Мінюст Беларусі не зарэгістраваў літвінаў, а Карл Маркс апынуўся «Фрыдрыхавічам»

Беларускія ўлады адмовілі ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання «Краёвае згуртаванне літвінаў». «Спіс заснавальнікаў ГА «Краёвае згуртаванне літвінаў» утрымлівае ў сабе няпоўныя і несапраўдныя звесткі аб заснавальніках дадзенага грамадскага аб’яднання, у сувязі з чым з’яўляецца несапраўдным дакументам», — гаворыцца ў адмове з Міністэрства юстыцыі.



litviny.jpg

У якасці няпоўных і несапраўдных звестак прыводзіцца адсутнасць нумароў хатніх і рабочых тэлефонаў у двух заснавальнікаў, недакладныя звесткі пра месца пражыцця ў трох заснавальнікаў.

Пры гэтым прыкладам недакладных звестак прыводзіцца тое, што адрас аднаго заснавальніка пададзены наступным чынам: «г.Слаўгарад, вул.К.Маркса», тады як, заяўляюць у Мінюсце, ён мусіць выглядаць наступным чынам: «г.Слаўгарад, вул. Маркса Карла Фрыдрыхавіча». І гэта пры тым, што бацька Карла Маркса быў Генрыхам.

«У любой еўрапейскай дзяржаве гэта было б прызнана тэхнічнай памылкай і дадзены час на выпраўленне. Але мы, вядома, знаходзімся ў візантыйскай цывілізацыі, дзе ўсё, што небяспечнае, здаецца чужым і варожым», — паведаміў КРЫНІЦА.INFO старшыня «Краёвага згуртавання літвінаў» Аляксандр Стральцоў.

Паводле яго словаў, зараз рыхтуецца скарга да Вярхоўнага суду.

4 жніўня ў Мінску адбыўся ўстаноўчы з’езд грамадскага аб’яднання «Краёвае згуртаванне літвінаў». На з’ездзе прысутнічала 50 асобаў. Старшынёй арганізацыі абраны Аляксандр Стральцоў, яго намеснікамі – Аляксандр Капуцкі і Андрэй Аляхновіч. Апроч іх трох, у Раду арганізацыі ўвайшлі Дзмітрый Вайцэховіч і Сяргей Брыцікаў. 5 жніўня рэгістрацыйныя дакумэнты арганізацыі былі пададзеныя ў Міністэрства юстыцыі Беларусі.