Расійская мара аб імперыі

Сваімі ўражаннямі ад сучаснай Расіі і развагамі пра яе эвалюцыю дзеліцца на старонках Le Mond беларуская і расійская пісьменніца Святлана Алексіевіч.



sviatlana2.jpg

Ленін называў Іосіфа Сталіна, стваральніка чырвонай імперыі СССР, поварам «вострых страваў». Сёння Уладзімір Пуцін рыхтуе ўласны «дэлікатэс».
Пустыя паліцы ў крамах, а таксама чэргі за туалетнай паперай засталіся ў мінулым, але дабрабыт не стаў перадумовай дэмакратыі, а толькі дапамог імперыялістычнаму мысленню вярнуцца зноў. Расійская мара — быць імперыяй і выклікаць жах. Усе размовы з мінакамі на вуліцах расійскай сталіцы сканчаюцца цяпер так: «Спачатку ў нас прайшла Алімпіяда ў Сочы, потым мы вярнулі Крым. А потым перамаглі на чэмпіянаце па хакеі». У краіне стала папулярным выслоўе: «Усе лічылі, што Расія на каленях, але яна проста зашнуроўвала вайсковыя берцы».
На працягу дваццаці гадоў людзям увесь час казалі пра тое, што будуецца дзяржава на заходні капыл, але тонкі слой лібералізму растаяў вокамгненна. Хопіць весці гульні па-заходняму. Захад — чэрствы і прагматычны, а Расія — гэта духоўнасьць і дабрыня. Захад ідзе да заняпаду, і Уладзімір Пуцін узяў на сябе ролю таго, хто абараняе традыцыйныя каштоўнасці.
На сённяшні дзень Расійская Фэдэрацыя з'яўляецца фундаменталісцкай краінай. Тут рызыкоўна прызнавацца ў сваім атэізме ці пачынаць з гэтай нагоды дыскусіі. Брыгады добраахвотнікаў адсочваюць і збіваюць гомасэксуалістаў на вуліцах. Часам адбываецца і так, што яны нават гінуць. На прасторах інтэрнэту была распачатая кампанія па забароне Макдональдсаў. Усяго толькі за некалькі дзён атрымалася сабраць некалькі дзесяткаў тысяч подпісаў. Патрыёты заклікаюць да правядзення адпачынку выключна на тэрыторыі РФ, а дзяржава абяцае даць немалыя сродкі тым, хто прыме рашэнне адпачываць у Крыме. Грошы цякуць ракой, калі ты любіш Расію Пуціна.
Размовы на іншых мовах сталі здавацца нядобранадзейнымі. Навошта камусці патрэбная Сарбона? Атрымлівайце адукацыю ў Расіі! Навукоўцам Расіі спрабуюць абмяжоўваць паездкі ў іншыя краіны. Парламент прыняў закон аб забароне усынаўляць расійскіх сірот замежнымі грамадзянамі. Прычым гэта мае дачыненне нават да хворых дзяцей, якія будуць заставацца ў дзіцячых дамах, дзе вельмі часта ёсць недахоп у такіх элемэнтарных рэчаў, як бінты і ёд.
Гэта не адмяняе таго факту, што дэпутаты аддаюць перавагу таму, каб лячыцца за мяжой, сваіх дзяцей адпраўляць на вучобу ва ўніверсітэты заходніх дзяржаваў, свае сродкі захоўваць у заходніх банках, а таксама набываць нерухомасць менавіта там. Грамадзяне краіны і яе кіраўніцтва пражываюць у абсалютна розных краінах.
Расійская Федэрацыя трымае курс на Усход. Еўразія ізноў увайшла ў моду. Еўразійскі саюз павінен стаць процівагай Еўрасаюзу. Штодня па тэлебачанні выходзяць перадачы пра Кітай. На сённяшні дзень ён з'яўляецца саюзнікам Расіі. За адзін год колькасць станоўчых меркаванняў аб КНР павялічылася на 40%.
