«Не сядзеў – не беларус». Мужчыну асудзілі на 15 сутак за БЧБ-налепку на машыне

28 сакавіка машыну сям'і Дарафеевых на паркоўцы на вуліцы Інтэрнацыянальнай супрацоўнікі міліцыі заціснулі на бусе. Да машыны падышоў супрацоўнік АМАПа, каб агледзець багажнік і праверыць рэчы. На багажніку машыны ён выявіў БЧБ-налепку. Супрацоўнікі загадалі зняць яе, а ў выпадку адмовы пагразілі «пасадзіць на 15 сутак». На што Ягор Дарафееў ім адказаў: «Не сядзеў – не беларус».

download_190.jpg

Жонка Дарафеева на судзе паведаміла, што ў той дзень за рулём была яна сама. Паводле яе слоў, супрацоўнікі з'ехалі, як толькі сям'я зняла налепку з машыны. Але пазней зноў пад'ехаў супрацоўнік і сказаў, што, па распараджэнні яго начальніка, жанчына павінна праехаць у РУУС, дзе на яе пасля склалі пратакол за налепку па арт. 24.23 КаАП і вынеслі папярэджанне.
Ягора Дарафеева затрымалі і адвезлі ў РУУС праз падазрэнні ў падробцы він-нумару. Але па прыездзе ў Цэнтральны РУУС мужчына «па класіцы» нібыта аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, за што на яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП.
На судзе стала вядома пра мноства супярэчнасцей у справе: не супадала месца затрымання, а ў рапарце напісана, што Ягор быў наогул на матацыкле.
Сведка-міліцыянт, як заўсёды, «проста пераблытаў», а суддзя Дзмітрый Карсюк не звярнуў на гэта ўвагу і асудзіў мужчыну на 15 сутак арышту.
На судзе Ягор распавёў, што святло ў камеры гарыць заўсёды, а спяць затрыманыя на падлозе, але настрой у яго добры.

t.me/viasnanazirae