Хронікі рэпрэсій за 13 снежня

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, СМІ і тэлеграм-каналы прызнаюць «экстрэмісцкімі» матэрыяламі,  паведамляюць  праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • У Гродне ліквідавалі яшчэ адну літоўскую арганізацыю — Клуб «Гервячай»

Пазоўнік — Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Суддзя — Юрый Карэцкі.

Арганізацыя Клуб «Гервячай» была зарэгістраваная ў 1994 годзе ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёна. Раней яна арганізоўвала мерапрыемствы разам з Астравецкім райвыканкамам і пасольствам Літвы ў Беларусі, дапамагала выдаваць кнігі.

У Клубе «Гервячай» было 394 чальцы. Мэтамі абвяшчаліся супрацоўніцтва і ўмацаванне даверу і ўзаемаразумення паміж народамі Беларусі і Літвы, захаванне гістарычнай памяці і культуры. І нават было зазначана, што арганізацыя «падтрымлівае курс, які праводзіцца кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь».

  • Затрымалі пасля вяртання з-за мяжы: за што судзяць Аляксандра Кулікова?

У Магілёўскім абласным судзе 6 снежня распачаўся суд над магілёўцам Аляксандрам Куліковым, якога затрымалі ў чэрвені па вяртанні з Польшы. Мужчына з'ехаў за мяжу праз палітычны пераслед, але пазней сілавікі паабяцалі яму, што калі той вернецца, то яго не пазбавяць волі. Але ў выніку палітвязня затрымалі на мяжы і змясцілі ў СІЗА.

Праз два месяцы Аляксандра Кулікова асудзілі да 3 гадоў калоніі за каментары ў «экстрэмісцкіх» чатах. 

А нядаўна стала вядома, што Аляксандра зноў пачынаюць судзіць — нібыта за спробу далучыцца да палка Каліноўскага ва Украіне, а таксама за «праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці».

  • У Гомелі склалі самы вялікі пералік месцаў, дзе забаронена пікетаванне: а так можна было?

Адыёзнае рашэнне, якое тычыцца месцаў, забароненых для правядзення пікетавання, прыняў Гомельскі гарвыканкам 7 снежня. У параўнанні з выбарамі 2019 і 2020 гадоў былі істотна пагоршаныя ўмовы для збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў.

У пераліку — 11 пунктаў, якія ахопліваюць практычна ўсю тэрыторыю горада.

  • Фігуранта справы «Рабочага руху» Уладзіміра Жураўку перавялі на турэмны рэжым

Уладзімір — былы аператар дыстанцыйнага пульта кіравання цэху «Аміяк-3» на «Гродна Азот».

Уладзіміра Жураўку затрымалі 18 верасня 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»),  арт. 188 КК («Паклёп») і ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»). У лютым яго асудзілі да 15 гадоў калоніі.

Тэрмін Жураўку накіравалі адбываць у бабруйскую калонію. 

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 16 лістапада ў Бабруйску адбыўся суд па справе аб замене Уладзіміру рэжыму ўтрымання. Суддзя Павел Карцінін пастанавіў перавесці палітвязня ў турму. Ён будзе адбываць тэрмін у магілёўскай турме № 4.

  • За ўдзел у Маршах сваякоў асудзілі да «хатняй хіміі» 

Стала вядома, што 11 лістапада да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі» — асудзілі сваякоў Дзмітрыя і Вольгу Емяльянавых

Прысуд агучыла суддзя Алена Бушава.

Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у трох Маршах. Яны прызналі віну. Да вынясення прысуду Дзмітрый быў пад вартай. Вольга знаходзілася на волі пад закладам у памеры 11 тысяч 100 рублёў.

  • За «балабола» на адрас Лукашэнкі ў «Чаце Барадача» — адзін год калоніі

Суд Маскоўскага раёна Брэста 7 снежня  разгледзеў крымінальную справу Уладзіміра Лук'янчука, якога абвінавацілі ў публічнай абразе Лукашэнкі паводле паводле ч. 1 арт.368 КК. Справу разглядаў суддзя Яўген Брэган, дзяржабвінаваўца — Ганна Горбач.

Паводле абвінавачання, Уладзімір напісаў у тэлеграм-чаце «Чат Барадача» абразлівы каментар. У паведамленні Лукашэнка быў названы словам, якое азначае «балабол».

«Чат Барадача» некалі быў звязаны з праўладным блогерам Аляксеем Голікавым. Нагадаем, падчас пратэстаў 2020 года Голікаў асвятляў пратэсты з праўладных пазіцый. Затым ён заняўся «мяккай крытыкай» уладаў — пазней чат быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі», і ён знік з публічнага доступу альбо быў выдалены.

  • ГУБАЗіК за ўдзел у пратэстах затрымаў салігорца — у 2020-м ён быў падлеткам 

Падчас пратэстаў 2020 года юнаку было толькі 15 гадоў. На «палонным відэа» хлопца прымусілі «прызнацца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама ў напісанні каментароў у «экстрэмісцкіх» чатах.

  • Мінчука асудзілі за ўдзел у адной акцыі пратэсту. У якасці доказа выкарысталі яго «аператыўнае апытанне»

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 24 лістапада за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе асудзіў да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» Андрэя Бараноўскага. Такі прысуд вынесла Алена Бушава на падставе ч. 1 арт. 342 КК «(Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). У аснову прысуду як доказ віны Бараноўскага было пакладзена «аператыўнае апытанне» падчас агляду тэлефону, у выніку якога былі знойдзеныя падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і фотаздымкі з акцыі пратэсту. 

На працэсе Андрэй віну прызнаў, але ад дачы паказанняў адмовіўся.

Таксама падчас папярэдняга следства былі запытаны звесткі аб тэлефонных злучэннях абаненцкага нумара, які знаходзіцца ў карыстанні Бараноўскага, за перыяд з 1 жніўня 2020 года па 24 лістапада 2020 года.

  • На зямельны ўчастак праваабаронцы Леаніда Судаленкі наклалі арышт

Падставай для такіх дзеянняў стала адкрыццё 1 лістапада чарговай крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага праваабаронцы паводле арт. 361-4 КК («Іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), піша «Гомельская Вясна».

Нагадаем, учора стала вядома, што дома ў Судаленкі адбыўся ператрус.