Мікіта Емяльянаў спыніў галадоўку, але яго працягваюць утрымліваць у ШІЗА
Мікіту Емяльянаву дадалі яшчэ 10 сутак штрафнога ізалятара. Вядома таксама, што хлопец спыніў галадоўку, якую трымаў з 3 лютага.
![img_0946_logo__1__logo_1_1_1_2_logo_1_1.jpg img_0946_logo__1__logo_1_1_1_2_logo_1_1.jpg](/img/v1/images/img_0946_logo__1__logo_1_1_1_2_logo_1_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
24 лютага стала вядома, што палітзняволенаму анархісту Мікіту Емяльянаву дадалі яшчэ 10 сутак штрафнога ізалятара. Цяпер ён прабудзе там да 4 сакавіка. Вядома, што хлопец спыніў галадоўку, якую трымаў з 3 лютага, паведамляюць палітвязні.
Маці палітзняволенага атрымала два адказы на свае скаргі ад адміністрацыі турмы №4 за подпісам начальніка Аляксандра Лауэра.
У першым адказе значыцца, што Мікіта абвясціў галадоўку, яго паводзіны носяць «установачны, дэманстратыўна-шантажны характар, што ў наступстве можа нанесці шкоду яго здароўю». Родным хлопца прапаноўвалася ў пісьмовай форме паведаміць сыну пра неабходнасць спынення галадоўкі з мэтай захавання здароўя.
Пасля гэтага кіраўніцтвам быў дасланы ліст, дзе было ўказана, што першы адказ — памылковы. Быў дасланы другі адказ, у якім ужо адзначалася, што Мікіта спыніў галадоўку і на 25 лютага яго стан задавальняючы, за ім працягваюць назіраць медыкі.