«Кантракт не стрымае тых, хто больш, чым працу, баіцца згубіць сумленне і годнасць». Звольненая за палітыку актывістка падзялілася досведам
У апошнія некалькі месяцаў у Беларусі зрабіліся вельмі пашыранымі паведамленні пра звальненні людзей з працы, выкліканыя палітычнымі прычынамі. Даволі часта дзяржслужбоўцы і нават супрацоўнікі праваахоўных органаў пакідаюць пасады ў знак нязгоды з палітыкай улады альбо ў знак пратэсту. Аднак, значна часцей звальненні адбываюцца не па сваёй волі: удзельнікаў акцыяў пратэсту ці тых, хто патрапіў пад адміністрацыйны арышт, прымушаюць пісаць заявы аб звальнені па ўласным жаданні альбо іншым чынам выціскаюць з працы.
На жаль, пераслед на працоўным месцы, дыскрымінацыя іншадумцаў і актывістаў ў працоўных адносінах,
палітычныя звальненні альбо перашкоды ў пошуку працы для апазыцыйных актывістаў – з’ява для Беларусі не новая. Можна сказаць, што гэта адна з традыцыйных формаў палітычнага пераследу, які ў апошні час стаў
масавым і закрануў тысячы людзей. Ці можа досвед тых асобаў, што сутыкнуліся з гэтай формай пераследу,
быць у нечым карысным для новых актывістаў, якія цяпер сутыкаюцца з гэтай формай рэпрэсіяў? Гісторыяй свайго звальнення па палітычных матывах з «Новым Часам» падзялілася актывістка Вольга Лагвіновіч.
— Скажыце, калі вы сутыкнуліся з ціскам і дыскрымінацыяй па грамадзка-палітычнай прыкмеце напрацоўным месцы? Дзе і на якой пасадзе вы працавалі і ў чым гэты ціск выяўляўся? Ці вас звольнілі альбо прымусілі напісаць заяву пра дабраахвотны сыход? Магчыма – не перазаключылікантракт? Як вы старцілі працу?
— У 2004 годзе я працавала псіхолагам у школе горада Маладэчна. Можна сказаць, была фанаткай сваёй справы, аддавала ёй увесь вольны час, за ўласныя сродкі ўдасканальвала сябе і свае працоўнае месца. Акрамя таго, дапамагала дырэктару школы распрацоўваць унікальны праект па пераемнасці паміж дзіцячымі садкамі і школай. Лічу, што была карыснай і вельмі перспектыўнай спецыялісткай. Але добрыя адносіны з адміністрацыяй школы адразу скончыліся, як толькі мая кандыдатура, сябра Партыі БНФ, была зарэгістравана ў якасці кандыдата ў дэпутаты ПП НС. Спачатку дырэктар угаворваў адумацца “па-харошаму”, потым сабраў сход, на якім спрабаваў мяне прынізіць, нават узгадаўшы, што я маю інваліднасць і таму “куды вы лезеце?”. Калі маральны ціск плёну не даў, мне паведамілі, што маю пасаду… скарачаюць. Я сыйшла без спрэчак, бо ўжо зразумела, што працаваць мне не дадуць. А праз пару месяцаў пасля выбараў на маім месцы ў школе з’явіўся новы, больш зручны, псіхолаг. Дарэчы, толькі нядаўна звярнула ўвагу, што ў працоўнай кніжцы пад запісам аб маім скарачэнні стаіць подпіс Драпезы Іны Феліксаўны, якая зараз займае пасаду начальніцы Маладэчанскага аддзела адукацыі. Маладэчанцы ўжо збіралі подпісы пад петыцыяй аб яе звальненні, але, відаць, яна вельмі карысны спецыяліст, стаіць непарушна, нягледзячы на пытанні да яе персоны з боку грамадскасці.
— У якой ступені гэтая сітуацыя стала псіхалагічным стрэсам для вас? Як вы ацэньваеце – ці было вам цяжка перажываць гэтую сітуацыю? У чым былі асноўныя цяжкасці, матэрыяльныя і душэўныя? Як вы увогуле тады выкручваліся ў той сытуацыі? Як гэтае звальненьне паўплывала на вашую грамадскую актыўнасць?
