На беларускамоўнага экскурсавода Ігара Хмару завялі крымінальную справу

Імаверна, хлопцу інкрымінуюць удзел у пратэстах. Пра гэта паведамляе ініцыятыва @by_culture.

photo_2022_10_18_10_29_51.jpg

Ігара Хмару затрымалі ў пачатку жніўня падчас шпацыру па Мінску. Паводле некаторых звестак, падставай для затрымання стала беларуская мова.

Два месяцы не было вядома, што з ім і дзе ён. Цяпер Ігар, меркавана, на Валадарцы.

Ігар Хмара праводзіць беларускамоўныя экскурсіі, раней супрацоўнічаў з парталам «Realt.by».

Дзясяткі журналістаў незалежных медыя былі затрыманы падчас і пасля падзей 2020 года. Дагэтуль шмат з іх знаходзяцца за кратамі.

Аднак у выпадку з Ігарам Хмарай гаворка можа ісці пра атаку не на журналістаў, а на беларускамоўных экскурсаводаў. Іх затрымлівалі і раней, у тым ліку забіралі дырэктарку тураператара «Віаполь» Галіну Патаеву — яе фірма якраз ладзіла беларускамоўныя экскурсіі.