Камінг-аўт падчас вайны. «Не ў бяспецы», памножанае на два
Паводле апытання Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі ў траўні гэтага года, украінцы сталі больш талерантнымі да ЛГБТ+ супольнасці за апошнія шэсць гадоў. Аднак агульная колькасць выпадкаў пераследу і нападаў на глебе гамафобіі ва Украіне за апошні год не зменшылася. Але ва ўмовах вайны некаторыя прадстаўнікі і прадстаўніцы ЛГБТ+ вымушаны адкрыцца.
Журналістка «Новага Часу» пагутарыла з тымі, каму зараз апроч усяго іншага даводзіцца адстойваць свае правы, і хто пачуваецца «не ў бяспецы», памножанай на два.
Гісторыя Каці
Да вайны Каця жыла з партнёркай, Кіндэр Лімо, у Львове. Камінг-аўт Каця адкладала на сваё паўналецце, бо была ўпэўнена, што сям'я яе не зразумее. 18 гадоў дзяўчыне споўніцца ў кастрычніку.
24 лютага дзяўчыне патэлефанаваў бацька і сказаў тэрмінова ехаць дадому ў Івана-Франкоўскую вобласць. Падзяляцца ў такі час дзяўчаты не хацелі, таму вырашылі ехаць да бацькоў Каці ўдваіх.
Некалькі тыдняў яны жылі ў сям’і Каці. За гэты час у Кіндэр Лімо з'явілася магчымасць з’ехаць у Берлін, ёй там давалі бясплатнае жыллё. Каханыя не хацелі падзяляцца, таму Каця хацела паехаць з ёй. Бацькі быццам былі не супраць, і дзяўчаты збіралі валізкі. Але на другі дзень прыйшоў бацька і сказаў, што яны нікуды не паедуць, і паклікаў увечары на размову.
«У маім свеце баба нараджае, а мужык дровы сячэ. Хто будзе дровы сячы, дзеўкі?»
«Большую частку размовы бацькі крычалі. А тата забраў мой замежны пашпарт, каб я не збегла», — успамінае дзяўчына. Кіндэр Лімо пазней у сваіх сацыяльных сетках напісала, што ў той момант бацька Каці быў настроены настолькі агрэсіўна, што ёй было страшна за сваё і Каціна здароўе: «Калі Каця ў чарговы раз папрасіла яе адпусціць, ён сказаў, што заб'е або пакалечыць яе, калі яна сыдзе».
Калі бацька выйшаў з пакоя, Каця ў надзеі на разуменне мамы, вырашыла ёй расказаць пра адносіны з Кіндэр Лімо, і як для яе важна паехаць з каханым чалавекам. «Аднак аказалася, што маім бацькам усё роўна, што мы сустракаемся. Яны толькі пачалі казаць пра тое, што мы яшчэ знойдзем мужчын, і тады ўсё будзе добра, — пераказвае Каця тую размову, — Мама казала нам, што гэта ненармальна, што гэта нейкая траўма». Кіндэр у сваёй публікацыі-ўспаміне прыводзіць словы мамы Каці: «У маім свеце баба нараджае, а мужык дровы сячэ. Хто будзе дровы сячы, дзеўкі?»
За дзень да ад'езду Кіндэр Лімо ў Берлін бабуля Каці зусім замкнула дзяўчат у доме і не выпускала, каб унучка не збегла. Пры гэтым жанчына актыўна цікавілася, калі яны будуць шукаць хлопцаў, абяцала дапамагчы ў гэтым.
Такім чынам, партнёрка Каці паехала ў Берлін адна. Каця праводзіла яе на цягнік разам з мамай, якая кантралявала, каб дачка дакладна засталася ва Украіне. Калі пара абдымалася на развітанне, мама прасіла гэтага не рабіць, маўляў, не дай Бог нехта ўбачыць.
Пасля ад'езду партнёркі Каця адчувала сябе кепска. Тады мама паабяцала адвесці яе да псіхолага. «Я падумала, можа псіхолаг зможа растлумачыць маме, што са мной усё нармальна, — расказвае дзяўчына, — Але ў маіх родзічаў быў іншы план. Мой дзед, страшны гамафоб і жорсткі кансерватар, які працаваў галоўным лекарам у шпіталі, дамовіўся з абласной псіхлячэбніцай, і мяне павезлі туды. Гэта было жахліва».
Па словах дзяўчыны, яе стан там усіх не асабліва хваляваў:
— Я расказвала тром псіхолагам запар, што адчуваю, як мне дрэнна і стрэсава, але ім гэта было не важна. Наконт маёй арыентацыі яны проста сказалі, што ўсё нармальна, і ў мяне з'явіцца нехта новы, параілі не перажываць. А мне было вельмі дрэнна, я нічога не ела, сядзела на заспакойлівых, мяне трэсла, то спала вельмі доўга, то ўвогуле не спала. За пару дзён вырашыла, што я ўсё ж паеду ў Берлін.
