Лукашэнка назваў пяць праблем вышэйшай адукацыі, тры з іх — «палітычныя»
Сёння Лукашэнка сабраў на нараду рэктараў ВНУ, на якой зноў абураўся ад’ездам выпускнікоў за мяжу. Ён даручыў кіраўнікам універсітэтаў «жэстачайшэ» з гэтым разабрацца.
Лукашэнка на сустрэчы з рэктарамі ВНУ назваў пяць галоўных праблем, характэрных для сістэмы вышэйшай адукацыі, паведамляе яго прэс-служба.
«Праблемныя пытанні» ад Лукашэнкі датычацца «запатрабаванасці і якасці нацыянальнай адукацыі, размеркавання і адпрацоўкі пасля навучання, сітуацыі з кадрамі ў прафесарска-выкладчыцкім складзе, а таксама ідэалагічнай і выхаваўчай работы са студэнтамі».
«Праблема першая, — сказаў Лукашэнка, — разрыў паміж попытам і прапановай на рынку працы. Мы як быццам забыліся, як у 90-я пачалі рыхтаваць натоўпы юрыстаў, эканамістаў, якія, атрымаўшы дыплом, пайшлі працаваць таксістамі і разносчыкамі піцы. Ды і цяпер пасля заканчэння ВНУ многія выпускнікі працуюць не па профілі».
Другой праблемай ён назваў імкненне выпускнікоў атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. «Гэта што за мода? Або аб'ектыўны выбар? — абурыўся галоўны спецыяліст па адукацыі. — Гэта будучая эліта дзяржавы. Нашай дзяржавы. Як вы за іх змагаецеся? Канкрэтнае пытанне, на якое я хацеў бы пачуць канкрэтны адказ. Вядома, яны могуць вярнуцца, але з цалкам перавернутай свядомасцю».
«І чаму БДУ, БНТУ, медыцынскія ўніверсітэты або БДУІР не з'яўляюцца для нашых вундэркіндаў прыярытэтам для паступлення? — працягнуў Лукашэнка. — Як вы працуеце са школамі? Як прэзентуеце сябе выпускнікам? Як узаемадзейнічаеце з прадпрыемствамі, якія павінны быць заказчыкамі кадраў?»
Трэцяй праблемай сістэмы адукацыі ён назваў тое, што «моладзь не надта ахвотна ідзе ў навуку і выкладанне». «А мы пры гэтым яшчэ і дазваляем сабе раскідвацца высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Не думайце, што на ваш век хопіць выкладчыкаў», — нерваваўся правіцель.
Чацвёртая праблема, паводле Лукашэнкі, палягае ў тым, што «адукацыя ніколі не была і не можа быць па-за палітыкай». «Вы не проста даяце прафесію, вы фарміруеце светапогляд маладых людзей. Скажу прама: вы першыя адказваеце за нацыянальную бяспеку і несяце адказнасць за захаванне суверэнітэту краіны. Калі сярод вас дагэтуль працуюць людзі, якія не падзяляюць нашы падыходы і нашу палітыку, дзяржаўную ідэалогію, калі вы працаўладкоўваеце ўчарашніх хістальнікаў «рэжыму», то якія высновы я павінен рабіць пра вас? Пытанне для разважання і прыняцця рашэнняў», — заявіў Лукашэнка.
Нарэшце, пятай праблемай ён назваў «нездавальняючую ідэалагічную і выхаваўчую працу з моладдзю».
«Пра што казаць, калі асобныя выкладчыкі, мякка кажучы, самі не з'яўляюцца ўзорамі патрыятызму. Што мы можам патрабаваць ад студэнтаў, калі, напрыклад, прафесар не можа ці не хоча кампетэнтна адказаць ім на складаныя жыццёвыя, палітычныя пытанні? У такой сітуацыі ніякія канцэрты, шоу-праграмы і іншыя флэшмобы не навучаць дзяцей шчыра любіць радзіму, паважаць старэйшае пакаленне, берагчы гістарычную праўду», — сказаў палітык, які 30 гадоў знаходзіцца ва ўладзе.
Як бачым, з пяці праблем, названых ім, тры маюць дачыненне да палітыкі — эміграцыя выпускнікоў, лаяльнасць выкладчыкаў і ідэалагічнае
выхаванне навучэнцаў. Іншых праблем у адукацыі няма.