Мінэнерга пацвердзіла няштатную сітуацыю на будоўлі БелАЭС
Міністэрства энергетыкі Беларусі 26 ліпеня пацвердзіла інфармацыю аб няштатнай сітуацыі на Беларускай АЭС.
Нагадаем, 25 ліпеня ў СМІ з'явіліся паведамленні, што 10 ліпеня падчас выпрабавальнай трэніровачнай ўстаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 метраў. Паведамлялася таксама, што месца надзвычайнага здарэння ачэпленае і знаходзіцца пад пастаяннай і ўзмоцненай аховай.
"На справе, згодна з інфармацыяй генеральнага падрадчыка АТ "Атамстройэкспарт" (АТ "АСЭ"), няштатная сітуацыя здарылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці", — гаворыцца ў паведамленні Мінэнерга.
Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Беларуская АЭС", якое з'яўляецца замоўцам праекта, "неадкладна запатрабавала ў генеральнага падрадчыка ўсе неабходныя дакументы і звесткі. Зараз аналіз гэтай сітуацыі працягваецца", адзначаецца ў каментарыі. "Пасля ўсебаковага вывучэння беларускімі спецыялістамі пададзенай АТ "Атамстройэкспарт" інфармацыі будзе прымацца адпаведнае рашэнне. Пры гэтым беларускі бок будзе найперш кіравацца неабходнасцю безумоўнай арганізацыі бяспекі станцыі, якая будуецца", — запэўнілі ў Мінэнерга.
Варта адзначыць, што некалькі гадзін раней прэс-офіс групы кампаній "АСЭ" назваў інфармацыю аб НЗ на будоўлі АЭС не адпаведнай рэчаіснасці. "Інфармацыя аб НЗ не адпавядае рэчаіснасці, — гаворыцца ў каментарыі прэс-офіса. — Што да сутнасці пытання, то паведамляем, што корпус рэактара знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзялення. Тэхнічных перашкодаў для яго ўстаноўкі на штатнае месца няма. Генпадрадчык чакае дазволу на правядзенне аперацый па мантажы ад наглядных органаў".
Гэта ўжо не першае паведамленне аб НЗ на будаўнічай пляцоўцы станцыі. МЗС Літвы двойчы (у маі і чэрвені) уручаў паслу Беларусі ноту ў сувязі з магчымымі інцыдэнтамі на пляцоўцы АЭС, якая будуецца за 50 кіламетраў ад Вільнюса.
Інцыдэнты, якія паўтараюцца на Беларускай АЭС, паказваюць, што асцярогі Літвы з нагоды бяспекі гэтай станцыі абгрунтаваныя, заявіла сёння літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ.
"Беларусь унікае ад адказаў на пытанні пра бяспеку, не жадае пусціць назіральнікаў, і гэта выклікае ў нас непакой увесь час, — цытуе Грыбаўскайтэ партал Delfi. — Аварыйныя выпадкі, якія паўтараюцца адзін за адным, паказваюць, што нашы асцярогі былі абгрунтаваныя, таму Літва і ў далейшым будзе імкнуцца разам з міжнароднай супольнасцю паўплываць, каб патрабаванні да бяспекі былі гарантавана захаваныя".
Паводле слоў літоўскага прэзідэнта, калі Беларусь не прыме меры да захоўвання стандартаў бяспекі, Літва разам з міжнароднай супольнасцю пастараецца перашкодзіць яе дзейнасці. "Міжнародная супольнасць будзе заахвочваць і працягваць рабіць націск на ўлады Беларусі з тым, каб АЭС была максімальна бяспечнай і адпавядала міжнародным стандартам бяспекі, а калі не, то ў нас будуць і свае меры, і мы разам з Еўрапейскім саюзам будзем шукаць меры, каб не дазволіць гэтай небяспечнай, калі яна такой застанецца, АЭС ажыццяўляць сваю дзейнасць", — заявіла Грыбаўскайтэ.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН