Хатні гвалт у Беларусі: праблема ёсць, а вырашаць няма каму

Зацікаўленыя ў вырашэнні праблемы хатняга гвалту ведамствы хаваюць статыстыку — якая, відаць, толькі пагаршаецца. Хто можа дапамагчы беларускам і беларускам, якія проста цяпер сутыкаюцца з гвалтам у сям'і?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі ўсё яшчэ няма закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, МУС не публікуе статыстыку па такіх выпадках, а страшныя навіны пра забойствы і траўмы, у якіх агрэсарамі выступаюць сужыцелі, усё яшчэ часта з'яўляюцца ў стужцы. «Медыязона» расказвае, што адбываецца ў нашай краіне з хатнім гвалтам і на якую дапамогу могуць разлічваць пацярпелыя.

Навіны пра забойствы і адсутнасць статыстыкі. Сітуацыя з хатнім гвалтам

Ведамствы рэгулярна паведамляюць пра злачынствы, звязаных з хатнім гвалтам, і часцей за ўсё гаворка ідзе пра забойствы. Але поўную статыстыку па іх не публікуе ні Міністэрства ўнутраных спраў, ні Белстат. У прэс-рэлізах прадстаўнікі ведамства не называюць дакладныя лічбы, але заяўляюць пра зніжэнне колькасці такіх злачынстваў.

Паводле апошніх звестак, штогод міліцыя атрымлівае «каля 80 тысяч» паведамленняў аб хатнім гвалце, а да адміністрацыйнай адказнасці [за звязаныя з хатнім гвалтам правапарушэнні] летась прыцягнулі «больш за 49 тысяч» чалавек».

У сакавіку беларусы склалі петыцыю на адрас МУС з патрабаваннем апублікаваць дакладную і поўную статыстыку аб хатнім гвалце за 2019-2022 гады. Яны прасілі паказаць колькасць выпадкаў хатняга гвалту ў Беларусі, адміністрацыйных пратаколаў, смерцяў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў.


Глядзіце таксама

Міністэрства адмовіла ў прадастаўленні даных, спаслаўшыся на тое, што яны аднсяцца да «службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюду». У адказе МУС сказала, што Белстат публікуе на сайце статыстычныя даныя ў раздзеле «Гендарная статыстыка». «Медыязона» вывучыла гэты раздзел: апошнія даныя пра пацярпелых ад гвалту ў сям'і адносяцца да 2021 года.

— На мой погляд, лагічна выказаць здагадку, што адбыўся рэзкі скачок, таму што эскалацыя гвалту адбываецца, калі ён беспакараны. Увесь палітычны гвалт, які быў здзейснены ў краіне ў 2020 годзе, у 2021-м, працягваецца да гэтага часу. Ён не можа не адбівацца на настроях у грамадстве, — лічыць Вольга Гарбунова, былая кіраўніца ліквідаванага прытулку для пацярпелых ад гвалту жанчын і дзяцей «Радзіслава». 

Да 2023 года беларускія ўлады ліквідавалі недзяржаўныя арганізацыі, якія аказвалі дапамогу тым, хто сутыкнуўся з гвалтам. У «Радзіславе» пацярпелым давалі прытулак, аказвалі псіхалагічную і юрыдычную дапамогу, арганізоўвалі праходжанне курсаў (у тым ліку па самаабароне), працавалі з дзецьмі, якія сталі сведкамі гвалту ў сям'і, пералічвае Гарбунова. У ліквідаваных «Гендарных перспектыў» была агульнанацыянальная гарачая лінія, а «Яе правы» аказвалі прававую дапамогу.

Утойванне статыстыкі, працягвае Гарбунова, не дазваляе прааналізаваць сітуацыю ў краіне і зразумець, наколькі існуючыя сэрвісы дапамогі адпавядаюць патрэбам пацярпелых.

Ахоўнае прадпісанне і крызісны пакой. Якую дапамогу дае дзяржава

Адзін з самых відавочных варыянтаў для пацярпелых ад хатняга гвалту — звярнуцца ў міліцыю. Там у дачыненні да агрэсара могуць аформіць ахоўнае прадпісанне — забарону на некаторыя дзеянні, напрыклад, зносіны з пацярпелымі (нават у сацсетках) і распараджэнне сумеснай маёмасцю. Агрэсара могуць абавязаць пакінуць агульнае з пацярпелым ці пацярпелай месца жыхарства. Забарона дзейнічае да 15 сутак, пасля начальнік РАУСа можа яе падоўжыць, але абавязаны гэта матываваць.