Рашэнне збегчы для Каці не было простым, яна сумнявалася, улічваючы, як гэта жорстка ў дачыненні да бацькоў. Але дзяўчына ўжо разумела, што вайна не скончыцца за тыдзень ці месяц, а жыць так, як яна хоча і не хавацца, побач з бацькамі, на жаль, не атрымаецца.
Каб план спрацаваў, Каця кожны дзень у невялікім заплечніку выносіла рэчы і хавала іх у лесе. Дома яна ўсё ператрэсла і ўсё ж знайшла свой замежны пашпарт.
У дзень Х дзяўчына рана выйшла, забрала тыя тры ці чатыры заплечнікі, якія сабрала ў лесе, і пайшла да транспарту, які яе чакаў. Загадзя яны з партнёркай звязаліся з блогерам і мадэллю Rain Dove, які дапамагае прадстаўнікам і прадстаўніцам ЛГБТ+ у падобных цяжкіх сітуацыях. Ëн арганізаваў транспарт спачатку да Варшавы, а потым і да Берліна. І менавіта Rain Dove потым дапамог наладзіць камунікацыю з мамай Каці. Калі дзяўчына была ў Варшаве, то Rain дамовіўся з яе мамай, што дачка будзе тэлефанаваць і расказваць, як у яе справы.
Пасля ўсяго, што адбылося, у першыя месяцы стасункі Каці з бацькамі былі вельмі напружанымі, але яна ўсё роўна падтрымлівала кантакт з мамай. З іншымі сваякамі ўсё было значна складаней:
— Мой дзед кожны дзень раніцай пісаў мне паведамленне ў telegram: маўляў, як я магла так з імі паступіць, што я кепская дачка і ўнучка. Калі я яшчэ ехала ў Варшаву, тэлефанаваў мне і пагражаў, што выкліча міліцыю, мяне забяруць, дэпартуюць, а ўсіх, хто мяне «скраў», пасадзяць. З татам мы не размаўлялі амаль тры месяцы да дня яго нараджэння 23 траўня, тады ўжо адносіны з мамай больш-менш наладзіліся. Я патэлефанавала і павіншавала яго з днём нараджэння, размова была дастаткова кароткай, але ён пытаўся, калі я прыеду пабачыцца.
Са слоў дзяўчыны, з таго часу яе бацькі зразумелі, што яна не вернецца і не зможа з імі камунікаваць, пакуль яны будуць праяўляць гамафобію. Вядома, яны не змянілі сваю пазіцыю, аднак Каця бачыць, што больш-менш прынялі іх агульную сучаснасць і сталі больш лаяльнымі. «Хаця часта ў размовах бацькі маніпулююць: кажуць, што ў іх шмат праблем з-за мяне, што яны лаюцца, што зараз мы не бачымся, з-за таго, што я не прыязджаю. З гэтым вельмі складана жыць, усё гэта ўцягвае ў нейкую яму», — шчыра дзеліцца гераіня гісторыі.
У ліпені Каця з партнёркай прыязджалі да бацькоў ва Украіну. Аднак пасяліліся ў гатэлі недалёка ад дома, бо баяліся і не адчувалі сябе ў поўнай бяспецы. Дзе знаходзіцца гатэль, сваякі Каці не ведалі. На першую сустрэчу з сям'ёй яна прыехала адна, бацькі былі вельмі ўсцешаныя. А потым дзяўчат ужо ўдваіх запрасілі заставацца ў іх дома, а не ў гатэлі. Каця і Кіндэр Лімо пагадзіліся, хаця першы час для іх гэта было дзіўна і крыху страшна. Паступова ўсё пачало наладжвацца. «І ўсё ж яны да гэтага часу просяць не паказваць нашы стасункі з Кіндэр Лімо іншым людзям, бо я іх ганю», — сумна адзначае дзяўчына.
Затое Каця жыве так, як ёй хацелася: праз два месяцы ёй споўніцца 18 гадоў, і родзічы ўжо ніяк не змогуць ціснуць на яе, яна сышла з Львоўскага ўніверсітэту, плануе паступаць у еўрапейскую ВНУ. Жадае развівацца ў stand up і drag king-шоу, блогерстве і мадэлінгу. І ўжо гэта робіць. Ёй стаў падабацца Берлін у адрозненне ад першага разу, калі яна там апынулася ў сакавіку, прайшоўшы праз такую колькасць стрэсавых сітуацый. Яе партнёрка Кіндэр Лімо паступіла ва ўніверсітэт і пакуль жыве ў інтэрнаце пры кампусе. Каця шукае кватэру і якую-небудзь працу, каб жыць разам з сваёй партнёркай і двума сабачкамі.
