Слуцкі хлебазавод не адмаўляецца ад «Бульбаша». Але робіць гэта па-беларуску

Паўторны адказ грамадскай актывістцы Слуцкі хлебазавод даў на беларускай мове і па сутнасці пытання. Але ад выпуску хлеба «Бульбаш» завод адмаўляцца не плануе: «аб’ектыўныя ўмовы для перайменавання хлеба «Бульбаш» адсутнічаюць».

img_1051_logo.jpg


Старшыня Слуцкага таварыства беларускай мовы Зінаіда Цімошак яшчэ ў жніўні звярнулася да дырэктара ААТ “Слуцкі хлебазавод” Дзмітрыя Чырца з просьбай спыніць вытворчасць і рэалізацыю хлеба пад назвай “Бульбаш”, бо прадукцыя з такой назвай зневажае гонар беларусаў. Зварот, які падпісалі 30 чалавек, быў напісаны на беларускай мове. На яго, нагадаем, быў атрыманы адказ з заводу на рускай мове і без подпісаў. Ліст з адміністрацыі насіў, па сутнасці, здзеклівы характар і не адпавядаў нормам афіцыйна-дзелавога стылю.


img_1177_logo.jpg

Як паведаміла Зінаіда Цімошак, пасля скаргі ў Слуцкі райвыканкам на парушэнне заканадаўства аб мовах і зваротах грамадзян адміністрацыяй Слуцкага хлебазавода, яна атрымала новы адказ з хлебазавода на беларускай мове і без усялякіх асабіста-эмацыйных адхіленняў — ужо па сутнасці пытання.

— Адказ па-ранейшаму адмоўны, — гаворыць Зінаіда Цімошак. — Але на гэты раз ён адпавядае нормам справаводства: дадзены па сутнасці пытання, у беларускамоўнай і рускамоўнай частках бланкаў выпраўлены арфаграфічныя памылкі, утрымлівае рэквізіты асобы, якая яго рыхтавала, а таксама падпісаны самім дырэктарам. Добра, што ў выніку перапіскі адміністрацыя завода навучылася пісьменна адказваць на звароты грамадзян. Хоць адзін пазітыўнывынік.



Зразумела, што галоўную ролю настаўніка ў пытанні заканадаўства адыграў Слуцкі райвыканкам. Паводле інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Ларысы Дабравольскай, на спецыяліста ААТ “Слуцкі хлебазавод”, адказнага за работу з зваротамі грамадзян, за парушэнне заканадаўства аб мовах складзены адміністратыўны пратакол.


Як паведаміў Слуцкі райвыканкам, на адрас ААТ “Слуцкі хлебазавод” напрыканцы жніўня быў накіраваны ліст з патрабаваннем выправіць выяўленыя парушэнні заканадаўства і паўторна даць адказ на беларускай мове.

Такія ж самыя адказы з устаноў атрымала і Аліна Нагорная, якая такксама пісала скаргу.