Мужчыну з інваліднасцю асудзілі за ўдзел у Маршы герояў

7 верасня суд Маскоўскага раёна горада Мінска прысудзіў 22-гадоваму Кірылу Пальчэўскаму тры гады і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле арт.342 і арт.415. Пальчэўскі — чалавек, які мае псіхічнае захворванне, паведамляюць праваабаронцы.

Ілюстрацыйнае фота: Марш герояў 13 верасня 2020 года. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота: Марш герояў 13 верасня 2020 года. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Паводле арт.342 КК яго асудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады, паводле арт.415 КК — да пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год. Канчатковае пакаранне прызначанае па сукупнасці пакаранняў шляхам іх поўнага складання. Таксама да яго далучылі часткова не адбытую частку папярэдняга пакарання — два месяцы «хатняй хіміі».
Прысуд вынесла суддзя Таццяна Мотыль. Бок абвінавачання падтрымаў памочнік пракурора Серакоў.
Кірыл быў затрыманы 15 чэрвеня і з таго часу знаходзіцца пад вартай.

У чым прызналі вінаватым?

У межах артыкула 342 КК Кірыла Пальчэўскага прызналі вінаватым у тым, што 13 верасня 2020 года ён з 13.59 да 19.20 прыняў удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Згодна з абвінавачаннем, ён дзейнічаў з карыслівых памкненняў, а таксама па папярэдняй змове з групай асоб: выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні, рухаўся ў счэпцы, парушаў права прыстойных грамадзян на спакойнае жыццё. У тэксце абвінавачання былі пералічаныя ўсе вуліцы, крамы і арганізацыі, спакой якіх парушыў мужчына.
Паводле арт.415 КК Кірыла Пальчэўскага прызналі вінаватым у тым, што ён парушыў правілы адбыцця свайго ранейшага пакарання: двух гадоў «хатняй хіміі», — падчас якога ён здзейсніў шмат парушэнняў.

Што гаварыў абвінавачаны?

Пальчэўскі распавёў, што ў той дзень ён схадзіў у гандлёвы цэнтр, потым прысеў на вуліцы ў кафэ, калі да яго падышоў мужчына і прапанаваў зарабіць грошы. Ён прапанаваў Кірылу ісці наперадзе калоны, паказваць, куды ісці людзям. У выніку грошы мужчына не заплаціў. Пальчэўскі цалкам прызнаў віну.
Суддзя зрабіў перапынак праз празмерную знерваванасць Пальчэўскага падчас яго паказанняў.

Якія матэрыялы разглядаліся падчас справы?

У выніку пасля перапынку Мотыль пастанавіла разгледзець суд у паскораным рэжыме без выклікання сведак — ніхто не быў супраць. Згодна з фота- і відэаматэрыяламі, Пальчэўскі стаяў у счэпцы і рэгуляваў рух транспарту. Экспертыза прызнала дыягназ мужчыны, згодна з якім ён мае псіхічнае расстройства — лёгкую разумовую адсталасць, — але можа ўсведамляць свае дзеянні.
Пракурор запрасіў для абвінавачанага пазбаўленне волі на тры гады. Суддзя згадзілася з пакараннем і дадала да яго месяц з неадбытай раней «хатняй хіміі».