«Я па-ранейшаму працягваю верыць у вяршэнства закона» — Аляксандр Івулін у апошнім слове ў судзе

Сёння, 19 студзеня, журналіст і футбаліст Крумкачоў Аляксандр Івулін выступіў з апошнім словам у судзе. Прысуд будзе вынесены таксама сёння, пасля 16 гадзінаў.

ivulin_pltz.jpg

«Я працягваю верыць у нормы чалавечай маралі і я працягваю верыць у людзей», — сказаў Аляксандр Івулін. На сваёй старонцы ў фэйсбуку Таццяна Гацура-Яворская перадала тэкст апошняга слова Аляксандра Івуліна, з якім ён звярнуўся да суда.

«Мне хочацца адзначыць, што апошнія 7 месяцаў я не мог дапамагаць не толькі свайму футбольнаму клубу, але і галоўным заўзятарам у маім жыцці — маім бацькам. Мае бацькі — мама-пенсіянерка і бацька-інвалід трэцяй групы. Але, акрамя іх, у мяне яшчэ ёсць вельмі важны заўзятар. Для мяне гэта максімальна асабістая гісторыя.

Справа ў тым, што ў мяне ёсць брат, ён інвалід з дзяцінства. Яго завуць Сяргей, і яму ў гэтым годзе споўніцца 39 гадоў. Гэта мой старэйшы брат, але з-за спецыфікі яго псіхічнага развіцця яго сацыялізацыя не прайшла так, як трэба. І ў 39 гадоў ён не можа забяспечваць сябе, ён не можа працаваць. Па сутнасці, усё кола зносін чалавека — гэта тры чалавекі, адзін з якіх я. У яго няма сяброў, у яго няма знаёмых. І, каб вы разумелі, калі я сядзеў у СІЗА, у яго быў дзень нараджэння. І самым значным падарункам для яго было б, каб Сашу адпусцілі дадому. Але гэтага не здарылася, і справа ў тым, што з-за спецыфікі яго развіцця, мы можам мець зносіны толькі ўжывую, таму я стараўся як мага часцей ездзіць дадому да бацькоў, стараўся яго наведваць.

Мы цяпер не можам мець зносіны праз месенджары або па тэлефоне, мы можам мець зносіны толькі пры асабістай сустрэчы. І мяне вельмі турбуе, што калі маё ўтрыманне пад вартай працягнецца яшчэ доўга, то яго сацыялізацыя... Яму будзе вельмі складана прывыкнуць да мяне.

Вельмі важны момант, што мае бацькі — людзі не маладыя. І калі з імі, не дай Бог, нешта здарыцца, то адзіным чалавекам, які можа ўзяць апеку над маім братам, буду я. Справа ў тым, што памер пенсіі ў жанчыны, якая ўсё жыццё прапрацавала ў дзіцячым садку, і памер пенсіі мужчыны-інваліда невысокі. Таму для маіх бацькоў у апошнія гады адзінай крыніцай не толькі маральнай, але і матэрыяльнай падтрымкі быў я.

Таму мне б вельмі хацелася папрасіць Высокі суд улічваць гэтую акалічнасць пры вынясенні прысуду. І, у завяршэнні, мне б хацелася сказаць, што, нягледзячы на ўсё, што адбываецца, я па-ранейшаму працягваю верыць у вяршэнства закона, я працягваю верыць у нормы чалавечай маралі і я працягваю верыць у людзей».