«Мне доўга тлумачылі, што я злачынец і што пытанне з турмой амаль вырашана»
Дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі сёння 7 гадзінаў правёў на допыце ў ДФР. Разам з ім быў юрыст Офісу Алег Граблеўскі.
Сяргей распавёў Белсату, што працаўнікі ДФР называлі яго злачынцам і махляром. Прэтэнзіі палягалі ў тым, што Офіс правоў людзей з інваліднасцю накіраваў некалькі чалавек да адвакатаў, якія дапамагалі гэтым людзям бараніць свае правы на судах ў справах аб масавых беспарадках.
Сяргей Драздоўскі перасоўваецца на інвалідным вазку. Ён зазначае, што правесці 7 гадзінаў у адным памяшканні амаль без магчымасці рухацца было для яго катаваннем.