Карлюкевіч замест Ананіч: з надзеяй на лепшае
Адна з самых адыёзных асобаў у беларускай журналістыцы пакінула сваю пасаду. Менавіта ў час Ліліі Ананіч, на яе пасадзе міністра інфармацыі ці намесніцы міністра адбывалася большасць рэпрэсіўных практыкаў у дачыненні да «акулаў пяра».
Міністэрскі час Ананіч запомніцца тым, што ў гэты перыяд быў прыняты новы закон аб СМІ, у якім да сродкаў масавай інфармацыі прыраўнялі інтэрнэт і далі магчымасць блакаваць сайты (чым тут жа скарысталіся).
Ананіч аніводнага разу не ўступілася за журналістаў. У гучнай справе па збіцці міліцыянтамі карэспандэнта TUT.BY Паўла Дабравольскага яна заявіла, што «не была выкананая працэдура афармлення адносін атрымання інфармацыі». Пры ёй сталі масава ціснуць журналістаў-фрылансераў і прымяняць адміністрацыйны артыкул «за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі». Спробы профільных арганізацый, напрыклад, Беларускай асацыяцыі журналістаў, звярнуць увагу міністра на гэтыя праблемы вынікаў не давалі.
І ўвогуле, самае знакамітае выказванне Ананіч пра тое, што СМІ — «гэта не чацвёртая ўлада, а партнёры ўлады».
Замяніў Лілію Ананіч на пасадзе Алесь Карлюкевіч. У адрозненні ад Ананіч, якая была ледзь не “чыстай” чыноўніцай, ён — прафесійны журналіст. Працаваў у газетах «Звязда», галоўным рэдактарам «Чырвонай змены». У 2006—2011 гадах — дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва». Адначасова ў 2009—2011 гадах — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». У лістападзе 2011 года прызначаны галоўным рэдактарам «Звязды». З лістапада 2012 года — дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда». Намеснікам міністра інфармацыі Беларусі ён стаў толькі напачатку 2016 года.
Аўтар шэрагу краязнаўчых кніг. Пастаянна карыстаецца беларускай мовай.
Таму з новым міністрам інфармацыі журналісты звязваюць пэўныя надзеі. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец кажа, што здолее ацаніць новага міністра толькі з цягам часу.
— Мы здолеем ацаніць гэтыя перастаноўкі толькі праз пэўны час, але агулам я станоўча да гэтага (прызначэння Алеся Карлюкевіча міністрам інфармацыі — аўт.) стаўлюся. Усё ж такі міністрам стаў чалавек, які на сваім досведзе ведае, што такое журналісцкі хлеб, і гэта пакідае пэўныя надзеі на тое, што нашы адносіны нармалізуюцца і ведамства стане менш закрытае для журналістаў.
Што тычыцца Ліліі Станіславаўны, то варта адзначыць, што яна была не толькі міністрам, але і доўгі час намеснікам міністра, старшыні Дзяржкамдруку, то бок знаходзілася ў гэтай сферы дастаткова доўга, і апошнія часы проста ўвасабляла міністэрства. У нас з ёй не вельмі склаліся адносіны, і на ўсе нашыя звароты з заклікамі абмяркоўваць пытанні норматворнай дзейнасці, альбо праблемы, якія ўзнікаюць з журналістамі пад час іх прафесійнай дзейнасці мы атрымлівалі фактычна адзін адказ, які нагадваў, хутчэй, спробу сысці ад адказу.
Я думаю, праз невялікі час, калі Карлюкевіч прыме справы, мы паспрабуем сустрэцца з ім, схадзіць на прыём і «перазагрузіць адносіны» з Мінінфармацыі.
Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Іосіф Сярэдзіч на адной з сустрэчаў з Аляксандрам Лукашэнкам, выказваючы нараканні на дзейнасць Ліліі Ананіч на пасадзе міністра, нават прапаноўваў узяць яе на стажыроўку ў сваю газету. Ці не знікла ў яго жаданне прастажыраваць Ананіч зараз?
— Калі б ёй заставалася да пенсіі гадоў пяць, то я б з задавальненнем працягнуў ёй руку дапамогі. А сёння яна мае поўнае права выйсці на заслужаны адпачынак. Мне здаецца, такое права ёй і дапамог атрымаць Аляксандр Лукашэнка. Таму ўжо адпала неабходнасць мне працягваць руку дапамогі.
Мне здаецца, што ў апошні час яна ўжо зразумела, чым ёй трэба займацца. Але час сышоў. А да гэтага яна павінна была прайсці тую школу, якую праходзім мы, журналісты, і толькі пасля гэтага мець маральнае і прафесійнае права прэтэндаваць на пасаду міністра. А так ёй гэтая пасада была вызначана авансам.
Тое, што на гэтую пасаду прызначылі Карлюкевіча… Я толькі жадаю яму, каб сваёй работай ён заслужыў павагу ад нас, прафесійных журналістаў, а па-другое, каб ён сапраўды адпавядаў тым патрабаванням, якія ставяцца сёння менавіта да гэтай высокай дзяржаўнай пасады.
Пакуль што я не магу заявіць, што Карлюкевіч не мае права займаць гэтую пасаду. Ён усё ж такі быў рэдактарам газеты «Звязда», ён — знакаміты пісьменнік, ён — лаўрэат шматлікіх прэмій. Але гэтага яшчэ недастаткова для міністра інфармацыі.
На гэтай пасадзе трэба яшчэ праявіць прынцыповасць заняць як дзяржаўную пазіцыю, так і пазіцыю карпаратыўную — то бок адстойваць правы творчых суполак, арганізацый, рэдакцый. Час пакажа, наколькі ён здольны заявіць пра сябе такім чынам. Пажадаем яму поспехаў.