Распачаўся збор подпісаў за пашырэнне ахоўнай зоны Курапатаў

10 сакавіка ў цэнтральнай сядзібе Партыі БНФ ў Мінску ліст падпісалі вядомыя беларускія грамадска-палітычныя і культурніцкія дзеячы.

kurapaty_az_paszyrenne_list_padpisanne_10.3.17_1_logo.jpg

Прамаўляе абаронца Курапатаў Зміцер Дашкевіч

Распачаўся збор подпісаў пад лістом грамадскасці да ўладаў з патрабаваннем прыняцця новага праекту зонаў аховы Курапатаў, які прадугледжвае значнае пашырэння ахоўнай зоны гэтай нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння.

Сярод іх старшыня Партыі БНФ Аляксей Януковіч, старшыня “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, сустаршыня аргкамітэту Партыі БХД Павал Севярынец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў Ігар Марачкін, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, якая амаль 80 гадоў таму нарадзілася ў ГУЛАГу, праваслаўны святар Леанід Акаловіч, мовазнаўца Вінцук Вячорка, культуролаг Вацлаў Арэшка, кандыдат гістарычных навук, археолаг Валянціна Вяргей і бард Аляксей Галіч.

 


Зінаіда Тарасевіч

Зінаіда Тарасевіч

Падчас падпісання лісту зазначалася, што ён адрасаваны міністру культуры Барысу Святлову, бо менавіта Міністэрства культуры ажыццяўляе дзяржаўную палітыку па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, па каардынацыі ўсіх рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ў гэтым накірунку і па кантролю за выкананнем заканадаўства ў галіне аховы спадчыны.

Удзельнікі падпісання падкрэслілі, што грамадскасць павінна зрабіць усе неабходныя захады для таго, каб дамагчыся прыняцця і зацвярджэння новага праекту зонаў аховы Курапатаў, што забяспечвае існаванне і захаванне народнага мемарыялу, а няўхільнае выкананне гэтага праекту выключае новыя супрацьстаянні паміж абаронцамі Курапатаў, чыноўнікамі і нядобрасумленнымі бізнэсоўцамі. Толькі пасля завяршэння гэтай справы можна разглядаць мажлівасць сумеснай з дзяржавай працы па завяршэнню мемарыялізацыі гэтага месца масавых палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў, заявілі ўдзельнікі падпісання.

 

Зварот падпісвае Аляксей Галіч

Зварот падпісвае Аляксей Галіч

Падпісанты звярнуліся да грамадзянскай супольнасці краіны з прапановай падтрымаць грамадскую ініцыятыву і пачаць збор подпісаў пад зваротам.  

 Да 13 сакавіка ліст можна будзе падпісаць у сядзібе Партыі БНФ. Затым зварот да ўладаў можна будзе спампаваць з сайту Партыі БНФ, раздрукаваць, запоўніць і накіраваць заказной карэспандэнцыяй міністру культуры Барысу Святлову (Мінск, 220004, праспект Пераможцаў, 11), а копію — прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову (Мінск, 220010, вуліца Савецкая, 11, Дом Ураду).  

Копіі запоўненых бланкаў і квіткоў аб адпраўцы лістоў заказной карэспандэнцыяй неабходна перадаваць у сядзібу Партыі БНФ (Мінск, 220012, вуліца Чарнышэўскага, 3-39).