— Відавочна, гэта быў для мяне моцны стрэс. Мала таго, што гэта была любімая праца, я разумела, што ў Маладэчне па спецыяльнасці працаваць больш не змагу. Наконт матэрыяльных цяжкасцяў тады моцна не турбавалася, дзяцей яшчэ не было, ды і знайсці працу з заробкам, большым за заробак школьнага псіхолага, не праблема. Больш перажывала за сваю кваліфікацыю, напрацоўкі. На гэтым мая кар’ера псіхолага скончылася, але да гэтага часу рука не падымаецца выкінуць канспекты, літаратуру, дапаможнікі. Затое грамадская актыўнасць мая атрымала штуршок. Увесь вольны час і лішкі энергіі я прысвяціла ўжо не працы, а грамадскай дзейнасці.
— Ці былі публікацыі пра вашае звальненне ў СМІ? Альбо публікацыі на праваабарончых рэсурсах? Увогуле – як вы ацэньваеце, ці варта ў такіх выпадках публічыць сітуацыю і звяртацца за агалоскай у прэсу?
— Публікацыі пра мае звальненне, канешне, былі ў СМІ. І лічу, што сітуацыю публічыць трэба абавязкова. Вось да мяне зараз, напрыклад, даходзяць звесткі, што ў Маладэчанскім аддзяленні чыгункі не працягваюць кантракты тым працаўнікам, якія ў жніўні падпісвалі ліст супраць гвалту і стаялі ў ланцугах салідарнасці. Іх запужваюць, каб яны сыходзілі моўчкі, а то, маўляў, нідзе працу больш не знойдзеце. Я ўпэўнена, што розгалас такіх звальненняў усё ж напружвае тых, хто да іх датычны, яны разумеюць, што ўжо “увойдуць у гісторыю” і калісьці гэта ім адгукнецца, і можа, гэта прадухіліць наступныя палітычна матываваныя звальненні. Да таго ж я пераканалася, што распаўсюд гісторый пра несправядлівае абыходжанне выклікае зараз салідарнасць, узаемадапамогу.
— Як вы ацэньваеце кантрактную сітсэму для ўстойлівасці рэжыму ў Беларусі? Раней часта можна чуць што гэта адзін з асноўных каналаў, каб трымаць людзей у баку ад пратэстаў – але за апошні год пратэсты павялічыліся істотна. Штосьці змянілася? Чаму раней людзі баяліся што не падоўжаць кантракт – а цяпер не баяцца?
— Наконт кантрактнай сістэмы – асабіста я не адчула, што зараз яна грае вялікую ролю, бо, як мы пераканаліся, чалавека можна пазбавіць працы рознымі спосабамі - проста выжыць ці звольніць па надуманых прычынах, і ніякі прафсаюз ці суд не дапаможа. Так, яна аблягчае жыцце начальнікам па прыбіранні нязгодных, але кантракт не стрымае тых, хто больш, чым працу, баіцца згубіць сумленне і годнасць.
— Ці атрымалася вам хутка знайсці новую працу ці новы занятак? Ці спатрэбілася перавучвацца альбо засвойваць новую кваліфікацыю? Ці давялося вам памяняць месца жыхарства альбо від дзейнасці? Дзе вы працуеце цяпер?
— Пасля звальнення я без працы ніколі не заставалася, праўда, да псіхалогіі не вярнулася. Працавала журналісткай, ажыццяўлала ўласныя праекты, увесь час чамусьці вучылася і працягваю гэта рабіць. Працую зараз ў вялікай прыватнай кампаніі, дзе, тэарэтына, не павінна ўзнікнуць праблем з-за маёй пазапрацоўнай актыўнасці.
— Хто альбо што вам найбольш дапамагала у сітуацыі страчанай працы – сям’я? паплечнікі па грамадскай ці палітычнай арганізацыі? Сябры? Мясцовае дэмакратычнае кам'юніці? Праваабаронцы? Замежныя фонды?
