Ніводнага голаса супраць. Беларускія парламентарыі прынялі закон «аб генацыдзе беларускага народа»
Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прыняла законапраект закон «аб генацыдзе беларускага народа». Як паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, яго ўнесла дэпутат Лілія Ананіч з мэтай «захавання гістарычнай памяці, умацавання нацыянальнай бяспекі, процідзеяння фальсіфікацыі падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны». За праект прагаласавалі 96 дэпутатаў. Двое не прымалі ўдзел у галасаванні. Супраць не прагаласаваў ніхто.
![palata_genoczid.jpg palata_genoczid.jpg](/img/v1/images/palata_genoczid.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цяпер закон павінен ухваліць Савет Рэспублікі і падпісаць
Аляксандр Лукашэнка.
Праект закона быў нядаўна апублікаваны. Генацыдам
прапануецца прызнаць «учыненыя нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі,
нацыяналістычнымі фарміраваннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны
перыяд злачынствы, накіраваныя на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага
народа шляхам забойства і іншых дзеянняў, якія прызнаюцца генацыдам у
адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і нормамі міжнароднага права».
Пры гэтым пад пасляваенным перыядам разумеецца перыяд да 31
снежня 1951 года, а пад беларускім народам «савецкія грамадзяне, якія
пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд
Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд».
Паводле reform.by.
Праектам прапануецца ўвесці крымінальную адказнасць за адмаўленне генацыду.
Адмаўленне генацыду ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо ў інфармацыі, размешчанай у інтэрнэце і іншай сеткі электрасувязі агульнага карыстання альбо выдзеленай сеткі, прапануецца караць арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.