«Ну, вырвала іх. Што тут страшнага?» Што здарылася з ліцэістамі БНТУ, якіх адвезлі ў інфекцыёнку

Семярых вучняў ліцэя БНТУ шпіталізавалі ў дзіцячую інфекцыйную бальніцу. «Еўрарадыё» высветліла, што здарылася і ці ёсць небяспека для іншых навучэнцаў і супрацоўнікаў. Выданне патэлефанавала ў адміністрацыю навучальнай установы і ў бальніцу пад выглядам занепакоенай маці.

l_height.webp

«Не спадабалася нейкая ежа з курыцы»

Паводле намесніцы дырэктаркі па гаспадарчай рабоце Вольгі Ксяневіч, сёння ў ліцэі неспакойна з самай раніцы: на калідорах шмат людзей — прыехалі спецыялісты з санстанцыі і дзіцячай паліклінікі, якія «праводзяць апытанні». Суразмоўніца кажа, што за два гады, якія яна прапрацавала ў ліцэі, такой мітусні не памятае.

— Сама хацела б ведаць, што адбылося. Я тут працую, а потым хаджу дадому. Адчуваю сябе добра, але і ў сталоўцы не харчуюся, як некаторыя настаўнікі.

Учора, калі дзеці кучай стаялі ў гардэробе пасля заняткаў, многія няўхвальна адклікаліся пра ежу. Чула, што не спадабалася нейкая ежа з курыцы.

Паводле іншых чутак, нейкія выпадкі былі ўжо з панядзелка. Не ведаю, хто там мае рацыю, але я схільная больш верыць дзецям. Цяпер дырэктарка занятая — можа, яна больш ведае. Можа, нешта скажа класная, добра, калі напішуць потым у бацькоўскі чат — будзем чакаць.

«Аналізы здаць не могуць — такі панос»

Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем Міністэрства аховы здароўя. Паводле дактароў мінскай інфекцыёнкі, міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў «усё ведае, напагатове» і ўжо прыязджаў у бальніцу. Бацькам раяць не нервавацца і гарантуюць, што «ўсё пад кантролем».

— Дзеці нешта з'елі — і панос, мне прынеслі вадкую субстанцыю, — расказвае загадчыца віруса-бактэрыялагічнай лабараторыі Ніна Клюйко. — Ну дык і што? Што раздзьмулі? Па радыё нават перадалі!

Ну, ляжаць сем чалавек — і ўсё. Дык нават аналізы здаць не могуць — такі ў іх панос, што ў іх нават калу няма. Я не ведаю, з чым іх шпіталізавалі. Ну, вось вырвала іх... Што тут страшнага? Дарослыя дзеці. Паляжаць дзень і пойдуць дадому.

Як кажа суразмоўніца, дактары пакуль не ведаюць, што канкрэтна здарылася з дзецьмі. Працоўны дзень пачаўся ў 8:30 — часу прайшло мала, аналізы ў працы, у тым ліку аналіз на ПЦР. Сама жанчына практычна ўпэўненая, што вінаваты нейкі «вірус, а не бактэрыі» і перажываць не варта, бо гэта «не чума, не халера і не кавід».

— Рукі трэба мыць пасля прыбіральні і не есці што папала, — раіць Ніна Клюйко.

4 красавіка ў ліцэі БНТУ паведамілі пра адмену Дня адкрытых дзвярэй у сувязі з каранцінам. Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, у падлеткаў знайшлі наравірус. Гэтая кішачная інфекцыя можа быць выклікана невыкананнем правіл асабістай гігіены.