Псіхолаг Уладзімір Янчук: Улада палохаецца ўсяго і ўся
Прафесар псіхалогіі Уладзімір Янчук на прыкладзе гісторыі рамана Альгерда Бахарэвіча, які збіраюцца расціснуць трактарам, разважае пра тое, наколькі напужаная сённяшняя ўлада, наколькі яна пісьменная, і як будуць развівацца падзеі далей.
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч днямі распавёў пра тое, што будзе з канфіскаваным накладам ягонай кнігі «Сабакі Еўропы», якая патрапіла ў спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў»:
— Кнігі закатаюць у зямлю трактарам. Memento, quia pulvis es. Трактарыст, газу.
Аўтар прывёў аргументы адведзеных за знішчэнне яго рамана:
— Кажуць, што кнігі яны не спальваюць. Не экалагічна. І «яны ж не фашысты». А ў канфіскаце экстрэмісцкую літаратуру прадаваць забаронена. Такія кнігі закатваюць у зямлю трактарам.
Пра што кажа гэтая гісторыя, якой можа быць рэакцыя чытачоў? На гэтыя і іншыя пытанні «Філіна» адказаў прафесар псіхалогіі Уладзімір Янчук.
— Мы ўжо прайшлі этап, калі няўгодныя прызнаваліся кнігі «экстрэмісцкімі». Закатаць у зямлю трактарам — гэта нейкі новы этап? Як гэтая гісторыя характарызуе ўладу і яе добраахвотных памочнікаў, гойсаць па кнігарнях у пошуках «крамолы»?
— Гэта не новы этап, працэс ідзе па інерцыі. Першы індыкатар тут — улада баіцца любой праявы іншадумства. А паколькі пачуццё страху ёсць, гэта выклікае напружанне і трывогу.
Як бы там ні было, з чым бы ўскосна звязана ні было — дзейнічае логіка выпаленай зямлі. Каб нічога патэнцыйна небяспечнага не вырастала.
Прычым, наколькі я разумею, гэта не толькі для ўнутранага спажыўца, але і для самой улады, бо іншадумства і інакаслоўе яе трывожыць яшчэ больш.
Другая логіка — чыноўнікі і прадстаўнікі спецслужбаў працуюць. І тым самым дэманструюць, што яны пры справе, трымаюць руку на пульсе. А паколькі рэсурс прыкладання намаганняў вычэрпваецца, яны чапляюцца да чаго заўгодна. Гэта простае тлумачэнне.
Гэта таксама індыкатар росту напружання і трывогі. Палохаюцца ўсяго і ўся. Зразумела, што абстаноўка агульнай няўпэўненасці прысутнічае. А як змагацца з няўпэўненасцю? Спаганяць адмоўную энергію. Гэта як з «прызнаннямі» затрыманых на відэа: я здзекуюся з іншага чалавека, быццам бы і эмацыйнае напружанне здымаю — я ў напружанні, так і хай іншыя яго адчуваюць таксама. Так і тут.
— Можна, вядома, прыкрывацца экалогіяй, але і трактар, і вогнішча — гэта ўсяго толькі спосаб, форма. Змест тут агульнае — знішчэнне непажаданай літаратуры. Наколькі мы блізкія да германскіх падзеяў 1930-х?
— Я б тут падобныя аналогіі не праводзіў. Тыя прычыны, якія назваў вышэй, з'яўляюцца асноватворнымі. Нагнятаць не трэба.
Да таго ж, чынавенскі люд не вельмі пісьменны, гісторыю не ведае. І пра тое, што так рабілі нацысты, ім невядома. Як не ведаюць, што практыка гэтая паўтаральная.
Гэта дэманстрацыя «гістарычнай асветы» выканаўцаў. На жаль, дэградацыя ў наяўнасці. Дый беспакаранасць за мінулыя дзеі прыводзіць да страты пачуцця адказнасці.
— Наколькі небяспечная гэтая беспакаранасць? Куды яна нас завядзе? Зараз заняліся кнігамі, а потым — іх аўтарамі? Зрэшты, у нас і так саджаюць налева і направа.
— Цяпер сітуацыя на самай справе складаная. Людзей саджаюць, але і адпускаюць спакваля. Раней была агульная аналогія — рабіць, як «старэйшы брат», усё зачышчаць. Была ўпэўненасць, што «старэйшы брат» непераможны.
Цяпер жа сітуацыя змяняецца. Аказваецца, што «старэйшы брат» не такі моцны, як можа падацца. Што ў яго праблемы. І тут мы будзем назіраць ківач.
З аднаго боку, рукі звязаныя, але асцярогі ў бок «старэйшага брата» вельмі высокія.
Таму такіх ужо чыста экстрэмальных рэчаў я не чакаю. А падлашчванне да Захаду якраз прагназую. Чым далей, тым больш.
Чым больш няўдач будзе ў «старэйшага брата», тым больш будзе цяга ў гэты бок, непазбежна будзе закамуфляванае пасыланне сігналаў аб гатоўнасці да супрацоўніцтва.
— А як гісторыя з раздушанымі трактарам кнігамі можа паўплываць на чытачоў? Ці не стануць многія цэнзураваць уласныя бібліятэкі, прыбіраючы з вачэй «небяспечныя» кнігі?
— І такое магчыма. Ёсць людзі, якія б'юць капытом. І калі сказана «фас», яны будуць сігналізаваць.
З іншага боку, вельмі цікава — сваімі дзеяннямі ўлада прыцягвае ўвагу патэнцыйных чытачоў. Мяркую, што ў кніг гэтага аўтара не вельмі шырокая аўдыторыя, а вось цяпер да яго прыцягнуць дадатковую ўвагу.
Гэта яшчэ раз аб кампетэнцыі і наступствах такога роду рашэнняў. Калі вы праяўляеце залішнюю ініцыятыву, тым самым вы пабудзіце цікавасць у патэнцыйнага чытача і ў прынцыпе прыцягваеце ўвагу. Гэта значыць атрымліваеце зваротны эфект.
Пераклад НЧ