— У сітуацыі страчанай працы, безумоўна, найбольш разлічвала на сям’ю. Без падтрымкі сужэнца і бацькоў, думаю, гэта перажывалася б больш балюча. Але таксама вялікую падтрымку адчула і адчуваю ў любых складаных сітуацыях ад паплечнікаў арганізацый,сябрам якіх з’яўляюся – Партыі БНФ і Руху За Свабоду. Таксама пры звальненні і далей па жыцці мне вельмі дапамагаюць праваабаронцы, у нас моцнае мясцовае прадстаўніцтва “Вясны” і БХК.
— Па вашым досведзе: цяперашняя практыка звальненняў за палітыку, пра якую мы чытаем у СМІ, ці яна адрозніваецца ад ранейшай? Якім чынам?
— Цяперашняя практыка звальненняў, здаецца, нічым ад ранейшай не адрозніваецца. Звальнялі і раней усіх, хто адкрыта выказваў альтэрнатыўнае меркаванне. Так толькі ў Маладэчне, акрамя мяне, па палітычных матывах былі звольнены двое людзей з нашай супольнасці, рознымі спосабамі. Проста пратэсты сталі масавымі – таму і колькасць выпадкаў звальненняў адпаведна павялічыліся.
— Калі б вы маглі звярнуцца да самой сябе ў мінулае, ў часы вашага звальнення ці перад ім – што бы вы сабе параілі?
— Гэта было б прыблізна так: «Воля, не перажывай, усё было да лепшага». Жыццё адназначна ў мяне атрымалася цікавейшным, чым было б у выпадку майго сядзення на адным месцы, тым больш у сучаснай школе. Атрымала карысны досьвед, пазбавілася страху пераменаў, пашырылася кола адзінадумцаў і сяброў. Праца – гэта важная частка нашага жыцця, і нельга яе праводзіць там, дзе табе дыскамфортна, у страху выказаць свае меркаванне, праглынаючы прыніжэнне і несправядліваць. Гэта дрэнна ўплывае на псіхічнае здароўе.
— А што бы вы параілі людзям, якіх звальняюць з працы за палітыку ці ўдзел у пратэстах цяпер? Некаторыя з іх хочуць з’ехаць з краіны – што бы вы ім адказалі на такую ідэю?
— Сумленне і душэўны супакой не заменяць ніякія матэрыяльныя рэчы. Зараз за гэта даводзіцца плаціць, часам высокія кошты. Але калі будзем маўчаць – нічога добрага наперадзе ні нам, ні нашым дзецям чакаць не варта. Зараз сапраўды страшна падумаць, у якой краіне давядзецца жыць нашым дзецям, калі мы дадзім слабіну.
Кожны выпадак індывідуальны, я ні ў якім разе не асуджаю тых, хто вырашыў з’ехаць, у каго не стала магчымасці тут зарабляць на жыццё, расціць дзяцей. Але ў мяне думка пра з’ехаць выклікае абурэнне: чаму гэта я мушу пакідаць сваіх блізкіх, свае родныя мясціны, дзе жылі мае продкі? Лепш я патрываю, перажыву матэрыяльныя цяжкасці і прыкладу намаганні, каб мне і маім дзецям было добра тут, у сваёй краіне.
— На вашу думку, каму цяжэй у сітуацыі звальнення: моладзі, людзям сярэдняга ўзросту альбо перадпенсійным супрацоўнікам? Мужчынам ці жанчынам?
— Безумоўна, у сітуацыі звальнення складаней людзям больш сталага ўзросту, таксама тым, ад каго залежыць, напрыклад, сям’я. Жанчынам складаней наогул на рынку працы, таму самая ўразлівая група – жанчыны перадпенсійнага ўзросту.
— Што яшчэ вы маглі б дадаць са свайго досведу чалавека, які прайшоў праз звальненне па палітычных матывах?
— Хачу яшчэ раз акцэнтаваць увагу – не маўчыце, пастарайцеся інфармацыю аб ціску на працы распаўсюдзіць як мага шырэй – магчыма, начальства і звальняць перадумае, многія начальнікі сапраўды баяцца розгаласу, грамадскага асуджэння і іншых непрыемных наступстваў сваіх неадэкватных дзеянняў. Калі ўсё ж вы пацярпелі – не саромцеся, распавядайце пра гэта, спрабуйце звярнуцца ў розныя фонды, вы сапраўды адчуеце падтрымку і салідарнасць.