Моцны дух, што пацягнуў за сабой вагоны. Гісторыі машыністак, якія ператварылі мрою ў рэальнасць

 Заціснутыя ў патрыярхальныя межы жанчыны нарэшце здабываюць магчымасць працаваць на пасадах, якія раней лічыліся «мужчынскімі», цяжкімі ў выкананні ці шкоднымі для жаночага здароўя. Пілатэсы паветраных суднаў, альпіністкі ды ваяркі з высокімі званнямі становяцца ўсё больш звыклай з'явай у сучасным грамадстве.

 Машыністка Элізабэт Уорд. Фота: Greater Anglia

 Машыністка Элізабэт Уорд. Фота: Greater Anglia

Вялікабрытанія

Чыгуначны перавозчык, што абслугоўвае цягнікі паміж Лонданам, Кембрыджшырам, Эсэксам ды іншымі брытанскімі гарадамі, летась абвясціў 14 вакансій на пасаду кіроўцаў хуткасных электрычак. У першую чаргу прапанова па новых вакансіях была прадстаўлена жанчынам, якія мараць асвоіць кіраванне цягніком і разбурыць міф аб «мужчыннасці» гэтай працы. 

Дзеючая машыністка электрычкі Элізабэт Уорд у інтэрв’ю выданню Greater Anglia дзеліцца сваімі ўражаннямі ад бягучай пасады:

— Устоі — не тое, аб чым жанчына павінна думаць. Я ніколі і ўявіць не магла, што буду машыністкай цягніка. Толькі калі ў 2012 годзе я стала кандуктарам і ўбачыла жанчыну ў кабіне, я вырашыла, што хачу гэтага дасягнуць.

Элізабэт Уорд. Фота: Twitter @elizllebeth

Элізабэт Уорд. Фота: Twitter @elizllebeth

Дзяўчына адзначае, што чыгунка дае рэальную магчымасць пабудаваць кар’еру і займацца надзвычай карыснай і цікавай працай. На яе думку, абавязкі машыністкі зусім не такія складаныя, як здаецца на першы погляд. Некаторыя асобы верагодна і цяпер уяўляюць кабіну цягніка ў выглядзе дымлівага паравоза, у якім машыніст адыходзіць, каб падкінуць вугаль у топку.

— Галоўнае, што вам трэба засвоіць, — гэта разуменне таго, як забяспечыць бяспеку. Вам увогуле не трэба разбірацца ў тэхніцы, але вы павінны ўмець вырашыць праблему і прыняць рашэнне ў крытычнай сітуацыі. Людзі думаюць, што ты ўвесь час будзеш бруднай і брыдкай, але гэта не так. Часам мы ўзаемадзейнічаем з пасажырамі, але ў асноўным працуем адны ў кабіне, — распавядае машыністка.

Элізабэт называе сваю працу вельмі рамантычнай і прыгожай. І сапраўды, якія краявіды можна днямі напралёт разглядаць праз лабавое шкло састава, тым больш у такой маляўнічай краіне. Кантролеры і аўтаматыка ў сучасных цягніках значна спрашчаюць колькасць неабходных дзеянняў, што дае магчымасць больш адпачываць і насалоджвацца краявідамі.

— Мы працуем шмат змен і ў дадатак бачым прыгожыя світанкі ды заходы сонца. У той момант, калі ты знаходзішся ў кабіне цягніка, думаеш: «Ого, я кірую гэтым».

Электрычка на маршруце Лондан — Кембрыджшыр

Электрычка на маршруце Лондан — Кембрыджшыр

Элізабэт адчувае сапраўдны гонар ад таго, што ёй, звычайнай дзяўчыне, атрымалася ўтаймаваць гэтага шматтоннага «звера» і быць адказнай за такую важную справу.

 Працэс станаўлення ўключае заняткі ў класе, вывучэнне ўсіх правілаў і норм, а таксама «інтымных» дэталяў, характэрных для вызначанай мадэлі цягніка, якім машыністка збіраецца кіраваць.