З пачаткам вайны ўсё больш людзей сярод вайскоўцаў робяць камінг-аўт: «Мяне завуць Барыс, мне 35 гадоў, я праграміст і бісексуал, а з 24 лютага кулямётчык у складзе Узброеных сіл Украіны».
«Я Максім, 22 гады. Быў закрытым салдатам ЛГБТ+, і ніхто пра мяне не ведаў, але цяпер я пачынаю адкрываць і каментаваць тэмы, звязаныя з ЛГБТ+, не саромеючыся і не баючыся, што пра мяне даведаюцца».
Такіх публікацый на старонцы «Украінскія ЛГБТ-ваенныя за роўныя правы» можна ўбачыць шмат. Гэтая супольнасць стала першай падобнай арганізацыяй ва Усходняй Еўропе і зараз аб'ядноўвае ЛГБТ-актывістаў з баявым досведам. Яе заснаваў Віктар Піліпенка, які першым сярод украінскіх вайскоўцаў зрабіў камінг-аўт, тым самым натхніў многіх іншых вайскоўцаў адкрыцца. Аднак часцяком пасля камінг-аўту ўзнікае небяспека для чалавека. Пра гэта другая гісторыя.
Гісторыя Паўла
«Трымаючы шампур у руках, ён распавядаў мне, як адседзеў 8 гадоў за тое, што забіў свайго айчыма»
Паўлу 20 гадоў. Калі пачалася вайна, ён праходзіў тэрміновую службу ў войску. Пасля службы планаваў развівацца ў сферы псіхалогіі і займацца ЛГБТ-актывізмам. І вось ужо паўгода хлопец ваюе ва УСУ Украіны супраць Расіі. Спачатку Павел змагаўся ў гарачых кропках пад Кіевам, зараз абараняе краіну на поўдні Украіны.
Павел — гей. Хлопец асабліва не хаваў сваю арыентацыю, аднак і на кожным кроку не крычаў пра яе. Ужо ў войску некалькі месяцаў таму адбыўся інцыдэнт. Адзін з саслужыўцаў даведаўся, што Павел гей. Калі Павел быў у нарадзе і ахоўваў зброю, гэты хлопец п'яны з шампуром у руках прыйшоў да яго, каб спраўдзіць інфармацыю. Павел усё пацвердзіў.
«Трымаючы шампур у руках, ён распавядаў мне, як адседзеў 8 гадоў за тое, што забіў свайго айчыма. Пры гэтым мая зброя ляжала так, што я ніяк не змог бы да яе дацягнуцца. Я паспрабаваў яго супакоіць, але не атрымалася. Ён рэзка ўстаў замахнуўся на мяне шампурам і стаў біць, не разбіраючы куды, ды крычаць абразы кшталту "підарас", пагражаў, што заб'е», — успамінае Павел.
На крыкі прыбеглі іншыя байцы і адцягнулі агрэсара. Павел жа з гэтай сітуацыі выйшаў з парэзамі на нагах і спіне, лёгкай чэрапна-мазгавой траўмай і неразуменнем, чаму камусьці ёсць справа да яго арыентацыі, калі ён ваюе супраць таго ж ворага і таксама рызыкуе жыццём. Апроч гэтага выпадку за час службы Павел не аднойчы сутыкаўся са слоўнай гамафобіяй.
Пасля здарэння Павел трымае зброю заўсёды пры сабе, і на ўсялякі выпадак купіў нож. Аднак такога кшталту праяваў гамафобіі хлопец не баіцца, таму што ёсць страх большы:
— Мой адзіны страх — памерці, не пабачыўшы родных. А гамафобія для мяне ўжо не страх! Чым больш людзей набярэцца адвагі казаць пра гэта, тым менш будзе непаразуменняў і гамафобіі, — упэўнены вайсковец.
Што гаворыць закон?
Зараз ва Украіне няма заканадаўства, якое магло б узмацніць пакаранне за злачынствы на глебе нянавісці.
Законапраекты, закліканыя супрацьдзейнічаць дыскрымінацыі, у тым ліку на глебе сексуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці, разглядаліся раней, але так і не былі прыняты. Праваабаронцы ўпэўненыя, што гэта з-за вялікага рэлігійнага і кансерватыўнага лобі, якое склалася ва ўкраінскім парламенце.
