Маршрут акцыі на 1 мая ў Мінску назвалі «кампрамісным»
На 1 мая апазіцыя ў Мінску плануе акцыю салідарнасці ў падтрымку рэпрэсаваных.
«На 1 мая запланаваны не толькі марш салідарнасці з працоўнымі, але і з усімі грамадзянамі, якія трапілі пад хвалю рэпрэсій», — сказаў, адкрываючы пасяджэнне аргкамітэту Маршу салідарнасці, кіраўнік руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
Заяўнік акцыі, намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч, абвясціў мяркуемы маршрут. Збор а 16-й гадзіне на пляцоўцы каля Нацыянальнай акадэміі навук, шэсце па вуліцы Сурганава, мітынг у парку Дружбы народаў.
Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД заявіў: «Мы не падзяляем сацыяльныя і палітычныя патрабаванні. 1 мая будзе гучаць голас салідарнасці ў падтрымку ўсіх рэпрэсаваных. Калі ўлада нас зноў не пачуе, наступным крокам будзе агульнанацыянальны страйк».
Прафсаюзны актывіст Аляксандар Еўдакімчык пацвердзіў: май стане месяцам уздыму працоўнай актыўнасці, акцыі запланаваныя ў шэрагу рэгіёнаў краіны.
Алена Яськова, юрыстка БКДП, не выключае, што ўлады паспрабуюць нейтралізаваць кангрэс, паколькі людзі на ўсёй краіне патрабуюць пераменаў і дэмакратычныя прафсаюзы мусяць узначаліць калоны пратэстоўцаў.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька назваў марш «кампрамісным», бо арганізатары пагадзіліся на «непапулярны маршрут»:
«Але мэта — кансалідаваць грамадства, а не раскалоць яго. Арганізатары не выключаюць правакацый 1 мая, хоць ніякіх гвалтоўных захадаў дэмакратычная грамадскасць ніколі не пераследавала».