, уся адказнасць, якая прадугледжана законам аб СМІ, усё роўна распаўсюджваецца. Але правоў СМІ яны не атрымліваюць. А гэта магчымасць журналістаў на масавых акцыях ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць, гэта права захоўвання таямніцы крыніцы інфармацыі, права звароту па інфармацыю, права на акрэдытацыю і гэтак далей. Не тое, што гэтыя правы выконваюцца ў Беларусі і цяпер, але зараз гэта замацоўваецца ў законе. Мы ўжо чулі ад чыноўнікаў, што яны могуць не даваць журналістам інфармацыі, пакуль іх рэсурс не будзе зарэгістраваны як сродак масавай інфармацыі. Гэта скукожванне свабоды СМІ ў Беларусі, гэта вельмі магчымае і непрыемнае наступства прыняцця зменаў у заканадаўства аб медыях.  
— Зараз можна пачуць, што ў хуткім часе друкаваныя СМІ страцяць сваю актульнасць і не будуць карыстацца папулярнасцю ды попытам у чытачоў. Наколькі апраўданыя такія прагнозы?
— Нават гучала, што апошні друкаваны сродак масавай інфармацыі выйдзе праз сем гадоў. Зразумела, што гэта перабольшванне. Але мы бачым тэндэнцыю, што моладзь усё больш уваходзіць у інтэрнэт і ўсё менш чытае друкаваныя выданні. Гэта звязана яшчэ і з тым, што ў большай частцы інтэрнэт яшчэ бясплатны. І ў гэтым утрымліваецца такі парадокс, бо па сёння тыя інтэрнэт-выданні, якія працуюць на камерцыйнай аснове, атрымліваюць 80-90%, а то і болей, прыбытку менавіта ад друкаваных версіяў, а не ад інтэрнэту. Адказ на пытанне, як манетазываць інтэрнэт, не знайшлі не толькі мы, але і нямецкія журналісты, з якімі мы нядаўна размаўлялі. Яны прызнаюцца, што сітуацыя мяняецца, але як адрэагаваць эфектыўна, адказу пакуль няма.
— На Захадзе зараз павялічваецца колькасць людзей, што чытаюць менавіта друкаваныя выданні. Гэта назіраецца ў той жа Германіі, у Вялікабрытаніі ды іншых краінах.
— Тыя ж нямецкія журналісты, прадстаўнікі рэдакцыяў казалі, што моладзь друк амаль не чытае, ходзіць у інтэрнэт, але калі чалавек стварае сям’ю, купляе кватэру ці дом, то наступным крокам традыцыйна ў іх ёсць падпісацца на газету. І вось больш сталыя людзі з большым прыбыткам пачынаюць выпісваць прэсу, што і адбіваецца на росце накладу. Але гэта ўсё ж не зусім так, бо ў той жа самай Германіі штогод агульны наклад друкаваных медыяў падае на 2-3 адсоткі. 
26 снежня старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец падвядзе вынікі года і адкажа на пытанні сябраў арганізацыі. Размова з кіраўніком ГА "БАЖ" будзе транслявацца анлайн на Youtube-канале БАЖ і на старонцы Андрэя Бастунца ў Facebook. Пачатак сустрэчы а 20-й гадзіне.