Яшчэ адным доказам таму стаў кейс петыцыі на прэзідэнцкім сайце аб легалізацыі ва Украіне аднаполых шлюбаў. Яна набрала больш за 25 тысяч галасоў, неабходных, каб яе разгледзеў прэзідэнт. Уладзімір Зяленскі адзначыў, што ўнясенне змяненняў у Канстытуцыю Украіны ў ваенны час забаронена, але можа быць разгледжана пытанне аб рэгістрацыі грамадзянскіх саюзаў ці ж партнёрстваў. Прэзідэнт Украіны даручыў кабінету міністраў распрацаваць законапраект па гэтай тэме.
Менеджарка па камунікацыі ўкраінскай грамадскай арганізацыі «Insight»Таісія Герасімава ў каментары «Новаму Часу» адзначыла, што прэзідэнт Украіны фактычна толькі абазначыў, што ён не супраць. «Аднак усю адказнасць ён пераклаў на кабінет міністраў і не даў ніякіх дакладных дат, калі гэты законапраект павінен быць разгледжаны дэпутатамі, камітэтам і гэтак далей, — аналізуе сітуацыю экспертка. — У 2018 годзе праваабарончыя і ЛГБТ-арганізацыі спрабавалі дапамагчы кабінету міністраў і напісалі гэты законапраект. Але ў выніку ён гуляў па кабінетах міністраў некалькі гадоў, а потым і зусім згубіўся недзе там».
Таісія таксама звярнула ўвагу, што ўвядзенне партнёрстваў — гэта замена паняццяў, каб не вырашаць праблему праз шлюбы і раўнаванне ўсіх украінцаў і ўкраінак у іх правах. Пры гэтым «партнёрства» не дае ўсе тыя ж правы, якія ёсць у людзей у шлюбе. Праваабаронцы занепакоеныя, бо ў законапраекце пра партнёрствы можа нічога не быць пра дзяцей, усынаўленне і супольную апеку над дзецьмі. А гэта вельмі важны пункт, асабліва ва ўмовах вайны.
«Да таго ж, статус «партнёрства» па змаўчанні абазначае камінг-аўт. Бо калі чалавек бачыць, што вы «ў партнёрстве», то вы 100% гомасексуальны чалавек, а калі чалавек «у шлюбе», то тут ёсць шмат варыянтаў», — дадае Таісія.
А што ў Беларусі?
1 сакавіка 1994 года ў Рэспубліцы Беларусь дэкрыміналізаваныя гомасексуальныя адносіны: тады быў скасаваны арт. 119 КК «Мужаложства». Аднак гэта фактычна адзінае, што зрабілі для прадстаўнікоў ЛГБТ+ датычна заканадаўчых нормаў. Антыдыскрымінацыйнае заканадаўства ў нашай краіне адсутнічае.
У Беларусі няма юрыдычных інструментаў для абароны прадстаўнікоў і прадстаўніц ЛГБТ+, пры гэтым дзяржаўная машына цяперашняй улады на працягу многіх гадоў рэпрэсуе ўсіх, хто звязаны з ЛГБТ+.
Напрыклад, у лютым гэтага года ў каментары Deutsche Welle актывістка ініцыятывы «Ідэнтычнасць і права» Дар'я распавядала, як пачынаючы з 2014 года супрацоўнікі АМАП прыходзілі на гей-вечарынкі, дзе неправамоцна перапісвалі даныя прысутных, часта зневажаючы і абражаючы іх. Па словах Дар'і, міліцыя таксама збірае ў базу даных профілі трансгендарных людзей і геяў, бо яны нібыта «патэнцыйна злачынныя».
Пры гэтым у дзяржаўных СМІ шмат гамафобіі, праяваў дыскрымінацыі і гвалту супраць людзей, якія адносяцца да ЛГБТ+. А любыя спробы актывістаў ЛГБТ+ паўплываць на сітуацыю і змяніць яе ў лепшы бок падаўляюцца.
Што можна зрабіць?
Тры крокі, каб у свеце было менш гамафобіі, а людзі не хавалі тое, якія яны ёсць
Першае: ставіцца талерантна да людзей навокал.
Другое: падвышаць дасведчанасць пра ЛГБТ-супольнасць, як сваю, так і іншых людзей. Напрыклад, раім віртуальна прагуляцца па ўкраінскім Музеі прыняцця. Там можна даведацца гісторыі прыняцця бацькамі гомасексуальнасці сваіх дзяцей і гісторыі камінг-аўтаў прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Магчыма, потым на кухні за гарбатай вам захочацца падзяліцца новымі ведамі са сваім сябрамі ці сваякамі.
Трэцяе: усяляк садзейнічаць ініцыятывам ЛГБТ-супольнасці і тым зменам, якіх яны дамагаюцца.
Матэрыял створаны пры падтрымцы журналісцкай і актывісцкай сеткі Unit.