У 2022 годзе змянілася заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў — гэта спрасціла працэдуру вынясення ахоўнага прадпісання. Цяпер міліцыя можа вынесці яго яшчэ на этапе падрыхтоўкі адміністрацыйнай справы.

Ахоўнае прадпісанне, кажа Гарбунова, — дастаткова эфектыўны інструмент, які не вырашае праблему хатняга гвалту, але стварае перадумову для таго, каб пацярпелыя знайшлі прытулак.

Дапамогу пацярпелым ад хатняга гвалту аказваюць у тэрытарыяльных цэнтрах абслугоўвання насельніцтва — у Беларусі іх 146. У цэнтрах аказваюць, напрыклад, кансультацыйна-інфармацыйныя, сацыяльна-псіхалагічныя паслугі, паслугі часовага прытулку.


Глядзіце таксама

Паводле даных Мінпрацы і сацабароны, у 2022 годзе ў тэрытарыяльныя цэнтры звярнуліся больш за 12 000 чалавек, пацярпелых ад хатняга гвалту, 90% тых, хто звярнуўся — жанчыны. Асабіста звярнуліся 483 чалавекі, па кірунку МУС — больш за 11 000, па кірунку ўстаноў адукацыі — 724, 43 — па кірунку рэлігійных арганізацый.

Часовы прытулак пацярпелыя ад хатняга гвалту могуць атрымаць у крызісных пакоях, арганізаваных на базе тэрытарыяльных цэнтраў абслугоўвання насельніцтва. Такіх пакояў у краіне 136, у іх 435 спальных месцаў. Паводле сцвярджэння Мінпрацы і сацабароны, за мінулы год прытулак атрымалі 330 пацярпелых ад гвалту ў сям'і.

Крызісныя пакоі працуюць кругласутачна, знаходжанне ў іх бясплатнае. Прапіска і месца жыхарства пацярпелага не маюць значэння, у пакой можна прыходзіць без дакумента, які пацвярджае асобу, дастаткова напісаць заяву. Тэрмін пражывання вызначаецца ў дамове і можа быць прадоўжаны. У крызісным пакоі пацярпелым могуць аказаць псіхалагічную і інфармацыйную дапамогу, пры неабходнасці дапамогу ў працаўладкаванні і пошуку жылля.


У кожнага крызіснага пакоя ёсць свой нумар тэлефона. Калі вам неабходная інфармацыя пра тое, як туды патрапіць, або іншая дапамога, вы можаце звярнуцца на гарачую лінію для пацярпелых.

+ 375 (17) 311-00-99 (стацыянарны тэлефон), +375 (29) 101-73-73 (А1), +375 (29) 899-04-01 (МТС). Нумары актуальныя на момант публікацыі тэксту. Па мабільных нумарах можна звярнуцца ў месенджарах Viber, Telegram, WhatsApp.

Вольга Гарбунова адзначае, што, звяртаючыся ў тэрытарыяльныя цэнтры, пацярпелыя не могуць разлічваць на ананімнасць і прыватнасць. «Будзе створаны міжведамасны савет на ўзроўні адміністрацыі раёна, куды ўвойдуць намеснік кіраўніка адміністрацыі аддзела жыллёвай палітыкі, прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра, прадстаўнікі РАУС, прадстаўнікі аховы здароўя. Калі ў сям'і ёсць дзеці, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі. Будзе створаная камісія з 10 чалавек, дзе жанчына павінна будзе растлумачыць сваю сітуацыю».

Паводле яе слоў, псіхолага і адваката пацярпелым лепш шукаць самастойна, таму што юрысты ў тэрытарыяльных цэнтрах не спецыялізуюцца на адміністрацыйных і крымінальных артыкулах, звязаных з наступствамі хатняга гвалту, а псіхолагі ў асноўным працуюць з пажылымі, шматдзетнымі, бяздомнымі і людзьмі з інваліднасцю.

Гарбунова кажа, што пасля пратэстаў частка жанчын, якія сутыкнуліся з хатнім гвалтам, не звяртаюцца ў міліцыю, баючыся палітычнага пераследу.

— Цяпер вельмі шмат агрэсараў падстаўляюць сваіх партнёрак, жонак. Кшталту: «Мы разам хадзілі на маршы, калі падасі на мяне заяву — салью фоткі ў ГУБАЗ». У нас у адной пацярпелай былы муж павесіў бел-чырвона-белы сцяг на доме, каб да яе прыехала міліцыя. Усё, што ў краіне адбываецца, дае новыя інструменты гвалту агрэсарам, — кажа яна і дадае, што нягледзячы на гэта, у сітуацыі небяспекі трэба выклікаць міліцыю.

