«Праўды ніколі не было, і цяпер не будзе»

Сёння ў Мінску пачаўся суд над фігурантамі так званай «справы студэнтаў». Па ёй праходзіць дванаццаць чалавек, якія знаходзяцца ў СІЗА ўжо больш за шэсць месяцаў.

20210514_132629_logo.jpg

Дзесяць студэнтаў пяці мінскіх ВНУ, выкладчыцу БДУІР і выпускніцу медыцынскага ўніверсітэта вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (частка 1 артыкула 342 КК) і ў злачынстве, якое было здзейснена групай асоб па папярэдняй змове (ч. 2 прт. 17 КК). Справу разглядае суддзя Марына Фёдарава ў Доме правасуддзя.

Яшчэ за паўгадзіны да пачатку пасяджэння каля Дому правасуддзя сабралася каля сотні чалавек, якія прыйшлі падтрымаць студэнтаў. У будынак суда пускалі толькі сваякоў і журналістаў. Аднак каля залы суда тых, хто здолеў патрапіць у будынак, чакаў яшчэ адзін турнікет і дагляд. У выніку, у залу суда дазволілі зайсці толькі блізкім сваякам падсудных — па два родных на аднаго палітвязня. Ніводнага з незалежных журналістаў у залу суда не пусцілі.

Не ўдалося трапіць у спіс блізкіх сваякоў і некаторым бабулям і дзядулям палітвязняў. Бабуля Касі Будзько Кацярына Антонаўна не вытрымала: расплакалася перад турнікетам і доўга ад яго не адыходзіла, прасіўшы прапусціць яе да ўнучкі. Але дзеверы ў залі ўжо зачыніліся.

Кацярына Антонаўна

Кацярына Антонаўна

— Праўды ніколі не было, і цяпер не будзе, — плача Кацярына Антонаўна. — Я 73 гады пражыла, таму ведаю, пра што кажу.

Кацярына Антонаўна распавядае, што фігуранты справы не ведаюць адно аднаго. А Кася сустрэне сваё дваццацігоддзе — 25 траўня — за кратамі.

— Яна ж памочніцай нам была… Мы спецыяльна папрасілі яе прыехаць з Гродна. Яна з трэцяга курса ўніверсітэта перавялася сюды, у БДПУ. І вось, прыехалі, яе забралі, а нам выламалі дзверы…

Праз некаторы час бабулю ўсё ж праз турнікет прапусцілі… Але не ў залу суда, а на лаўку, якая знаходзіцца побач з кабінетам.

Таццяна і Ганна вельмі просяць пусціць іх у залу суда. Яны — сяброўкі Вікі Гранкоўскай, студэнткі БНТУ. Віка — сірата, з блізкіх у яе ёсць бабуля, але яна жыве ў вёсцы ў Дзятлаўскім раёне. Дзяўчаты ўвесь час перадаюць Віцы перадачы, пішуць лісты… У залу суда пасля дзяўчат усё ж такі прапусцілі. Аднак як быць далей — яны не ведаюць, бо перакананы, што ў залу суда сёння яны патрапілі нейкім цудам.

20210514_130244.jpg

Тым часам на вуліцы перад будынкам суда пачаліся затрыманні сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць вязняў. Вядома, што затрымалі не менш за 14 чалавек. Сярод іх — палітык Анатоль Лябедзька і журналістка Tut.by Любоў Каспяровіч. У хуткім часе каля Дома правасуддзя людзей не засталося.

Прыйшлі падтрымаць падсудную выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву некаторыя з яе студэнтаў. Насця распавядае, што для яе Вольга Філатчанкава заўжды была любімай выкладчыцай: «Усе шэсць месяцаў я думаю толькі пра яе і пра тое, як ёй можна дапамагчы». У першых лістах, якія выкладчыца пісала сваім студэнтам, яна вельмі хвалявалася за адзнакі за лабараторныя працы, якія засталіся ў яе. «Яна заўжды была бойкая, — кажа Насця. — Магчыма, гэтым яна і спадабалася мне: кажа тое, што думае».

Іван, сын Вольгі Філатчанкавай

Іван, сын Вольгі Філатчанкавай

Падчас перапынку сын Вольгі Іван распавёў, што ў судзе ўжо пачалі зачытваць абвінавачванні, праўда, разабраць нешта было цяжка. Падсудныя знаходзіліся ў залі суда ў двух клетках: у адной было восем чалавек, у другой — чатыры.

— Я не бачыў, каб нехта там быў прыгнечаны, — прызнаецца Іван. — Усе проста заззялі, калі пабачылі родных.

На пачатку суда адвакаты агучылі тры хадайніцтвы. Адвакат Іллі Трахтэнберга хадайнічаў аб спыненні справы ў сувязі з неаб’ектыўнымі абвінавачваннямі — яно было адхілена. Вольга Філатчанкава з адвакатам хадайнічала аб змяненні меры стрымання для студэнтаў на хатні арышт. І гэтае хадайніцтва адхілілі.

— Я адчуваю гонар за маці, — дзеліцца Іван. — Усе былі захопленыя яе хадайніцтвам за студэнтаў. Надзея, як кажуць, памірае апошняй, але ў большасці сваёй мы гатовыя да горшага. Учора мне прыйшоў ад яе апошні ліст. Яна папярэдзіла мяне, што будзе сядзець у клетцы. Прасіла, каб я гэтага не пужаўся.

Іван па выніках першых гадзін судовых разбіральніцтваў кажа, што абвінавачванні на кожнага падсуднага нібыта напісаны пад капірку: «Такое адчуванне, што мяняюцца толькі прозвішчы, даты і ўстановы адукацыі».

На ганку падчас перапынку стаяла маці Ягора Канецкага Ала. Яна была разам з бабулямі і дзядулямі Ягора, якіх таксама не пусцілі ў залу суда.

— Я першы раз за паўгода пабачыла сына! — плача Ала. — А так, сяджу на карвалоле. Ягор на судзе жэстам папрасіў зняць маску, каб мог пабачыць мяне… А перад судом напісаў, каб я набыла букет кветак сабе ад яго.

Сваякі Марыі Каленік

Сваякі Марыі Каленік

Маці і сястра Марыі Каленік — Вольга і Паліна, калі выйшла з залі суда, сказалі, што схадзілі нібыта ў тэатр.

— Апошнія вынесеныя выракі паказваюць, што, хутчэй за ўсё, будуць даваць тэрміны, — кажа Паліна. — Але ведаеце, яны ў клетках выглядаюць больш вольныя, чым мы тут!

Згодна з папярэдняй інфармацыяй, судовыя пасяджэнні будуць цягнуцца да 7 чэрвеня. Усім фігурантам справы пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.


* * *

12 лістапада маладых людзей затрымалі супрацоўнікі КДБ. Усяго ў справе 12 абвінавачаных, большасці з іх — ад 19 да 24 гадоў. Усіх іх — Анастасію Булыбенка, Вікторыю Гранкоўскую, Яну Арабейка, Марыю Каленік, Касю Будзько, Ксенію Сырамалот, Таццяну Якельчык, Іллю Трахтэнберга, Ягора Канецкага, Глеба Фіцнера, Алану Гебрэмарыям, Вольгу Філатчанкаву — праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі. Фота аўтара