Наста Захарэвіч: Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, зусім нельга назваць мірным жыцьцём
Нядаўна стала вядома пра выпадак у Гродне, калі мясцовы жыхар стрэліў у 18-гадовага юнака, які, паводле меркавання стралка, позна ўвечары занадта гучна размаўляў каля пад'езда. Журналістка Наста Захарэвіч у калонцы на «Св*бодзе» разважае пра тое, як на тле лукашэнкаўскага бязмежжа ў краіне паступова расце гвалт у побыце беларусаў.
— Ізноў у Беларусі стралялі ў юнака. Я, па шчырасьці, звыкла, што пра вулічную страляніну навіны звычайна прыходзяць з ЗША. І сьледам за такімі навінамі звычайна ідзе мэдыйная хваля абмеркаваньня законаў, зьвязаных з захоўваньнем і ўжываньнем агнястрэльнай зброі.
У Беларусі ж свая спэцыфіка, і грамадзкая рэакцыя на
страляніну таксама іншая. Калі летась у бяззбройнага 16-гадовага падлетка
стрэліў экс-кіраўнік ГУБАЗіКа, мы шмат гаварылі пра адчуваньне поўнай
беспакаранасьці ў людзей, так ці інакш зьвязаных зь сілавымі структурамі. У
новай справе са стралянінай — калі мужчына стрэліў у вока 18-гадоваму хлопцу,
які гучна размаўляў на вуліцы побач зь ягоным домам, — мы пакуль нічога ня
ведаем пра асобу нападніка. Але само па сабе гэтае злачынства — чарговы
паказьнік таго, як у краіне, дзе адбываюцца палітычныя рэпрэсіі і дзяржаўны
тэрор, у побытавых стасунках узровень гвалту таксама расьце.
Гэта сумная іронія, але навіна пра падстрэленага ў Горадні
хлопца зьявілася роўна ў той жа дзень, калі Аляксандар Лукашэнка выступіў са
зваротам да народу і парлямэнту. У гэтым звароце было і пра нібыта міратворчую
дзейнасьць Лукашэнкі для спыненьня вайны Расеі супраць Украіны, і пра пляны так
званага калектыўнага Захаду зруйнаваць Беларусь, і пра сацыяльную падтрымку
шматдзетных сем’яў. Але асабліва мяне зацікавіў даўно вядомы, здавалася б,
сюжэт. Лукашэнка раз за разам паўтараў, што ў Беларусі мір і што так павінна
быць і надалей.
Рыторыку пра апраўданьне чаго заўгодна бясспрэчнай
каштоўнасьцю міру, якую ў народзе часта называюць «абы не было вайны», я
памятаю з маленства. Гэтаму мяне вучылі ў школе, пра гэта расказвалі дыктары
дзяржаўнага тэлебачаньня ў выпусках навін. Але чым далей, тым больш фальшыва
гучыць гэтая нібыта заклапочанасьць мірным жыцьцём.
Калі ў краіне толькі афіцыйных палітзьняволеных — амаль
паўтары тысячы чалавек, калі ў ІЧУ, СІЗА і калёніях катуюць, калі людзі
вымушаныя займацца рэйкавай вайной, каб спыніць расейскую вайсковую тэхніку, —
гэта ня мір. Беларусь вельмі даўно не жыве ў міры.
Так, на яе тэрыторыю, на шчасьце, не ляцяць ракеты, але тое,
што адбываецца цяпер у Беларусі, зусім нельга назваць мірным жыцьцём.
«Парадак і бясьпека на нашых вуліцах», — кажа Лукашэнка.
«Прымальны парадак». Аказваецца, нематываваныя арышты, выкраданьні людзей (а
калі невядомыя людзі ў звычайнай вопратцы, не прадставіўшыся, закідваюць вас у
машыну без нумароў, — гэта менавіта выкраданьне чалавека), а таксама страляніна
па бяззбройных падлетках — гэта прымальны парадак. І гэта нібыта тое, што
робіцца, каб не было вайны.
Аказваецца, калі дарослы страляе ў падлетка за тое, што той
сядзіць на лаўцы побач з пад’ездам, дзе жыве гэты дарослы, — гэта мір і
парадак. І калі іншы дарослы страляе ў 18-гадовага юнака за гучную размову на
вуліцы, — гэта таксама мір і парадак. Праўда, калі штосьці падобнае адбываецца
ў Штатах — гэта страшнае наступства дэмакратыі і адсутнасьці традыцыйных
каштоўнасьцяў. І ў 90-я страляніна была жахам. А цяпер усё ў парадку.
Падумаеш, страляюць на вуліцы. Гэта такі новы парадак.