Інфармацыйную і псіхалагічную дапамогу прадастаўляюць актывісты анлайн

Інфармацыйную і псіхалагічную дапамогу хатнім гвалтам аказваюць недзяржаўныя анлайн-ініцыятывы, напрыклад, «Кіпцюры Рагнеды» і «Алівія».

— Так, анлайн-дапамога — гэта абмежаваны інструмент. Так, гэта не так, як раней мы бралі яе [пацярпелую] за руку і ішлі разам на суд, аплачвалі адваката і гэтак далей. Але гэта хоць нейкая інфармацыйная, псіхалагічная і прававая падтрымка, — кажа Гарбунова.


Глядзіце таксама

«Кіпцюры Рагнеды» аказваюць псіхалагічныя кансультацыі і даюць даведачную інфармацыю пра юрыдычную і сацыяльную дапамогу ў Беларусі. Пацярпелыя беларускі могуць звярнуцца на анлайн-лінію «Алівіі». Чат-бот ініцыятывы па рэгіёне пражывання выдае адрасы і тэлефоны дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, якія могуць аказаць дапамогу ў сітуацыі хатняга гвалту.

Анлайн-ініцыятывы дапамагаюць і беларускам і беларусам, якія аказаліся ў сітуацыі хатняга гвалту за мяжой. Вольга Гарбунова расказвае, што пацярпелыя звяртаюцца і ў прадстаўніцтва па сацпытаннях Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Пасля пераезду муж пачаў піць і схаваў нож за спінай

Аксана разам з трохгадовым дзіцём пераехала да мужа ў Літву летась. Дзяўчына расказвае, што за мяжой у мужа пачаліся праблемы з алкаголем. Пара часта канфліктавала, і ў нейкі момант муж захацеў, каб Аксана з'ехала з кватэры.

— Таму што яму немагчыма было са мной знаходзіцца. Я вельмі моцна, як ён казаў, памянялася. Я кажу: «У чым? Што я стала больш адказнай? Таму што я вырашаю кожны дзень нейкія пытанні? Таму што я развіваюся далей, а ты стаіш на месцы?» І тады ён пачаў тапіць за тое, што «ты ніхто і нішто. Ты ў Літве за год нічога не дасягнула і гэтак далей», — кажа дзяўчына.

Калі пастаянныя сваркі дайшлі да крытычнай кропкі, муж пачаў пагражаць ёй, трымаючы за спінай нож. «Я баялася спаць, каб ён сапраўды не зарэзаў. У яго быў ужо стан афекту».

Аксана сказала, што выкліча паліцыю, дачакалася раніцы і з'ехала жыць у гатэль. Нумар яна паспела зняць за агульныя грошы, якія захоўваліся на картцы мужа — потым ён яе заблакаваў.

— Мне дапамагалі людзі. З нулём у кішэні я выйшла з гэтай гісторыі ў стане дзікага шоку і афекту, — кажа яна.

Беларуска з'ехала ў Коўна і знайшла там жыллё і працу. Дзяўчына вымушана падтрымліваць сувязь з мужам, каб мець зносіны з дзіцём, якое засталося жыць з ім. Паводле слоў беларускі, муж маніпулюе дзіцём, гаворыць, што Аксана яго кінула.


Глядзіце таксама

— У яго ёсць ВНЖ, у яго ёсць правы. Мне нельга забраць дзіця [у жыллё, прадастаўленае працадаўцам], і незразумела, чым гэта ўсё яшчэ скончыцца. Я хачу, каб дзіця было са мной, у выніку дзіця з ім па будоўлях цягаецца, — кажа яна. — Ну добра, я звяртаюся ў паліцыю. Куды далей гэта завядзе? Сацыяльныя службы адразу? У выніку дзіця ні з ім, ні са мной не будзе, таму што тут вырашаецца ўсё вельмі жорстка.

Паводле слоў Вольгі Гарбуновай, выпадкі хатняга гвалту сустракаюцца і ў асяроддзі былых палітвязняў, якія выехалі з Беларусі.

— Я нават размаўляла з жанчынай адной у Вільні, яна сцвярджае, што ў іх не было хатняга гвалту да 2020 года, але пасля таго, як яе муж падвергнуўся катаванням у жніўні 2020-га, як толькі яны апынуліся ў Літве, ён вельмі моцна змяніўся. Яны ўжо не жывуць разам, яна атрымлівае дапамогу як пацярпелая ад хатняга гвалту. Гэтыя гісторыі мяне вельмі хвалююць.