На Дзень Волі шэсце пройдзе па праспекту Незалежнасці. На Кастрычніцкай — мітынг

Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі сказаў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч. Ён падкрэсліў неабходнасць кансалідацыі палітычных сілаў для арганізацыі святкавання Дня Волі.

Дзень Волі 2016

Дзень Волі 2016

«Збор удзельнікаў святкавання Дня Волі запланаванае на 14.00 25 сакавіка на пляцоўцы ля Акадэміі навук. Далей шэсце пройдзе па праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы, дзе плануецца мітынг», — сказаў Губарэвіч.
Па ягоных словах, дазвол на акцыю пакуль не атрыманы, улады спецыяльна зацягваюць тэрміны. Адказ ад Мінгарвыканкаму павінны паступіць не пазней за 20 сакавіка.
«Пратэстны патэнцыял беларусаў — сёння даволі высокі. Гэты патэнцыял не можа быць прыватызаваны адной палітычнай структурай ці палітычным лідарам, станоўчы эфект ад выхаду людзей на вуліцы можа даць толькі супольная праца па падрыхтоўцы акцыі», — дадаў лідар Руху «За Свабоду».
Губарэвіч падкрэсліў, што 25 сакавіка нельга зводзіць выключна толькі да пратэсту супраць Дэкрэту № 3, «заўсёды людзі выходзілі з лозунгамі ў абарону незалежнасці Беларусі, так будзе і ў гэтым годзе». «Незалежнасць Беларусі, як і прынялі рашэнне ад пачатку, будзе асноўным лозунгам акцыі», — заключыў Юрый Губарэвіч.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі на прэс-канферэнцыі агучыў планы далучэння да аргкаму прадстаўнікоў Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Папярэдняя дамова пра гэта ёсць, структура плануе прыняць канчатковае рашэнне да 8 сакавіка.
Удзельнікі аргкаму агучылі заклік да ўладаў зрабіць 25 сакавіка дзяржаўным святам.
«Мы павінны забяспечыць, каб гэты пратэст быў масавым, мірным і годным», — заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён выказаў спадзеў, што да пратэсту далучацца ўдзельнікі сацыяльных акцыяў пратэсту.
Сярод заяўнікаў прадстаўнікі пяці арганізацыяў — Руху «За Свабоду», Партый АГП, БНФ, БХД, Руху Салідарнасці «Разам».
Вольга Быкоўская, pyx.by