«РДК» на мяжы з Беларуссю — інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя Дзяржпамежкамітэта?
Раніцай 28 чэрвеня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў пра чарговае «пагаршэнне» на беларуска-ўкраінскай мяжы. Нібыта недалёка ад нашай тэрыторыі быў заўважаны «Рускі Добраахвотніцкі корпус» — падраздзяленне расіян, якое ваюе на баку Украіны і праводзіць узброеныя рэйды на тэрыторыю Расіі. А таксама ДПК знайшоў чарговы «склад украінскай зброі» на нашай тэрыторыі.
Тэлеграм-канал «Беларускі гаюн», які праводзіць маніторынг ваеннай актыўнасці ў Беларусі, лічыць, што заява ДПК — гэта інфармацыйна псіхалагічная аперацыя. І вось чаму:
З 21 чэрвеня ва УС РБ праводзіцца праверка гатоўнасці. Яна пачалася на наступны дзень пасля заявы Дзяржпамежкамітэта аб нібыта павелічэнні ўкраінскай групоўкі каля беларускай мяжы.
На працягу тыдня МА РБ штодня публікавала паведамленні аб праверцы. Для стварэння ўражання сур'ёзных «манеўраў» за праверку выдавалася нават падрыхтоўка да ваеннага параду. Але раніцай 28 чэрвеня Дзяржпагранкамітэт заявіў, што:
- У паласе адказнасці Жытомірскага пагранатрада знаходзіцца «Рускі Добраахвотніцкі корпус» (РДК).
- У Ельскім раёне памежны нарад пасля ўжывання «баявой зброі і сродкаў падаўлення» спыніў палёт беспілотніка (БЛА) з Украіны ўглыб Беларусі.
- Напярэдадні «на гэтым жа кірунку» выявілі схованку з кампанентамі для вырабу выбуховых прылад.
«Зафіксаваная рэкагнасцыроўка мясцовасці і актыўная разведвальная дзейнасць, у тым ліку з выхадам да дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. Уздоўж мяжы рэгулярна адзначаюцца выведвальныя палёты ўкраінскіх беспілотных лятальных апаратаў. Спробы залёту беспілотнікаў на нашу тэрыторыю спыняюцца з выкарыстаннем штатнага ўзбраення і тэхнічных сродкаў радыёэлектроннай барацьбы», — распавялі ў ДПК.
Характэрна, што Дзяржпамежкамітэт згадаў РДК, які раней праводзіў рэйды ў памежных рэгіёнах Расіі, каля мяжы з Беларуссю, а не падраздзяленні беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Мабыць, для мацнейшага эфекту.
Прэс-рэліз суправаджаўся відэа з кадрамі «падаўлення» БЛА, а таксама «схованкі». Матэрыял зроблены ў лепшых традыцыях беларускіх сілавікоў і мае ўсе прыкметы чарговай пастаноўкі.
На апублікаваных кадрах відаць, што памежнік страляе па БЛА DJI Mavic з аўтамата. А яго калега стрэльбай «Гроза-Р2» спрабуе пасадзіць беспілотнік. Незразумела, навошта было страляць з аўтамата, калі шанцы збіць БЛА кулямі невялікія.
Дзяржпамежкамітэт заявіў, што на флешцы з БЛА выяўленыя відэа, што пацвярджаюць вядзенне выведкі «прамысловых аб'ектаў і памежнай інфраструктуры». Пры гэтым кадры палёту БЛА па тэрыторыі Украіны не былі паказаныя. Чаму?
Сюжэты са схованкамі зброі з'яўляюцца ўжо класічнай фабрыкацыяй сілавікоў напрацягу доўгага часу.
Роўна праз гадзіну пасля паведамлення ДПК МА РБ заявіла, што «дывізіён РСЗА “Паланэз” [...] удзельнічае ў выкананні задач па прыкрыцці дзяржмяжы». У каментары камандзір падраздзялення заявіў, што «дывізіён выйшаў у прызначаны раён з поўным боекамплектам» і «гатовы выканаць задачы па нанясенні ракетных удараў [...] на працягу 20 хвілін».
Пра ўдзел дывізіёна РСЗА «Паланэз» у праверцы было заяўлена яшчэ 21 чэрвеня. Аднак на працягу тыдня МА РБ нічога не паведамляла аб дзеяннях падраздзялення, захоўваючы «туман вайны». Але «па шчаслівым супадзенні» ўспомнілі пра «Паланэзы» ў час выкрыцця чарговага «недружалюбнага кроку» з боку Украіны.
Усё вышэйпералічанае дазваляе канстатаваць, што Дзяржпамежкамітэт сумесна з МА РБ праводзіць скаардынаваную інфармацыйна-псіхалагічную спецаперацыю.
Варта нагадаць, што 3 ліпеня ў Мінску адбудзецца самы маштабны ваенны парад у гісторыі суверэннай Беларусі. Мерапрыемства павінна прадэманстраваць «моц» беларускай арміі, якая гатовая супрацьстаяць любым знешнім пагрозам.
Прапаганда ў драбнюткіх падрабязнасцях распавядае аб падрыхтоўцы да мерапрыемства. Дык а чаму б у патрыятычным чадзе не правесці «маленькую пераможную вайну» ў інфармацыйнай прасторы? Глядзіце: парады парадамі, а мы яшчэ паралельна атакі на мяжы адбіваем. А калі што — і на 300 км можам грымнуць! А там і ў вачах часткі абывацеляў выдаткі на войска і парад не будуць выглядаць неабгрунтаванымі. Ды і пра «ляскаючыя гусеніцы» трэба нагадваць перыядычна, каб насельніцтва не расслаблялася.
ІПСА, якая рэалізуецца зараз, вельмі добра ўпісваецца і ў больш глабальную позву. У сітуацыі, калі расійскі наступ у Харкаўскай вобласці захлынуўся, а Масква «хоць заўтра» гатовая сесці за стол перамоваў, можна панерваваць украінскую інфармацыйную прастору «пагрозай з беларускага кірунку».
Ці працуе гэтае ІПСА? Нейкі эфект яно мае. Але на сёння перадумоў паўтарэння ўварвання з тэрыторыі Беларусі (у тым ліку пры ўдзеле УС РБ) няма, адзначаюць адмыслоўцы.