Практычныя ўрокі кіравання і вывучэнне розных маршрутаў праходзяць пад кіраўніцтвам дасведчанага настаўніка каля шасці месяцаў, а пасля канчатковай ацэнкі кваліфікаваная супрацоўніца прыступае да працы.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Украіна

Нагадаем, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання кіраўніцтва дзяржавы зняла ўсе абмежаванні па прызначэнні жанчын на вышэйшыя пасады ва Узброеных сілах Украіны. Гэта адзін з найважнейшых і чаканых законапраектаў за час вайны, які кардынальна змяніў стаўленне і каштоўнасць жанчыны ў грамадстве, а таксама паспрыяў жаданню маладых дзяўчат будаваць кар’еру ў «мужчынскіх» структурах.

Гэты станоўчы трэнд утварыўся яшчэ ў 2017 годзе і пачаў распаўсюджвацца па ўсемагчымых кампаніях і арганізацыях. Тады Міністэрства аховы здароўя абвясціла новы спіс прафесій, паводле якога жанчыны змаглі працаваць аж на 450 раней забароненых пасадах!

«Укрзалізниця» і метрапалітэны ўкраінскіх гарадоў узялі курс на пераадольванне гендарных стэрэатыпаў і цалкам знішчылі ўсе абмежаванні па навучанні ды працаўладкаванні асоб жаночага полу на чыгунцы.

«Дзяўчаты! Мары спраўджваюцца! Хутка вы зможаце пракладваць рэйкі, кіраваць дрызінамі і цягнікамі!», — напісана на Facebook-старонцы Кіеўскага метрапалітэна.

Вікторыя Кікоць. Фота: Укрзалізниця

Вікторыя Кікоць. Фота: Укрзалізниця

26-гадовая Вікторыя Кікоць працуе памочнікам машыніста на Kyiv City Express — колавым чыгуначным маршруце вакол украінскай сталіцы. Дзяўчына прыклала шмат намаганняў, каб яе прафесія мары стала рэальнасцю. Гэтую пасаду яна вырашыла абраць, бо заўсёды цікавілася, «як рухаецца цягнік».

 — Неяк я чакала гарадскую электрычку і мне стала цікава, як можна ўладкавацца на такую ​​працу і ці бяруць дзяўчат. Шмат часу шукала навучальную ўстанову, у якой мне дазволяць навучацца, але шмат дзе атрымала адмову, менавіта таму, што я дзяўчына, — распавядае машыністка прэс-службе чыгункі.

 Цяпер Вікторыя працуе на адноўленай рыжскай электрычцы: такой жа, якія ходзяць па ўсёй Беларусі, але ў надзвычай гарным выглядзе. У будучыні дзяўчына бачыць сябе машыністкай крутога сучаснага цягніка, які будзе курсіраваць куды-небудзь у Еўразвяз па новай еўрапейскай каляіне.

— Мне падабаецца сама атмасфера чыгункі, рух і дынаміка. Я чалавек, які не можа сядзець на месцы. Таму працаваць у офісе — гэта зусім не для мяне. Самае прыемнае ў маёй працы — сустракаць світанкі і глядзець на заходы, — кажа дзяўчына.

У абсалютнай большасці выпадкаў вырашальным фактарам, за які машыністы бязмежна любяць сваю працу — яе рамантычнасць, спакой і прыгажосць. Таму можна быць упэўненымі, што нас заўсёды вязуць выдатныя творчыя людзі, якія атрымліваюць асалоду ад справы, якую выконваюць.

 Ад аўтара

Машыністкі і машыністы вельмі скардзяцца, калі іх называюць «кіроўцамі».

Кіроўцы напрамую ўвесь час удзельнічаюць у дарожным руху і абавязаны выконваць адпаведныя правілы, у той час як на машыністаў яны не распаўсюджваюцца. Гэта цалкам іншая прафесія, не падобная на ўпраўленне аўтобусам ці аўтамабілем. Хіба хтосьці называе пілотаў ды капітанаў кіроўцамі? 

Таму калі ласка, называйце машыністаў машыністамі!

Віншуем усіх дзяўчат і зычым працягваць руйнаванне састарэлых устояў ды стэрэатыпаў!