Крэмль адкрыта кажа пра тое, што Захад быў заўсёды і цяпер з'яўляецца асноўным ворагам Расіі. Ён абвінавачваецца ва ўсіх бедах: распадзе Савецкага Саюзу, катастрофе ў Чарнобылі, аварыі на атамнай падводнай лодцы «Курск». Нават Інтэрнэт быў прыдуманы заходнімі спецслужбамі. Што ж да даляру, то гэта паперка, якая нічога не вартая. Так, а яшчэ Крым — наш!
Расія кінула выклік свету, яна ператвараецца ў цэнтар прыцягнення ўсіх антызаходніх сіл. Яе аргументы палягаюць у тым, што ў яе ёсць энэргетычныя рэсурсы і атамная зброя. Яе посьпех б’е ёй у галаву, зараз яна падобная на нямецкае грамадства ў 1930-х гадах. Апошнія апытанні сведчаць аб тым, што 71% насельніцтва адчувае варожасць да заходняга свету, а перш за ўсё, да Злучаных Штатаў.
У дзяржаве пачалася новая хваля эміграцыі — больш маштабная, чым пасля распаду Савецкага Саюзу. Лепшыя людзі пакідаюць краіну, тыя, хто мелі веру ў пабудову еўрапейскай Расіі, у якой яны хацелі б жыць. Нават калі яны не пакідаюць краіну самі, то адпраўляюць сваіх дзяцей у іншыя краіны. У школах і шпіталях расійскай сталіцы ўсё часцей можна сустрэць настаўнікаў і лекараў з Таджыкістану і Узбекістану. Рускія ўрачы і выкладчыкі пакідаюць краіну.
Для таго каб зразумець, што сёння адбываецца ў Расіі, нават няма неабходнасці ў чытанні газет. Дастаткова проста паслухаць людзей у чэргах перад консульствамі еўрапейскіх дзяржаваў у Маскве. Я задала некаторым з іх спрадвечнае рускае пытанне: «Што ж рабіць?» Абсалютна ўсе адказалі: «Час звальваць». Адзін чалавек распавёў, што ў 90-х гадах ён марыў ператварыць Расію ў заходнюю краіну: «Я працаваў у Мемарыяле. Мы сабралі доказы жудасных рэпрэсій пры Сталіне. Але цяпер няма ніякай неабходнасці ў гэтым. Некаторыя хочуць перайменаваць Валгаград назад у Сталінград.»
«Асілак, які адновіць імперыю, ізноў у модзе», — сказаў іншы расіянін. — Гэта параза для мяне.»
«Я з'яжджаю таму, што я лесбіянка, — тлумачыць жанчына. — У нас з сяброўкай двое дзяцей. Я не хачу, каб іх забралі ад нас і аддалі ў дзіцячы дом.» Іншы масквіч кажа, што яго бацька — антызаходнік і лічыць, што толькі здраднікі з'яжджаюць з Расіі цяпер.
«Але я ненавіджу яго, — дадаў ён. — Мы самая вялікая краіна ў свеце. Мы насельніцтва рабоў. Я напісаў, што быў за Майдан, на маёй старонцы ў Facebook. Вы не ўяўляеце сабе, колькі бруду і нянавісці абрынулася на мяне. Зараз гэта адбываецца онлайн, але гэта толькі пытанне часу, перш чым яно выплюхнецца на вуліцы. Баюся, што можа быць грамадзянская вайна.»
Мы выбіраем вайну замест міру. Мы выбіраем мінулае замест будучыні. Зазваніў тэлефон, у той час як я сканчала гэты тэкст. «Я чытаў вашы кнігі і вашы артыкулы. Я бачыў, як вы пэцкаеце Расію брудам, — сказаў голас. — Вы — „пятая калона!“ Здраднікі! Мы будзем памятаць усіх і кожнага з вас. Твой час хутка прыйдзе!»
Я павесіла слухаўку і падышла да вакна. Маё ўражанне было, што час, пра які сказаў гэты чалавек, ужо надышоў.
svaboda.org